Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна міратворчая спроба ў Менску — карабаская


Сьцяг Нагорнага Карабаху

Сьцяг Нагорнага Карабаху

Дыпляматы розных краін сабраліся ў беларускай сталіцы, каб паспрабаваць урэгуляваць застарэлы канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху.

У Менску знаходзяцца сустаршыні менскай групы АБСЭ па Нагорным Карабаху. Джэймс Ўорлік (ЗША), Ігар Папоў (Расея) і П’ер Андрыё (Францыя) прадстаўляюць тры краіны, якія ачольваюць «карабаскую» групу.

Разам зь імі ў Менску знаходзіцца і асабісты прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па нагорна-карабаскім канфлікце Анджэй Каспарчык.

Сёньня яны сустрэнуцца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Таксама ў замежных дыпляматаў заплянаваныя перамовы ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык:

«Падчас сустрэчаў плянуецца абмеркаваць актуальныя пытаньні дзейнасьці Менскай групы АБСЭ па ўрэгуляваньні нагорна-карабаскага канфлікту, а таксама магчымы ўнёсак Беларусі ў гэты працэс».

Менская група АБСЭ створаная ў 1992 годзе. Дзяржавы — сустаршыні групы — Расея, ЗША і Францыя, яе сябры — Беларусь як краіна, у якой у адпаведнасьці з рашэньнямі АБСЭ павінна прайсьці мірная канфэрэнцыя па ўрэгуляваньні нагорна-карабаскага канфлікту, а таксама Італія, Нямеччына, Турэччына, Фінляндыя, Швэцыя.

На пытаньне журналістаў, калі такое мерапрыемства можа адбыцца, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі адказаў:

«Перамовы цягнуцца сёньня і будуць працягвацца заўтра, але давайце ня будзем цяпер загадваць нешта канкрэтнае. Ня будзем сёньня казаць пра канкрэтную дату, як кажуць, „пад руку“ ўдзельнікам перамоваў».

Беларусь хоча зноў праявіць сябе ў ролі міратворцы, — тлумачыць актыўнасьць беларускай дыпляматыі менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«На тле нібыта пасьпяховай сустрэчы „нармандзкай чацьвёркі“, якая праходзіла ў Менску, кіраўніцтва Беларусі (магчыма, зьнешнепалітычнага ведамства, а магчыма, і ўсёй краіны) вырашыла выкарыстаць гэта. Адсюль і вынікае жаданьне працягнуць свае дыпляматычныя посьпехі.

Гэтую ініцыятыву высунуў на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя тагачасны беларускі міністар замежных спраў Краўчанка. Мэта ў яго была гэткая ж — прыцягнуць увагу сьвету да Беларусі.

Група была створаная. Яна атрымала назву „менская“. Але больш ад Менску там, мне падаецца, нічога не было. І ўжо больш за дваццаць гадоў ніякага дачыненьня да Беларусі тая група ня мела.

Я думаю, што і цяпер ніякіх значных зьменаў па гэтай праблеме не адбываецца. І гэта толькі новая спроба зноў заявіць пра сябе».

Спадар Фёдараў нагадвае гісторыю канфлікту:

«Справа ў тым, што абодва бакі лічаць Нагорны Карабах сваёй тэрыторыяй. З насельніцтва там больш армян. Але адметнасьць у тым, што Нагорны Карабах адрэзаны ад Армэніі і не мяжуе зь ёй.

І тады армянскія войскі „прабілі“ Лачыньскі калідор, захапілі 20% уласна азэрбайджанскай тэрыторыі. А затым з падтрымкай паўстанцаў Нагорнага Карабаху ўтварылі такую квазі-дзяржаву. Фактычна ніхто, нават Армэнія, афіцыйна яе не прызнаў. І вось да гэтага часу Армэнія гэтыя землі ўтрымлівае. А Азэрбайджан настойвае на іх вяртаньні.

Перамовы ідуць. Але ніякіх зрухаў пакуль не назіраецца».

Зь іншага боку, канфлікт не пераходзіць і ў ваенную фазу, бо за Армэніяй стаіць Расея з АДКБ, куды ўваходзіць і Беларусь. А за Азэрбайджанам стаіць Турэччына з НАТО, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Фармальна Беларусь, а найперш Расея, мусяць выступіць у абарону Армэніі. Аднак нядаўні візыт прэзыдэнта Аліева ў Анкару пацьвердзіў асаблівы статус дачыненьняў паміж Азэрбайджанам і Турэччынай па формуле: адзін народ — дзьве краіны.

Таму балянсаваньне на мяжы канфлікту працягваецца. І гэта асабліва выгадна Расеі. Ёй выгадна балянсаваць і прадаваць зброю, як Азэрбайджану, так і Армэніі. А гэта даволі вялікія грошы.

Я думаю, стан тлеючага канфлікту застанецца. І мы бачым, што ў такі ж тлеючы канфлікт Расея імкнецца ператварыць усход Украіны».

XS
SM
MD
LG