Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сакавіка заўчасна памерла Ганна Вольская, жонка і прадусарка сольных альбомаў Лявона Вольскага і «Крамбамбулі», дырэктарка гурту NRM. У яе імкліва разьвілася анкалягічная хвароба, пра якую сямʼя не паведамляла нікому. У мінулы чацьвер Ганна трапіла ў шпіталь. Абсьледаваньні паказалі, што рак паразіў літаральна ўсе органы. У нядзелю родныя забралі яе дахаты. У сераду раніцай Ганны ня стала.

Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года. Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэклямным аддзеле «Радыё 101,2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Лявонам Вольскім. 23 сакавіка 1998 года ў сямʼі нарадзілася дачка Адэля, якой сёньня споўнілася 18 гадоў.

Зьміцер Бандарэнка: «У Ганны было надзвычай яркае, але кароткае, як маланка, жыцьцё»

Палітык Зьміцер Бандарэнка больш за 20 гадоў таму ўзначальваў рэклямны аддзел Радыё 101,2 FM, куды запрасіў дзьвюх юных студэнтак Інстытута культуры — Ганну Лабай і Вольгу Сарако:

— Гэта вялікае гора для родных, сяброў, знаёмых Лявона і Ганны. Ганна павінна была прыехаць да нас у Варшаву на ўручэньне прэміі «Хартыі — 97» у абарону правоў чалавека, і літаральна за дзень Лявон патэлефанаваў і казаў, што яны не прыедуць...

Гэта для мяне вельмі блізкія людзі, і нейкім чынам я спрычыніўся да іх шлюбу, таму што менавіта я запрасіў Ганну на працу ў рэклямны аддзел Радыё 101,2. Гэта было зорнае радыё, і гэта быў зорны рэклямны аддзел, дзякуючы менавіта Ганне. У апошні час мы ня часта бачыліся. Але і Ганна, і Лявон былі ў мяне судзе, калі мяне судзілі пасьля падзей Плошчы-2010.

Я вельмі рады, што мы пабачыліся ў гэтым годзе падчас сьвяткаваньня Новага году, Калядаў на «Белсаце», бо не сустракаліся мы ад моманту суду. Ганна выглядала вельмі добра, яна вельмі моцная, прыгожая жанчына, і дя мяне, маёй жонкі, маёй дачкі гэта вялікае гора. У Ганны было надзвычай яркае, але кароткае, як маланка, жыцьцё.

Генадзь Кесьнер: «За больш чым 20 гадоў знаёмства я ні разу ня бачыў Ганну ў дрэнным, нэгатыўным настроі»

Журналіст Генадзь Кесьнер таксама працаваў з Ганнай Вольскай яшчэ ў далёкіх 1990-х на Радыё 101,2:

— Ганна Вольская была надзвычай шчырым, сьветлым, жыцьцярадасным чалавекам. Яна заўсёды ведала, чаго яна хоча, яна добра ўмела размаўляць зь людзьмі, кантактаваць, дамаўляцца зь людзьмі. Яна была вельмі пазытыўным чалавекам у тым пляне, што за ўсе 20 гадоў, якія я ведаю яе, я ні разу ня бачыў Ганну ў дрэнным, нэгатыўным настроі. На канцэртах Лявона, якія яна прадусавала, арганізоўвала, на іншых імпрэзах яна была такім сьветлым праменьчыкам.

Калі падрасла ўжо дачка Адэля, яны, як дзьве сябровачкі, хадзілі па культурніцкіх імпрэзах, у якіх удзельнічаў Лявон. Зь іншага боку, яна была вельмі патрабавальным, прынцыповым чалавекам — гэта я ведаю ад музыкаў, якія ўдзельнічалі ў праектах. Яна была вельмі прыгожай, элегантнай вытанчанай жанчынай. Вельмі цяжка казаць пра Ганначку ў мінулым часе...

Паэтка Валярына Кустава: «Знак — сысьці ў дзень народзінаў дачкі. Балюча, невымоўна...»

Паэтка, вядоўца тэлеканалу «Белсат» Валярына Кустава:

«Памятаю яе ўсьмешку, унутраную сілу і мудрасьць. Ня ведала ад яе нічога, апрача дабрыні. Ня верыцца, немагчыма паверыць, што Ганна зьляцела... Рак. Найшчырыя спачуваньні ад усёй нашай сямʼі, Лявон і Адэля. Родным і сябрам. На нябёсах — палёгка. Смуткуем разам. Знак — сысьці ў дзень народзінаў дачкі. Моцна, балюча, невымоўна. Каб памятаць толькі харошае і годнае. Ганна, абдымаю сэрцам. Вечная памяць. Лёгкіх Нябёсаў...»

Ганна Вольская і Лявон Вольскі, 2015

Ганна Вольская і Лявон Вольскі, 2015

Музыка Аляксандар Кульлінковіч: «Ганначка заўсёды вельмі кранальна ўсім дзякавала за працу, што мы ўсе разам робім рок-н-рол»

«Ёсьць людзі, якіх немагчыма ўявіць нежывымі, зьмірыцца з тым, што іх няма на гэтым сьвеце. Вось у мяне з Ганнай — гэта жывы, надзвычай пазытыўны чалавек. Я ня памятаю, каб яна была ў дрэнным настроі, хоць, напэўна, была, улічваючы, што яна прадусавала, а гэта праца нэрвовая. Быць адміністратарам, мэнэджэрам, прадусарам — гэта заўсёды цяжка.

Я яе памятаю на рэпэтыцыях «Крамбамбулі», на канцэртах з цудоўнай усьмешкай і кілішкам віна. Яна заўсёды ўсім дзякавала. Здавалася б, што гэта якасьць такая звычайная, але насамрэч гэта вельмі рэдка — калі адміністратар, які рыхтуе канцэрт, дзякуе музыкам за працу, за тое, што ты сыграў. Як правіла, да канцэрту заўсёды просяць сыграць, а пасьля канцэрту не заўважаюць. Гэта абсалютна цудоўная якасьць — дзякаваць, калі пасьля канцэрту кажуць «дзякуй» за працу. Пасьля кожнай рэпэтыцыі, пасьля кожнага канцэрту яна пацісьне кожнаму руку, кожнаму асобна падзякуе — для людзей гэта вельмі важна. Ганначка заўсёды вельмі кранальна ўсім дзякавала за працу, за тое, што мы ўсе разам робім рок-н-рол. Такой Ганна для мяне застанецца: усьмешлівая, добразычлівая, з кілішкам віна і зь нязьменным «дзякуй».

Разьвітаньне з Ганнай Вольскай адбудзецца 24 сакавіка з 11 да 13 гадзіны ў Сьвята-Елісавецінскім манастыры (вул. Выгоцкага, 6, мікрараён Навінкі ў Менску).

Пахаваюць Ганну Вольскую на могілках у Заслаўі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG