Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму «прачнуся» канфлікт вакол Карабаху?


Што стаіць за нядаўнім усплёскам гвалту вакол непрызнанага Нагорнага Карабаху? Якія шанцы на ўрэгуляваньне гэтага канфлікту? Адказы на гэтае пытаньне шукалі карэспандэнты Свабоды Карл Шрэк і Люк Джонсан.

У чым прадмет спрэчкі?

Азэрбайджан і Армэнія на працягу дзесяцігодзьдзяў знаходзіліся ў канфлікце адносна статусу Нагорнага Карабаху, гарыстай мясцовасьці, населенай амаль выключна этнічнымі армянамі, якая аднак знаходзіцца ў міжнародна прызнаных межах Азэрбайджану.

Савецкі ўрад абвясьціў гэтую тэрыторыю аўтаноміяй у складзе Азэрбайджанскай ССР у 1920 годзе. Але калі СССР пачаў распадаецца напрыканцы 80-х гадоў, высокая ступень напружанасьці вылілася ў шасьцігадовую вайну, падчас якой Карабах імкнуўся далучыцца да Армэніі. Самаабвешчаны ўрад рэгіёну абвясьціў незалежнасьць у аднабаковым парадку ў 1991 годзе. Прыкладна 30 тысяч чалавек загінулі ў выніку канфлікту, перш чым пры пасярэдніцтве Расеі ў 1994 годзе было дасягнутае пагадненьне аб спыненьні агню.

З таго часу Нагорны Карабах дэ-факта не падпарадкоўваецца Баку, хаця Азэрбайджан не адмаўляецца ад сувэрэнных правоў на гэтую тэрыторыю.

Так званая Менская група па Карабаху пад сумесным старшыняваньнем Францыі, Расеі і ЗША трактуе сытуацыю, як «замарожаны канфлікт».

На працягу 20 гадоў пасьля 1994 году на мяжы ўвесь час мелі месца сутыкненьні, якія, аднак, не перарасталі ў поўнамаштабную вайну.

Чаму гвалт пашырыўся цяпер?

Азэрбайджан заяўляе, што 13 яго салдатаў былі забітыя ў апошнія дні ў сутыкненьнях з «армянскімі дывэрсійнымі групамі». Самаабвешчаны ўрад Нагорнага Карабаху кажа, што некалькі яго салдат загінулі падчас адбіцьця нападу азэрбайджанскіх падразьдзяленьняў.

Узаемныя прэтэнзіі звычайна маюць цыклічны характар, тлумачыць Томас дэ Ваал, экспэрт па Паўднёвым Каўказе, старэйшы навуковы супрацоўнік праграмы па Расеі і Эўразіі Фонду Карнэгі.

«У цэлым гэтыя эпізоды маюць такую лёгіку, што адзін бок пачынае, іншы — адказвае, а потым пасьля некалькіх такіх узаемных крокаў вельмі цяжка зразумець, хто зьяўляецца агрэсарам, а хто не, таму што абодва бакі насамрэч зьяўляюцца агрэсарам», — кажа Томас дэ Ваал.

На што прэтэндуе кожны з бакоў?

Азэрбайджан лічыць Нагорны Карабах незаконна акупаванай тэрыторыяй, адзначаючы, што яго самаабвешчаны ўрад ня мае міжнароднага прызнаньня. Армэнія, тым часам, кажа, што Нагорны Карабах ня мае «ніякай будучыні ў складзе Азэрбайджана» і лічыць, што канфлікт павінен быць вырашаны шляхам «прызнаньня права нагорна-карабахскага народу на самавызначэньне».

Гэтае прызнаньне, хутчэй за ўсё, прывядзе да незалежнасьці ці ўзьяднаньня з Армэніяй. Насельніцтва Нагорнага Карабаху складае 145 тысяч чалавек, 95% зь якіх — этнічныя армяне.

Якія шанцы на ўрэгуляваньне?

Менская група па Карабаху заклікала прэзыдэнтаў Азэрбайджану і Армэніі «неадкладна прыняць меры, каб разрадзіць напружанасьць і выконваць пагадненьне аб спыненьні агню» і «аднавіць як мага хутчэй перамовы па мірным урэгуляваньні канфлікту».

Прэзыдэнты дзьвюх краінаў сустракаліся ў лістападзе мінулага году, але пэрспэктывы вырашэньня канфлікту ўяўляюцца туманнымі, кажа экспэрт Томас дэ Ваал: «Там, здаецца, нулявы давер адзін да аднаго. Так што ёсьць цень мірнага працэсу, але гэта ня мае ніякага практычнага значэньня».

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў 4 жніўня, што прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін правядзе перамовы з прэзыдэнтамі Армэніі Сержам Саргсянам і Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у Сочы ў канцы гэтага тыдня. Ён дадаў, што Пуцін спачатку пагаварыць зь лідэрамі асобна, перш чым спрабаваць склікаць трохбаковыя перамовы.

Аднак Наўруз Мамедаў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аліева, заявіў у інтэрвію азэрбайджанскаму тэлебачаньню 4 жніўня, што не было ніякага рашэньня наконт таго, што азэрбайджанскі лідэр паедзе ў Сочы.

Якія шанцы на вайну?

Міністар абароны Армэніі Сэйран Аганян заявіў 4 жніўня, што, ня гледзячы на нядаўні ўсплёск гвалту, Эрэван ня верыць, што канфлікт будзе абвастрацца ў сапраўдную вайну.

Томас дэ Ваал згодна з гэтым меркаваньнем. Паводле яго Азэрбайджан ня ў тым ваенным стане, каб весьці вайну. Да таго ж ключавое значэньне мае пазыцыя Расеі, адносіны якой з Армэніяй зараз як ніколі шчыльныя.

Паводле экспэрта, мэта Баку — падтрыманьне пэўнага ўзроўню нестабільнасьці, але ня больш за тое. Аднак застаецца небясьпека эскаляцыі канфлікту ў больш маштабны.

XS
SM
MD
LG