Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына «спыняе ўсе дачыненьні» з кандыдатамі Падголам і Таўстыкам


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Да завяршэньня парлямэнцкай кампаніі застаецца паўмесяца. Сёньня ў чарговым аглядзе Свабоды — пра некаторыя цікавыя эпізоды з гэтых выбараў.

Давераная асоба кандыдата ад БХД заявіла пра імпічмэнт Лукашэнку

Выбарчае заканадаўства дазваляе ўдзельнічаць у тэледэбатах ня толькі самім прэтэндэнтам на месцы ў Палаце прадстаўнікоў, але і іх давераным асобам. Гэтым скарыстаўся сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Ён удзельнічаў у запісе тэледэбатаў актывісткі БХД Тацяны Шамбалавай, якая балятуецца па Крычаўскай акрузе № 83.

«Падчас запісу галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі „Магілёў“ Андрэй Скорабагатаў фактычна зрываў мой выступ, — распавёў Свабодзе спадар Рымашэўскі. — Пасьля таго як я заявіў, што галоўнай задачай незалежнага парлямэнта павінен стаць імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку і абмежаваньне тэрмінаў прэзыдэнцкага праўленьня для адной асобы, спадар Скорабагатаў, у парушэньне заканадаўства, пачаў мяне перабіваць і гаварыць паралельна з выступоўцам. Пры гэтым таймэр, які фіксаваў час майго выступу, не спыняўся. А кожнаму кандыдату даецца роўна па пяць хвілін эфіру. У дэбатах таксама ўдзельнічала праўладная кандыдатка, увесь мэсыдж якой зводзіцца да таго, што ў парлямэнце яна будзе выконваць дырэктывы Лукашэнкі. Безумоўна, што ёй ніхто не перашкаджаў выступаць».

Тацяна Шамбалава ўжо заявіла, што будзе падаваць скаргу ў акруговую камісію, бо вядучы тэлебачаньня, на яе думку, груба парушыў нормы заканадаўства:

«Яго паводзіны прадэманстравалі, што ў нас няма тэлебачаньня, у нас ёсьць прапагандысцкія каналы».

Ярмошына спыніла перапіску з двума зарэгістраванымі кандыдатамі ад Партыі БНФ

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла вылучэнцам у дэпутаты ад партыі БНФ Уладзімеру Падголу і Аляксандру Таўстыку, што больш ня будзе адказваць на іх супольныя лісты. Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў кандыдат па Старавіленскай выбарчай акрузе ў Менску спадар Падгол:

«Нас з Алесем абурыла заява старшыні ЦВК пра тое, што кандыдаты ў дэпутаты не павінны займацца палітычнымі праблемамі, што ім нельга прапагандаваць ідэі партыі. Зь яе словаў выцякае, што кандыдат мусіць толькі агітаваць за сябе, і ня болей.

На гэта Таўстыка і я напісалі супольны ліст на імя Ярмошынай і генэральнага пракурора краіны. Мы там пішам, што няхай старшыня ЦВК пачытае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Там адзначаецца, што парлямэнт нашай краіны вырашае важнейшыя пытаньні вонкавай і ўнутранай палітыкі.

Ад генпракурора адказу мы не дачакаліся. А спадарыня Ярмошына нам напісала. Але па сутнасьці пытаньня адказу не было. Толькі напісана, што калі вы будзеце праводзіць свой пікет так, як зьбіраецеся, то вам вынесуць папярэджаньне.

Мы напісалі другі ліст, у якім адзначылі, што пасада старшыні Цэнтравыбаркаму не дае права трактаваць Канстытуцыю так, як ёй хочацца. На гэта таксама прыйшоў адказ. Але для нас вельмі дзіўны — спадарыня Ярмошына піша, што спыняе з намі ўсякія дачыненьні».

Кандыдат ад «Гавары праўду» ідзе да міністра

Мікалай Камароўскі
Мікалай Камароўскі

Найстарэйшы ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, 65-гадовы Мікалай Камароўскі, былы старшыня Рагачоўскага гарвыканкаму, у пятніцу ідзе на прыём да міністра эканомікі Ўладзімера Зіноўскага, пра што і распавёў Свабодзе:

«Міністар прыяжджае ў Рагачоў. Хачу абмеркаваць, якія меры прадугледжаныя для разьвіцьця рэгіёну, што мяркуецца зрабіць для ажыўленьня прадпрыемстваў нашага гораду. Для нас гэта сурʼёзная праблема, бо прастойваюць такія буйныя прадпрыемствы, як „Дыяпраектар“ і малочна-кансэрвавы завод.

У акрузе мы пакуль правялі толькі два пікеты. Падрыхтавалі для іх невялікую колькасьць улётак. Шчыра кажучы, не магу сказаць, што пікеты — эфэктыўны сродак прыцягненьня выбарцаў. Таму буду раіцца са сваёй камандай, ці ёсьць сэнс праводзіць іх у далейшым.

Апошняя навіна тычыцца майго лякальнага праекту — добраўпарадкаваньне набярэжнай Дняпра. Улады далі пісьмовы адказ: пагадзіліся, што ідэя добрая, але пішуць, што фінансаваньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі мясцовай улады. Так што будзем працягваць наш праект».

Кандыдат ад партыі БНФ праз тэлевізар паабяцаў даваць рэгулярныя справаздачы аб працы дэпутата

На тле амаль 50 прэтэндэнтаў ад партыі БНФ іхны калега Васіль Астроўскі — кандыдат у дэпутаты па Дамброўскай выбарчай акрузе № 103 у Менску — істотна вылучаецца. Ён — дырэктар «ОстКом-Адзігітрыя», старшыня рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Менгарвыканкаме і сябра аналягічнай рэспубліканскай рады. У 2015 годзе даход кандыдата склаў больш як 420 мільёнаў рублёў.

У сваім выступе па тэлебачаньні спадар Астроўскі патлумачыў, што не ідзе ў дэпутаты, каб рабіць карʼеру і ўзбагачацца за кошт дзяржавы:

«Усё неабходнае ў мяне ёсьць. Іду з-за трывогі за лёс Беларусі... Усе стаміліся ад самаўпраўства чыноўнікаў, міліцыі, сьледчых органаў, ад хлусьні, страху, запалохваньня. На кожным кроку людзі кажуць: надакучыла, дасталі. Трэба тэрмінова абнавіць парлямэнт, яго склад».

Спадар Астроўскі абвінаваціў дэпутатаў ад улады ў пагаршэньні дабрабыту беларусаў:

«Усе, хто прымаў законы супраць чалавека, якія дазволілі нас рабаваць, якія давялі нас да паловы жабрацтва, павінны сысьці. Дэпутаты ад улады паставілі пэнсіянэраў у жабрацкае становішча, а прадпрымальнікаў на калені, давялі моладзь да безвыходнасьці. У страшным становішчы знаходзяцца нашы будаўнікі. Увесь мэдпэрсанал, настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў — усе яны ў зневажальна жабрацкім становішчы».

Кандыдат у дэпутаты паабяцаў выбарцам рэгулярна даваць справаздачу аб сваёй працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG