Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як даўней беларусы на пэнсію ішлі?


А колісь — у якім узросьце беларусы кідалі працаваць і чым пасьля займаліся? Як выглядала, так бы мовіць, іхняя пэнсія? І ці былі яны шчасьлівыя, дажываючы свой век?

Беларускія ўлады кажуць пра неабходнасьць павелічэньня пэнсійнага ўзросту. Маўляў, насельніцтва старэе, бюджэт ня можа яго пракарміць. Выглядае, што да сваёй сьмерці беларусам давядзецца працаваць даўжэй, а адпачываць карацей. Але — наколькі? І ці будзе ад гэтага жыцьцё састарэлых больш забясьпечаным і абароненым? А колісь — у якім узросьце беларусы кідалі працаваць і чым пасьля займаліся? Як выглядала, так бы мовіць, іхняя пэнсія? Хто клапаціўся пра іх? І ці былі яны шчасьлівыя, дажываючы свой век?

Гутакрка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Ніхто ня хоча, каб яго лічылі старым, кожны чалавек адчувае ці хоча адчуваць сябе маладым. Пра ўзрост пытацца ў чалавека лічыцца дрэнным тонам. І ў той жа час бальшыня людзей хочуць як мага хутчэй пайсьці на пэнсію — натуральна, калі грашовае вымярэньне пэнсіі дазваляе на яе годна жыць. Выйсьце з гэтай супярэчнасьці — у разуменьні адпаведнасьці гадоў чалавека ягонаму фізычнаму ды разумоваму стану. Дык калі чалавека можна лічыць старым? Ці ёсьць дакладная мяжа ў чалавечым жыцьці? Як разумелася гэта даўней і цяпер?

Тацяна Валодзіна: Пераход да старасьці залежыць і ад канкрэтнай гістарычнай эпохі, і ад фізіялягічных асаблівасьцяў кожнага чалавека. Кажуць нават пра біялягічную і псыхалягічную старасьць. Але што тычыцца колішняй традыцыі, пачатак старасьці пазначала жаніцьба малодшага зь дзяцей. Дзядулем і бабуляй станавіліся яны раней, калі нараджалася немаўля ў старэйшага сына альбо дачкі. З гэтага часу і пачыналася іх апошняя і найважнейшая функцыя — выхаваўчая. Старасьць у народным разуменьні — ня толькі ўзроставы адрэзак, які набліжае да канца жыцьця, але пэўная катэгорыя, напоўненая асаблівымі сакральнымі сэнсамі. Адыход ад актыўнай гаспадарчай дзейнасьці суправаджаўся ўзмацненьнем духоўнай кампанэнты існаваньня старога чалавека, калі ягоны сацыяльны статус ня проста падвышаўся, але ўваходзіў у плашчыну маральнага і каштоўнаснага.

Ракіцкі: Калі людзі раней старэлі — тады ці цяпер? Тады — не было лекаў, але была лепшая экалёгія. Цяпер ёсьць лекі, але — дрэнная экалёгія, большыя нагрузкі на псыхіку...

Валодзіна: Вось тут і варта казаць пра фізіялягічную і псыхалягічную старасьць. Як тэндэнцыя — фізычна слабелі значна раней, захоўваючы сьветлы розум і памяць. Памяць, бо ўсе веды, вопыт, уся інфармацыя зьмяшчаліся толькі ў памяці, без аніякіх сёньняшніх падказак у выглядзе кніжак ці інтэрнэту. Разам з тым у этнаграфічных апісаньнях даволі шмат згадак пра моцных дзядоў, якія ў вельмі паважным узросьце ўпраўляліся з самай цяжкой і складанай працай. У адной з экспэдыцыяў мне давялося пачуць ад адной суразмоўніцы пра яе бацьку, які, цягнучы сена дадому на кані, калі з возам трапляў на выбоістую дарогу, дык распрагаў каня, упрагаўся сам і казаў: «Ну што я буду каня губіць?» — і цягнуў воз далей.

Ракіцкі: Дык у даўнія часы людзі працавалі, аж пакуль маглі? Пакуль не паміралі, упрэжаныя ў воз, ці ў баразьне, выбіраючы буракі?

Валодзіна: Так, працавалі, пакуль маглі. Але з гадамі якасна мянялася самая праца. Чалавек актыўна займаўся гаспадаркаю — араў, касіў, вазіў, малаціў — пакуль не пажэніць апошняга сына. Затым уся гэтая праца пераходзіла да маладзейшых, а ён сам большую частку свайго часу аддаваў рамесным заняткам і дробным клопатам па гаспадарцы. Што тычыцца жанчыны, дык на яе фактычна ўзвальваўся ўвесь цяжар па выхаваньні дзяцей. І менавіта стары чалавек быў гаспадаром у хаце.

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна
Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Ракіцкі: У сучасным сьвеце людзям, пасьля дасягненьня вызначанага дзяржавай пэнсійнага ўзросту, ці пачатку старасьці, плацяць пэнсію. А як, на што раней жылі старыя? Таксама нейкая была «пэнсія»? Хто ўтрымліваў старых? Што чакала старога?

Валодзіна: Пры разьдзеле сям’і састарэлыя бацькі заставаліся жыць часьцей у малодшага з сыноў. Пры гэтым стары атрымліваў частку маёмасьці і надзел зямлі, як казалі, «на пракармленьне», якія і перадаваў сыну. Але згодна са звычаёвым правам дзядуля ня мог самастойна распараджацца ні маёмасьцю, ні зямлёй. Значна горшае было становішча тых старых, што дажывалі ў зяця, пляменьніка ці чужых людзей. Іх дражнілі «дажывотнікамі», «запечнікамі» і часам проста мірыліся зь іх існаваньнем.

Ракіцкі: Грашовая пэнсія — гэта толькі адзін бок мэдаля. У сучасным беларускім грамадзтве, сучаснай дзяржаве вельмі часта пэнсіянэры выкінутыя з сацыяльна-культурнага жыцьця. Іхны жыцьцёвы досьвед, іхная мудрасьць незапатрабаваныя. Старасьць не заўсёды прымаецца за эталён мудрасьці. Як было раней, прыкладам, у архаічным грамадзтве?

Тацяна Валодзіна
Тацяна Валодзіна

Валодзіна: Гэта этналягічная ўнівэрсалія, якая тычыцца практычна ўсіх народаў сьвету, што старых забівалі. Ва ўсялякім разе, нават калі не забівалі фізычна, дык выкідвалі па-за межы свайго сьвету. Натуральна, цяпер гэта ўспрымаецца на ўзроўні легенды. Ёсьць ускосныя зьвесткі пра такія звычаі і ў беларусаў. Старых садзілі на санкі або на вазкі і спускалі з высокай гары. Яны ляцелі ўніз і, натуральна, забіваліся. Альбо на заходнім Палесьсі да нядаўняга часу расказвалі пра такі звычай — «лапатнае», калі старога чалавека забівалі хлебнаю лапатай. Ва ўсіх гэтых легендах процьма міталягічных сэнсаў. Так, тут хлебная лапата — сымбаль нараджэньня новага хлеба.

А вось яшчэ адна гісторыя, запісаная Аляксандрам Сержпутоўскім:

«У вадном мейсцы быў абычай — дабіваць старых людзей, каб яны дарэмна ня елі хлеба, калі не магуць рабіць. Часам і самі старыя людзі прасіліса, каб іх дабілі, бо ведама, ім цяжко было лупаць ачыма, чакаць, пакуль ім дадуць есьці або піць. От жыў адзін чалавек, і было ў яго многа дзяцей, да ўсе ўдалыя, добрыя. Саўсім састарэўса бацько, а яны яго слухаюць, шануюць. Але от давай суседзі прыставаць, каб яны дабілі свайго бацька дармаеда, бо ён ужо вельмі стары і ні к чому ня гож. Шкода дзецям старэнькага бацька. І схавалі яны яго ў пограб ды насілі яму туды есьці й піць».

Далей легенда апавядае пра тое, што здарылася вялікая засуха, прапала збожжа і пачаўся голад. Людцам нечага было ні есьці, ні чым засеяць поле. І тады стары бацька параіў сыну разабраць саламяную страху ды пакласьці салому ў ворыва. З тых зярнятак і ўратаваліся людцы, і ўсе разам пачалі дзякаваць старому за параду. Як рэзюмуе легенда: «От з тае пары годзі дабіваць старых людзей, а пачалі ім служыць, даглядаць іх да шанаваць». Гэтая легенда засьведчыла, што старых зь цягам часу перасталі забіваць і да іхніх думак пачалі прыслухоўвацца.

Ракіцкі: Можна казаць, што існавалі розныя стадыі стаўленьня да старых?

Тацяна Валодзіна
Тацяна Валодзіна

Валодзіна: Сапраўды, такія факты і іх легендарнае ўвасабленьне толькі пазначаюць этапы стаўленьня да старых і продкаў, пераход ад адной стадыі культу продкаў да наступнай. У нашай легендзе зафіксаваны той узровень разьвіцьця, пры якім жыцьцёвы вопыт старэйшага пакаленьня мае асаблівую каштоўнасьць. Старыя-старэйшыны набываюць значную вагу ў грамадзтве, прызнаецца іх права на кіраваньне. Пасьля таго як стары чалавек заставаўся жыць у хаце, ён набываў ужо новыя функцыі: не араць, не касіць, а трымаць парадак у хаце. Менавіта таму ў вобразе старога чалавека ў легендах, казках, звычаях, паданьнях, гэта значыць — увогуле ў духоўнай культуры, паўстае мудрэц і нават Бог.

Дзед — рэгулярнае абазначэньне галоўных пэрсанажаў гульнёва-абрадавых дзеяў, жабрака і Бога. Дзедам называюць і вясковага знахара. Дамiнавальнай прыкметай усіх гэтых вобразаў выступае судачыненьне са сьветам памерлых, са сфэрай звышнатуральнага, і зьвязаныя з гэтым мiталягiчныя адценьнi. Як гэта ні дзіўна, ці, наадварот, заканамерна, менавіта ў абліччы такога старэнькага, маленькага, у зрэбнай кашулі дзядка з доўгай сівой барадой прыходзіць Бог альбо зьяўляюцца самі продкі.

Ракіцкі: Але чаму старыя людзі зь неахвотай ідуць дажываць век у дамы састарэлых? Ці толькі таму, што не найлепшыя там умовы? Але ж часам іхныя хатнія ўмовы яшчэ горшыя, і няма каму іх даглядаць.

Валодзіна: Шчырая праўда. Не хацелася б так гаварыць, але часам сёньняшнія дамы састарэлых, асабліва правінцыйныя, прымушаюць узгадаць мэтафару, што сын спусьціў бацьку на санях з гары альбо схаваў бацьку ад людзей у склеп. Менавіта ў дамах састарэлых у Беларусі стары чалавек абсалютна і цалкам выкідаецца з сацыяльна-культурнага жыцьця. Мне даводзілася часта бываць у беларускіх правінцыйных дамах састарэлых у часе фальклёрных экспэдыцыяў. У размовах ні разу ад нікога са старых людзей я ня чула нараканьняў на ўмовы ўтрыманьня, што няма чаго есьці, ці што там холадна, ці брудна. Скардзіліся на дзяцей, якія іх сюды здалі ці якія не наведваюць. І вось гэта паказвае на цэльнасьць, непарыўнасьць патрыярхальнай сям’і. Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі — і да, і ў часе, і пасьля вайны, калі нават есьці не было чаго, стары чалавек усё ж не выпадаў з роднага асяродзьдзя, у ім была патрэба. Напрыклад, глядзець унука, нешта падказаць сыну, сплесьці кошык. Старыя бабы скублі пер’е, даглядалі скаціну. Да апошняга ўздыху стары чалавек заставаўся патрэбным.

Хатынічы Дзяды. Фота Міахася Раманюка
Хатынічы Дзяды. Фота Міахася Раманюка

Ракіцкі: У беларускай традыцыі быў вельмі пашыраны культ продкаў. Ці не згубілі беларусы яго?

Валодзіна: Можна сказаць, што ўжо пачаўся працэс губляньня. Але нават сёньня гарадзкія жыхары — урбанізаваныя, глябалізаваныя, начытаныя — усё адно, як толькі радаўніца, разьлятаюцца па ўсёй Беларусі. Яны едуць на могілкі нават у чарнобыльскую зону. Замежнікі дзівяцца: як можна туды ехаць? А беларусы едуць. Едуць, каб пакланіцца продкам. Усе звычаі памінаньня продкаў, дзядоў — гэта ня столькі даніна традыцыі, колькі жаданьне чалавека пагаварыць з памерлымі, штосьці ўспомніць, нечым падзяліцца. Магчыма, сёньня мы ня столькі ў памерлых просім дапамогі ці парады, колькі выліваем ім сваю бяду. Беларусы вераць, што памерлыя дзесьці побач, яны не адляцелі некуды далёка, што зь імі можна, нібы праз шкло, пагаварыць, падзяліцца. Гэта вельмі характэрна для нашай традыцыі, нават у сёньняшнім яе варыянце.

Ракіцкі: У гэтым сэнсе беларусы вызнаюць глябальныя нормы — ці маюць сваю адметнасьць? І ці ня згубіцца яна ў гэтым глябальным працэсе падзеньня ўзроўню маральнага стаўленьня да старых?

Валодзіна: Не. Беларусь усё ж, нават у параўнаньні з суседнімі краінамі, у сваім паважлівым стаўленьні да продкаў калі не выключэньне, дык вартае ўвагі месца. Ну, а ў тым, як мы ставімся часам да сваіх бацькоў, да старых увогуле, нам варта было б пераняць вопыт заходніх краінаў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG