Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: «Я магу мець самыя радыкальныя погляды, але я не хачу бегчы паперадзе цягніка»


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» лідэр беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка адказвае на пытаньне, ці дасьпелі прадпрымальнікі да палітычных пратэстаў, чаму яны дагэтуль змагаюцца толькі за адмену аднаго ўказу, а таксама тлумачыць, чаму не жадае бегчы паперадзе цягніка.

«Прадпрымальнікі пакуль не гатовыя крычаць «далоў банду», «далоў Лукашэнку»

— Ці вы былі расчараваныя, што на вашу акцыю 14 сакавіка, якая была даволі цікавая і крэатыўная, прыйшло зусім няшмат народу? Колькасьць удзельнікаў акцыяў прадпрымальнікаў увогуле ўсталявалася на лічбе некалькі сотняў чалавек. Як вы гэта ацэніце?

— Я не расчараваны ў тых, хто прыйшоў. Але мне заўсёды хочацца большага. Мне хочацца, каб наш народ навучыўся думаць наперад. Калі мы навучымся прагназаваць пэўныя рэчы — тады будзе іншае жыцьцё. Вядома, калі б прыйшлі 10—20—30 тысяч чалавек да гэтага міністэрства, указ 222 быў бы адменены, і ўсё б закруцілася, прадпрымальнікаў бы запаважалі. У гэтым пляне мне шкада, што многія людзі як жылі, так і жывуць.

Але пазытыў ёсьць. Упершыню з 2010 году, калі ў грамадзтве быў пасеяны страх, людзі выходзяць на акцыю. І гэта зусім іншая справа — прыйсьці непасрэдна да Міністэрства па падатках і зборах. Гэта міністэрства для кожнага прадпрымальніка, які вельмі часта зь ім сутыкаецца. І мы ж ня проста прыйшлі туды. Мы прыйшлі з заявамі і перадалі іх з пазначэньнем гораду, прозьвішча, подпісаў — і гэтыя заявы ўтрымлівалі ўжо не прапановы, як раней, а патрабаваньні.

Таму гэта была моцная і па-добраму дзёрзкая акцыя. Калі ж казаць пра колькасьць — так, шкада, што многія людзі не разумеюць ступень адказнасьці перад будучыняй і што трэба праяўляць большую актыўнасьць.

— Многія прадпрымальнікі апалітычныя, не зусім звыклыя актыўна адстойваць свае правы. Маўляў, наша справа — бізнэс, а «бізнэс любіць цішыню». Ці ўдалося, як вы лічыце, пераламіць такую псыхалёгію, ці ўсё ж яны кажуць вам — «ну, ты тут змагайся за нас, а мы лепш застанемся ўбаку»?

— Рух у гэтым сэнсе ёсьць. У мяне ў «Аднаклясьніках» каля трох тысяч «сяброў». І калі былі акцыі, то пад кожным маім артыкулам было па дзьве тысячы лайкаў. У тым ліку пад артыкулам пра мітынг з фатаграфіяй Статкевіча. Яшчэ пару гадоў таму гэтага немагчыма было ўявіць.

Узровень палітычнай сьвядомасьці людзей мяняецца ў лепшы бок. Так, яны пакуль не гатовыя крычаць «далоў банду», «далоў Лукашэнку». Але, зь іншага боку, яны ўжо кажуць, што ўлада ня мае рацыі, яны палітычна зь ёй не пагаджаюцца. І яны пачынаюць паварочваць свае галовы ў бок палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. І вы маглі бачыць, што на акцыі 14 сакавіка гучалі ўхвальныя водгукі і воплескі, калі выступаў Статкевіч.

— Што азначае той факт, што вы аб’ядналіся зь Міколам Статкевічам? Вось напачатку вы не хацелі дапускаць на форум прадпрымальнікаў Тацяну Караткевіч, казалі, што палітыкі вам тут не патрэбныя. Але потым падаяце заяўку на мітынг разам зь Міколам Статкевічам. Гэта значыць, што адны палітыкі для вас добрыя і могуць вам дапамагаць, а іншыя вам не патрэбныя?

— Я адкажу так. Нам усім трэба навучыцца быць разборлівымі ў сувязях. Бо сувязі могуць быць такія, што потым не адмыесься. «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты». Для мяне Мікола Статкевіч — чалавек, які словам і справай даказаў сваю прыхільнасьць да тых ідэалаў, якія ён адстойвае. Гэта мужны і моцны чалавек, зь якім мне ня сорамна ісьці да людзей. Бо я гэтыя ідэалы таксама падзяляю. І калі побач са мной няма іншых палітыкаў — значыць, у іх іншыя ідэалы, і яны не падыходзяць майму духу.

«Я не хачу аддзяляцца і аддаляцца ад нашых людзей, ад нашага народу».

— Вы кажаце пра рост палітычнай самасьвядомасьці сярод ІП. Але якраз вас самога крытыкавалі за тое, што вашы прапановы і патрабаваньні даволі асьцярожныя, чыста эканамічныя. Што вы дабіваецеся толькі адмены гэтага злашчаснага ўказу — а не змагаецеся за больш свабодны і справядлівы рынак, за лепшыя заканадаўчыя ўмовы для прадпрымальніцтва.

— Разумееце, у чым праблема? Я не хачу аддзяляцца і аддаляцца ад нашых людзей, ад нашага народу. Калі я ўзначальваю арганізацыю і прадстаўляю інтарэсы гэтай групы людзей, я павінен мяняцца разам з гэтымі людзьмі. Калі я апярэджваю ці не даганяю іх, людзей, зь якімі я працую, у што я тады магу ператварыцца? У маргінала.

— То бок вы проста ня хочаце бегчы паперадзе цягніка?

— Так, цалкам слушна. Разумнічак! Апазыцыйныя палітыкі кажуць слушныя рэчы, але прарыву няма. Дык як чалавек я магу мець самыя радыкальныя погляды. Але каб мець падтрымку людзей — трэба ўлічваць меркаваньне людзей, іхнюю адукаванасьць, іхнія погляды. Бо заваяваць падтрымку вельмі складана, а страціць лёгка.

Навязваць свае ўласныя стандарты можна тады, калі ты моцны палітык і ў цябе ёсьць мэханізмы ўплыву. То бок калі ты ва ўладзе. А да гэтага апярэджваць час, апярэджваць падзеі — гэта значыць застацца аднаму. Таму, калі я кажу пра эканамічныя патрабаваньні — я кажу мовай большасьці нашых людзей, якіх адчуваю інтуітыўна.

Не сакрэт, што на апошняй акцыі на Кастрычніцкай мне некаторыя прадпрымальнікі казалі — «Мы прыехалі сюды вырашаць пытаньні ўказу № 222, а іх можа вырашыць толькі Лукашэнка. А мы крычым — „Далоў яго“. Як мы тады вырашым гэтае пытаньне?».

Усяму свой час, гэта эвалюцыйны шлях. Але ўсё роўна мы прыйдзем да меркаваньня, што так жыць у нашай краіне з гэтым прэзыдэнтам нельга, што патрэбныя перамены, якія будуць насіць палітычны характар. Гэта павінна прыйсьці ў сьвядомасьць кожнага беларуса — толькі тады будзе вынік.

— Часам людзі, якія нават разьбіраюцца ў вашых праблемах, кажуць, што працэс адміраньня ІП даволі натуральны, выкліканы разьвіцьцём грамадзтва і рынку. Іншымі словамі, вы проста нейкі тормаз на шляху разьвіцьця эканомікі, гэткі гістарычны рэлікт з 90-х.

— Так могуць разважаць неадукаваныя людзі, якія не разьбіраюцца ў сусьветнай эканоміцы. Я заканчваў эканамічны ўнівэрсытэт. Любы стартавы капітал зарабляўся гандлем, ён зьяўляецца ад хуткага абароту грошай. Ты зарабляеш грошы на «купі-прадай», і потым ужо інвэстуеш у больш складаныя формы бізнэсу.

Нашай краіне патрэбныя ўмовы для стварэньня такога стартавага капіталу. Каб ІП было не 250 тысяч, а мільён. З гэтага мільёна шанцаў, што ў нас зьявяцца свае Гейтсы і Джобсы, нашмат большыя.

Заўсёды трэба змагацца, не апускаць рукі. Я хачу пажадаць нашым палітыкам навучыцца палітычнай культуры. Калі вы бачыце, што нехта робіць нешта ня так, вам гэта не падабаецца — ня трэба паліваць брудам. Проста зрабіце лепш — тады ў нас усё атрымаецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG