Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Колас: Адбылося забойства культуры


Кажуць, што выдавец — гэта чалавек, які займаецца выданьнем кніг не зь любові да кніг, а зь любові да грошай. Ці актуальны гэты афарызм для сучаснай Беларусі? У якім стане беларуская незалежная кнігавыдавецкая справа і якія ў яе пэрспэктывы? Якая, каму і ў якой колькасьці патрэбная беларуская кніга? На гэтыя пытаньні адказвае кнігавыдавец, перакладчык Зьміцер Колас.

Фрагмэнты перадачы:

— Вы — вэтэран незалежнага, прыватнага кнігавыдавецкага бізнэсу. Дарэчы, ужо колькі гадоў вы ў ім?

— Аж страшна сказаць — дваццаць пяць.

— Калі зірнуць на дынаміку накладаў беларускай кнігі, дык яны павялічыліся ці зьменшыліся за гэты час?

— Ясная справа, што наклады не растуць, а падаюць. З аднаго боку, падзеньне накладаў — гэта сусьветная зьява, бо мы цяпер жывем у новай сытуацыі, калі створаны інтэрнэт. На нашых вачох адбыўся такі самы цывілізацыйны выбух, як тады, калі Гутэнбэрг вынайшаў друкарскі станок. З другога боку, калі за гэтыя 25 гадоў наклады ў Беларусі ўпалі з 70–80 тысяч да пяцісот асобнікаў, то гэта адбываецца ня толькі ў зьвязку з тым, што адбылася інфармацыйная рэвалюцыя, а з тым, што проста адбылося забойства культуры.

— Як быць сёньня з шырока вядомым афарызмам, што выдавец — гэта чалавек, які займаецца выданьнем кніг не зь любові да кніг, а зь любові да грошай?

— Састарэлы афарызм. На жаль, ён не кладзецца на нашу сучасную сытуацыю. Я нават думаю, што ён хутка ня будзе класьціся ні на якую сытуацыю ні ў якай краіне, бо друкаваная кніга неўзабаве паўсюль ня будзе акупляцца.

— Зайздрасьць бярэ, калі я наведваю кнігарні ў Польшчы, Чэхіі, Славаччыне. Там перакладаецца і выдаецца на родных мовах практычна ўсё, што ёсьць вартага ў сьвеце. Дый у Літве, Латвіі, Эстоніі ўжо блізкая да гэтага сытуацыя. У нас такога ніколі ня будзе?

— У нас настолькі мала перакладной літаратуры выдаецца, што мы з кожным годам усё больш і больш адстаём ад сусьветнай культуры. У нас нават клясыка сусьветная не перакладзеная, не перакладзеныя і сучасныя шэдэўры. А ўжо прасачыць за тым, што выдаецца ў сьвеце штодня, мы ніяк не пасьпяваем. А зараз наконт вашага пэсымізму адносна Беларусі ў замежных кнігарнях. На мінулым тыдні мы выехалі на сустрэчы з чытачамі па Беларусі. Вось там нас напаткаў сапраўдны пэсымізм. Калі мы прыехалі ў Слонім, нам сказалі, што на ўвесь гэты горад засталася адна кнігарня. Мы нават разгубіліся ад таго, што ў гэтым старажытным культурным цэнтры Беларусі ўсяго адна кнігарня. А на наступны дзень мы паехалі ў Наваградак. А там няма ніводнай кнігарні. Мала таго, нам забаранілі сустрэчу з чытачамі, якая была прызначаная ў музэі. І кнігарні няма, і сустракацца з чытачамі нельга.

— У вас ад усяго гэтага не апускаюцца рукі? Вы будзеце працягваць займацца тым, што насамрэч не патрэбна гэтай дзяржаве і, напэўна, ужо і бальшыні насельніцтва гэтай краіны?

— Мяне не цікавіць, каму гэта трэба, каму гэта ня трэба. Мая задача такая: пакуль я жыву, я буду рабіць гэтую справу. Можа, беларуская культура памрэ. Можа, беларуская мова памрэ. Але не пры мне.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG