Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: Неперакладзеная Біблія прыводзіць да недасфармаванай нацыянальнай сьвядомасьці


Беларуская навуковая грамадзкасьць рыхтуецца адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі айчыннай культуры — 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня. 6 жніўня 1517 году Францішак Скарына ў Празе надрукаваў Псалтыр, а потым амаль кожны месяц выдаваў новую кнігу Бібліі. І тым ня меней у наш час бальшыня народаў з разьвітымі культурамі маюць поўныя пераклады Бібліі на свае мовы з моваў арыгінальных, а ў беларусаў жа іх дагэтуль няма. Так сьцьвярджае доктар тэалёгіі, дырэктарка Беларускага калегіюму Ірына Дубянецкая. Дык чаму беларусы былі першымі ў гэтай справе, а засталіся апошнімі?

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: А ці варта ў сучасным сэкулярызаваным сьвеце ўвогуле клапаціцца пра пераклады Бібліі?

Ірына Дубянецкая: Зрабіць той самы цывілізацыйны зрух, які рабілі пераклады Бібліі зь іншымі народамі, ужо наўрад ці беларусам удасца. Цягнік, як кажуць, пайшоў. Але ў любым выпадку беларускім вернікам Біблія патрэбная, і гэтыя патрэбы ім могуць забясьпечыць пераклады перакладніцкіх камісіяў адпаведных цэркваў. Але, як мы з вамі ўжо казалі, Біблія — гэта асноўны тэкст заходняй цывілізацыі. Калі культура не засвоіла асноўны тэкст цывілізацыі, яна ня можа быць інтэграванай у гэтую цывілізацыю, яна ня можа пачувацца там вольна. Неперакладзеная Біблія прыводзіць да недасфармаванай нацыянальнай сьвядомасьці, Мы ня ведаем, ці зьменіцца сытуацыя пасьля перакладу Бібліі. Але мы ведаем, да чаго прыводзіць неперакладзеная Біблія.

Ракіцкі: Беларуская навуковая грамадзкасьць, выглядае, усур’ёз рыхтуецца да 500-годзьдзя перакладу Бібліі Скарынам і да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. А што можа і павінна зрабіць дзяржава?

Дубянецкая: Ёсьць такія рэчы, якія можа зрабіць толькі дзяржава. Напрыклад, ініцыяваць праз ЮНЭСКО сусьветны год Скарыны. Гэта будзе нялёгка зрабіць, бо 2017 год будзе годам 500-годзьдзя Рэфармацыі. Увесь сьвет да гэтага рыхтуецца. І каб гэты год яшчэ зрабіць годам беларускай Бібліі, паклапаціцца мусіць дзяржава. Супольнасьць гэтага ня можа ініцыяваць. Але супольнасьць таксама можа шмат зрабіць. І, як на маю думку, адна рэч, якая павінна абавязкова адбыцца, — гэта нейкі годны пераклад Бібліі на сучасную беларускую мову. Ясна, што поўнасьцю Біблія перакладзеная ня будзе, на гэта няма магчымасьцяў. Але важна, каб хоць нешта зрабілі, каб было бачна, што справа Скарыны працягваецца. Бачыце, мы пачалі аднымі з самых-самых першых, а апынуліся апошнімі. І, на жаль, мы можам канстатаваць, што беларуская мова, напэўна, адзіная тытульная мова нацыі, на якой дагэтуль няма паўнавартаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG