Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў падчас галадоўкі на «хіміі» атрымаў другую вымову


Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

Палітвязьня рыхтуюць да чарговага суду.

Тыдзень галадае на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну гомельскі грамадзкі актывіст Юры Рубцоў. За гэта час ён перахварэў на прастуду і атрымаў другую вымову ад адміністрацыі ўстановы адкрытага тыпу № 7 — так афіцыйна называецца спэцкамэндатура ў Купліне.

Бестэрміновую галадоўку Юры Рубцоў пачаў 22 студзеня — на знак пратэсту: адміністрацыя спэцкамэндатуры ня можа забясьпечыць палітвязьня дэкляраваным у Беларусі сярэднім заробкам, які ў эквіваленце адпавядае 600 далярам. Таму й абвясьціў Рубцоў пратэстную галадоўку, на пачатку якой захварэў яшчэ й на прастуду:

«Здаецца, прастуда прайшла — цяпер лепей сябе адчуваю. Было вельмі дрэнна, але вось ужо другі дзень, як галава перастала балець і кашаль супыніўся. Да лекара не зьвяртаўся. Дзеля гэтага, як аказваецца, таксама трэба пісаць заяву на імя начальніка, і толькі зь яго дазволу можна ісьці да лекара. Але паколькі я адмовіўся пісаць любыя хадайніцтвы, то я папрасіў людзей, якія ходзяць у горад на працу, каб яны купілі мне таблеткі ад кашлю і галаўнога болю. Гэтыя пігулкі й піў. Антыбіётыкаў не прымаў».

Палітвязень апавядае, што восьмы дзень не спажывае ежу — толькі п’е ваду, па якую трэба ісьці ў Куплін, мэтраў за васямсот ад інтэрнату «хімікаў». Вада ў спэцкамэндатуры для спажываньня непрыдатная:

«Па ваду ідуць пад канвоем у саму вёску Куплін. Адрозьненьне толькі ў тым, што ў канвойнага няма карабіна. Там калодзеж, зь яго й бярэм ваду — і яе можна піць. А тая вада, якая цячэ па трубах у інтэрнаце, яе піць нельга. Такой вады я яшчэ ня бачыў: іржаўчына такая, што немагчыма».

Адміністрацыя камэндатуры ніяк не адрэагавала на галадоўку Юрыя Рубцова. Прыяжджаў, аднак, памочнік раённага пракурора Хвалько:

«Цікавіўся, б’юць мяне тут ці не. Я яму апавёў, што фізычнага ўзьдзеяньня на мяне няма — ні з боку адміністрацыі, ні ад нявольнікаў. Мяне вельмі ўразіў адказ памочніка на пытаньне аб тым, што інструкцыі гэтай установы пярэчаць Канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі прымусовая праца забароненая — яна можа прымяняцца толькі па рашэньні суду. А ў інструкцыі ўстановы № 7 сказана, што кожны нявольнік мусіць адпрацаваць на ўстанову за тыдзень 4 гадзіны бясплатна. І калі я яму пра гэта апавёў, памочнік адказаў, што рашэньне суду мае гэта на ўвазе. Вось гэта й выклікала вялікае пытаньне: а ці ёсьць у памочніка юрыдычная адукацыя?»

53-гадовы палітнявольнік паведаміў, што ў дзень прыезду памочніка пракурора яму вынесьлі другую вымову. Выглядае, што такім чынам адміністрацыя спэцкамэндатуры зьбірае матэрыял для чарговага суду:

«Нягледзячы на галадоўку, на мяне навешваюць парушэньні. У прысутнасьці памочніка пракурора начальнік атраду мне чарговы раз прапанаваў працу, ня ведаю кім, але з заробкам 3,8 мільёна рублёў. У прысутнасьці прадстаўніка пракуратуры я адказаў, што патрабую заробак у памеры 600 даляраў. Учора склалі паперу, што я адмовіўся ад працы — і на гэтай падставе мне абвясьцілі яшчэ адну вымову. Ужо дзьве вымовы ёсьць. Першая таксама нібыта за тое, што адмовіўся ад працы. Але ж ад працы я не адмаўляюся — адмаўляюся ад працы з заробкам, які прыніжае годнасьць чалавека».

Калі ёсьць тры вымовы, то мяне могуць зноў судзіць і перавесьці ў закрытую турму. Думаю, што гэтага яны й дамагаюцца

Палітнявольнік лічыць, што вымовы адміністрацыі камэндатуры патрэбныя, каб сабраць матэрыял на новы суд:

«Наколькі я ведаю са словаў тутэйшых сядзельцаў, калі ёсьць тры вымовы, то мяне могуць зноў судзіць і перавесьці ў закрытую турму. Думаю, што гэтага яны й дамагаюцца. Зыходзяць з таго, што я ня маю права адмаўляцца ад працы па накіраваньні. Аднак ня ўлічваюць патрабаваньня Канстытуцыі, што заробак павінен быць годны».

Яшчэ адно патрабаваньне, якое выстаўляе «хімік»-галадоўшчык: выдзеліць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазыцыі, каб тая магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыцьцё ў краіне. Рубцоў вельмі зьдзіўлены, што лідэры палітычных партыяў не падтрымалі гэтага патрабаваньня:

«Нашы палітычныя лідэры не падтрымалі галадоўку і не падалі пазовы ў суд да афіцыйных органаў улады з патрабаваньнем даць ім час у эфіры. Гэта мяне вельмі ўразіла. Гэта сьведчыць пра тое, што нашы палітычныя сілы ня маюць у ім патрэбы, не разумеюць усёй важнасьці прамога звароту да людзей у эфіры. А калі так, то яны й ня могуць лічыцца палітыкамі».

Па словах Рубцова, адзіны, хто адазваўся і пагадзіўся быць перамоўнікам з уладамі па яго патрабаваньнях, — гэта мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Сёньня ён мае сустрэцца зь Юрыем Рубцовым у Купліне.

У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў судзьдзі, назваў яго «падонкам».

Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць Рубцова як палітычнага вязьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG