Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Япрынцаў пра Юрыя Чыжа: Са здраднікамі не кантактую


Уладзімер Япрынцаў у першыя хвіліны пасьля вызваленьня ў жніўні 2016 году

Уладзімер Япрынцаў у першыя хвіліны пасьля вызваленьня ў жніўні 2016 году

Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула ў сіле прысуд Цэнтральнага раённага суду Менску адносна былога намесьніка гендырэктара «Трайпла» Ўладзімера Япрынцава і бізнэсмэна Аляксандра Арабяна. Вырак сыну Япрынцава Казьбеку зьменены толькі ў тым, што яму пакінулі кватэру ў Менску. А ў астатнім прысуд суду першай інстанцыі таксама застаўся бязь зьмены.

23 жніўня Казьбек Япрынцаў і Аляксандар Арабян былі прызнаныя вінаватымі ў махлярстве і асуджаныя на 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Таксама 29 лістапада калегія Менскага гарадзкога суду разгледзела касацыйныя скаргі на прысуд пацярпелых у справе Рабцэвіча, Савяка і Міхневіча. Цэнтральны раённы суд Менску не задаволіў іхнія пазовы да бацькі і сына Япрынцавых, а таксама да Арабяна, пакінуўшы пацярпелым права зьвяртацца па кампэнсацыю ў грамадзянскім парадку. Менгарсуд гэтае рашэньне пацьвердзіў.

Усяго пацярпелыя патрабавалі вярнуць ім амаль 30 мільёнаў даляраў. Сёньня ў судзе стала вядома, што жонка Казьбека Япрынцава перадала 20 тысяч даляраў — частку мужавага доўгу — вядомаму былому спартоўцу Андрэю Міхневічу. Усяго Япрынцаў-малодшы вінен яму 440 тысяч даляраў.

Пасьля пастановы суду Ўладзімер Япрынцаў адказаў на пытаньні журналістаў.

Ён не хаваў расчараваньня рашэньнем калегіі Менскага гарадзкога суду, але сказаў, што пакуль ня вырашыў, ці будзе падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. «Трэба параіцца з адвакатам», — сказаў Япрынцаў-старэйшы.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці не аднавіў ён кантактаў з былым партнэрам па валоданьні «Трайплам» Юрыем Чыжом, Уладзімер Япрынцаў адказаў:

— А хто гэта? Той, хто мне быў сябрам, каго я любіў, як брата, — на жаль, яго ўжо няма. А чалавека, які цяпер у ягоным абліччы, я ня ведаю. Хаця — шкада мне яго. Канечне, цяжка яму будзе далей.

— Ці засталіся ў вас яшчэ прадпрыемствы?

— Так, засталіся. Цяпер усім зразумела, што я не махляр, не рабіў нічога злачыннага, і цяпер будзем дзейнічаць, як дазволіць сытуацыя. А наконт маёй часткі ў «Трайпле» — гэта злашчасная частка, хай яны зь ёй жывуць.

— Ці праўда, што вы прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку перадаць вам у кіраваньне футбольны клюб «Дынама»?

— Не, гэта глупства, я б тады зьвярнуўся, каб мне БелАЗ перадалі... Было, што да мяне зьвярталіся з Фэдэрацыі футболу з прапановай паказаць, якой бачу канцэпцыю разьвіцьця клюбу, дык я напісаў. Пра вынікі пакуль ня ведаю. Але лічу, што «Дынама» павінен утрымліваць той, хто валодае 70% клюбу, а ня гэтак...

— Сёньня ў суд вашага сына Казьбека не прывезьлі. Што пра яго вядома?

— Ён у каранціне, у 15-й калёніі ў Магілёве. На ўмовы ня скардзіцца. Мяркую, у блякадным Ленінградзе было горш. Казьбек — сапраўдны мужчына, ён вытрымае.

Уладзімера Япрынцава Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў вінаватым паводле 1 часткі 405 артыкула Крымінальнага кодэксу (раней не абяцанае ўкрывальніцтва) і прысудзіў яму штраф у 500 базавых велічынь — каля 5,4 тысячы даляраў. Зь сёньняшняга дня лічыцца, што прысуд набыў сілу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG