Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы вырашылі скардзіцца на беларускія суды ў Жэнэву


Уладізмер Хільмановіч

Уладізмер Хільмановіч

У камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэнэве скаргі на рашэньне Сьвіслацкага раённага і Гарадзенскага абласнога судоў падаюць удзельнікі акцыі ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году, а таксама журналіст-фрылансэр.

Сёлета за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 года былі асуджаныя шэсьць чалавек з розных гарадоў Гарадзенскай вобласьці. Усіх асудзілі паводле міліцэйскага пратаколу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакаралі штрафамі ад 10 да 40 базавых велічынь.

Юры Глебік са Сьвіслачы, Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі з Горадні падавалі скаргу на рашэньне раённага суду ў абласны, але ў яе задавальненьні ім было адмоўлена. Сёньня ў Гарадзенскім абласным судзе разглядалі скаргу гарадзенца Ўладзімера Хільмановіча, і ягонай скаргі суд таксама не задаволіў.

Праваабаронца і публіцыст Хільмановіч, апэлюючы ў абласным судзе, заявіў, што да яго і ягоных сяброў у першай судовай інстанцыі няправільна прымянілі нормы закону, бо Сьвіслацкі суд нават не ўстанавіў факту правядзеньня мітынгу, а прыняў рашэньне толькі на падставе міліцэйскага пратаколу, у якім было запісана, што праводзілася несанкцыянаванае мерапрыемства.

Ён таксама настойваў на тым, што ўшанаваньне памяці нацыянальных герояў на Дзяды ня можа лічыцца несанкцыянаванай акцыяй, а што гэта традыцыя беларускага народу. Хільмановіч нават заявіў, што адгэтуль вынікае: у Сьвіслачы ня дзейнічаюць законы і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

Пасьля паседжаньня суду Хільмановіч заявіў Свабодзе, што далучаецца да сваіх сяброў і таксама будзе скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве.

— Ну ўявіце сабе, што судзьдзя абласнога суду Мікалай Рачынскі падчас разгляду маёй скаргі не задаў мне нават ніводнага пытаньня, бо юрыдычна мае пазыцыі абсалютна вывераныя. І, вядома, штрафаваць мяне за маю фізычную прысутнасьць у Сьвіслачы суд ня меў права. Суд не даказаў правядзеньня мітынгу і нават ня браўся гэтага рабіць.

Паводле Хільмановіча, яму і ягоным сябрам ужо надакучыла, што ў беларускіх судах правы чалавека практычна ігнаруюцца. Нягледзячы на розныя цяжкасьці, ён разам з сваімі аднадумцамі рашуча настроены падаваць скаргі на рашэньні беларускіх судоў у міжнародныя арганізацыі.

— З мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці і ўсталяваньня хоць у пэрспэктыве законнасьці мы і падаём гэтыя скаргі. Спадзяюся, што пасьля нас скаргаў стане болей і гэтая крытычная маса, магчыма, нейкім чынам паўзьдзейнічае на тое, што цяпер робіцца ў Беларусі, бо скрозь беззаконьне і парушэньне правоў чалавека.

Інвалід другой групы Віталь Гуляк з Ваўкавыску чакае разгляду скаргі ў абласным судзе.

Віталь Гуляк, архіўнае фота

Віталь Гуляк, архіўнае фота

Ён быў пакараны штрафам у сем мільёнаў 200 тысяч рублёў. На судзе не прысутнічаў, бо яму зрабілі апэрацыю і перамяшчацца ён можа толькі на мыліцах па кватэры. Гуляк перакананы, што абласны суд не задаволіць ягоную скаргу, як і скаргі іншых удзельнікаў акцыі ў Сьвіслачы, а таму заранёў пачаў рыхтаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве.

— Я наагул пасьля ўсяго нашы суды не разглядаю як прававую сыстэму. У нас няма ні судоў, ні закону. І найперш таму, што артыкул 23.34, паводле якога нас судзілі, не адпавядае Канстытуцыі Беларусі і міжнароднаму заканадаўству. А я ніякага правапарушэньня не зьдзяйсьняў, а калі няма магчымасьці дамагчыся справядлівасьці ўнутры краіны, то даводзіцца зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі. І тады, дарэчы, сьвет бачыць, што насамрэч адбываецца ў такой краіне.

Скаргу ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве падрыхтаваў і гарадзенскі журналіст-фрылансэр Андрэй Мялешка.

Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

Ён тройчы быў аштрафаваны судамі за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі, і ніводнага разу вышэйшыя судовыя інстанцыі не задавальнялі ягоных скаргаў.

— Я проста хачу дамагчыся справядлівасьці — гэта мая асноўная мэта. Каб і астатнія ведалі, што журналіст, які займаецца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, мае права гэта рабіць. Бо я хачу проста працаваць і законна выконваць свае прафэсійныя абавязкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG