Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я прапаную ў прынцыпе адмяніць выбары», — Стэфановіч пра заяву Ярмошынай аб рэфэрэндуме


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што рэфэрэндум аб павелічэньні тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы».

У інтэрвію БелаПАН Лідзія Ярмошына сказала:

«Сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы. І яе рэалізацыя ў пэўным пляне магла б спрыяць стабільнасьці грамадзтва і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч заявіў, што мае сустрэчную прапанову.

«У мяне ёсьць сустрэчная прапанова для Лідзіі Ярмошынай. Я зь ёй абсалютна згодны, што павелічэньне тэрміну прэзыдэнцтва зь пяці да сямі гадоў прывядзе да пэўнай эканоміі сродкаў, якія трацяцца на выбары, і дасьць больш стабільнасьці для нашага грамадзтва. Я цалкам з гэтым згодны. Я нават прапаную больш. Я прапаную ў прынцыпе адмяніць выбары. Гэта будзе яшчэ больш спрыяць стабільнасьці ў грамадзтве. Ня трэба будзе штораз зганяць студэнтаў на выбары, адцягваць ад працы дырэктараў прадпрыемстваў, каб арганізоўваць гэтую яўку і зноў заганяць гэтых рабочых на выбары. Будзе вельмі добрая эканомія сродкаў. Толькі трэба на рэфэрэндуме спытацца, ці згодныя вы, каб прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь пажыцьцёва быў Аляксандар Лукашэнка. І ўнесьці ў бюлетэні два варыянты адказаў: „так, ня супраць“ і „не, ня супраць“. І я думаю, што гэта будзе значна спрыяць стабільнасьці ў грамадзтве».

На пытаньне, ці мае рацыю Ярмошына, калі кажа, што гэта не супярэчыць міжнароднай практыцы, Стэфановіч адказаў так:

«Сама прапанова, можа, і не супярэчыць сусьветнай практыцы. Але пры наяўнасьці адной і той жа асобы пажыцьцёва пры ўладзе адназначна дэмакратыяй назваць такое складана. І з гэтага пункту гледжаньня я ня бачу сэнсу — пяць гадоў, сем гадоў ці дваццаць адна і тая ж асоба знаходзіцца пры ўладзе. У гэтым сэнсе гэта нейкая бессэнсоўная прапанова. Таму я і прапаную выбары адмяніць, таму што гэта будзе вельмі значнай эканоміяй сродкаў у краіне. І зробіць грамадзтва стабільным — канчаткова».

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды гэтую заяву, былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў:

«Я не лічу спадарыню Ярмошыну старшынёй нармальнага Цэнтравыбаркаму. Я не лічу гэтую інстытуцыю сапраўднай выбарчай камісіяй, як не лічу беларускія выбары сапраўднымі выбарамі. Адпаведнае і стаўленьне да спадарыні Ярмошынай. Я лічу, што на знак удзячнасьці за атрыманыя месцы ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі кіраўніцтва ЛДПБ вырашыла дагадзіць і выступіла з гэтай прапановай. Магчыма, гэта таксама і зандаж. Я ня веру, што гэтае пытаньне будзе вынесена на рэфэрэндум, таму што цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім эканамічным становішчы, расьце сацыяльная напружанасьць. І палітызаваць грамадзтва ў гэты час, тым больш прасоўваючы ідэю аб павелічэньні тэрміну паўнамоцтваў цяпер ужо відавочна непапулярнага кіраўніка дзяржавы, якога большасьць ужо ненавідзіць, — гэта варʼяцтва. Яны на гэта ня пойдуць. А калі пойдуць, то тут наступствы малапрадказальныя. Гэтая палітызацыя можа прывесьці да вельмі шырокіх публічных праяваў незадаволенасьці зь невядомым канцом».

Лібэральна-дэмакратычная партыя прапанавала адначасова з выбарамі ў мясцовыя саветы ў 2018 годзе правесьці рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі. ЛДП прапануе перайсьці на прапарцыйна-мажарытарную сыстэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў чальцоў Савету Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў з чатырох да пяці гадоў, а прэзыдэнта — зь пяці да сямі гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG