Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах правялі экскурсію «па дарозе сьмерці». Фота


У нядзелю раніцай актывістка аргкамітэта па стварэньню партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Валерыя Чарнаморцава для ўсіх ахвотных правяла экскурсію ва ўрочышча Курапаты. Нягледзячы на лютаўскую завіруху, на экскурсію прыйшло прыкладна паўсотні чалавек, некаторыя былі зь дзецьмі. Амаль палова трапіла ў Курапаты ўпершыню.​

Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава

Экскурсія атрымалася інтэрактыўнай: да расповеду Валерыі Чарноморцавай далучаліся і экскурсанты.

Спадар Аляксандар (зьлева)
Спадар Аляксандар (зьлева)

Спадар Аляксандар узгадвае, як на пачатку 1980-х 10-гадовыя хлопцы, якія жылі ў Зялёным Лузе, зімой каталіся ў лясным масіве на лыжах, а летам рылі зямлянкі. І на глыбіні ў 1,5 мэтра ўбачылі чалавечыя косткі і чарапы. У кожным чэрапу была дзірка ад кулі. Дзеці тады яшчэ нічога ня ведалі пра расстрэлы, бацькам не адважваліся расказаць пра страшныя знаходкі.

Алена Кісялёва (у цэнтры)
Алена Кісялёва (у цэнтры)

Хормайстар Алена Кісялёва прыгадала гісторыю з кампазытарам Кімам Цесаковым, які таксама жыве непадалёк. Калі адкрылася праўда пра Курапаты, ён вельмі хацеў напісаць эпічны музычны твор. Але спачатку нічога не атрымлівалася, адпаведная мэлёдыя ніяк не нараджалася, калі ён спрабаваў працаваць у кабінэце, за раялем. Аднойчы ў траўні прыйшоў ва ўрочышча, доўга хадзіў сьцежкамі-дарожкамі, і музыка зьявілася... У 1990-м Кім Цесакоў напісаў Сымфонію №4 «Курапаты».

Дзяніс Кучынскі (у цэнтры)
Дзяніс Кучынскі (у цэнтры)

Выпускнік ЭГУ Дзяніс Кучынскі, які працягвае навучаньне ў магістратуры ў Вільні, прыехаў у Менск адмыслова на «Народны альбом». Даведаўшыся пра абарону Курапатаў, прыйшоў да намётавага лягеру падтрымаць людзей. Кажа, што пашанцавала – трапіць яшчэ і на экскурсію ва ўрочышча:

«Я сам родам зь Ліды, вучуся ў Вільні, і неяк раней не выпадала наведаць Курапаты. Вельмі моцнае ўражаньне ў мяне, цяжка стрымаць эмоцыі. Сымбалічна, што і надвор’е сёньня адпаведна настрою – такое ж суровае. І гэта кальцавая дарога, якая тут праходзіць, таксама вельмі сымбалічная рэч: як падзел беларускага грамадзтва на два лягеры, на абыякававых і сапраўдных патрыётаў. Я разумею, што грамадзкасьць, простыя людзі паставілі крыжы, даглядаюць за тэрыторыяй, прыходзяць сюды з кветкамі і зьнічкамі. Але тут павінен быць сапраўдны мэмарыял, музэй. Спадзяюся, мы разам створым яго».

Да намётаў пад будоўляй пастаянна падыходзяць людзі. Раніцай мясцовыя жыхары несьлі бліны. Жанчына з сынам з Бараўлянаў прывезла дзьве вялікія каструлі з гарачым супам – з сачавіцы зь ялавічынай і з курыцы і хатняй локшынай. Абаронцы жартуюць: «У лепшых рэстарацыях такой смакаты не падаюць».

Людзі пытаюцца, што патрэбна. «Дровы», – кажуць абаронцы.

І тут жа мужчыны паехалі ў гіпэрмаркет «Бігз», прывезьлі некалькі вязанак дроваў.Увечары ў намётавым лягеры пакажуць дакумэнтальны фільм «Дарога праз Курапаты».

***

Сёмы дзень працягваецца кругласутачная акцыя салідарнасьці ля ўрочышча Курапаты, месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG