Францускі палітык Франсуа Байру адмовіўся балятавацца ў прэзыдэнты і заявіў, што на выбарах падтрымае цэнтрыста Эмануэля Макрона.
Раней паведамлялася, што лідэр цэнтрысцкага «Дэмакратычнага руху» (MoDem) Байру можа ў сераду абвясьціць пра вылучэньне сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты. Ён ужо балятаваўся на трох папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах.
Паводле апытаньняў, Макрон уваходзіць у тройку лідэраў.
На першым месцы па-ранейшаму Марын Лё Пэн — лідэр ультраправага «Нацыянальнага фронту», дэпутат Эўрапарлямэнту. У сераду паліцыя затрымала для допыту яе ахоўніка і кіраўніка выбарчага штабу ў сувязі з расьсьледаваньнем зьвестак аб незаконным выкарыстаньні сродкаў Эўразьвязу.
Паводле апошніх апытаньняў, у першым туры выбараў (23 красавіка) атрымае перамогу Лё Пэн (ёй прагназуюць 26 адсоткаў галасоў), на другім месцы можа апынуцца Макрон (22 адсоткі), на трэцім — кандыдат ад кансэрватараў Франсуа Фіён (21 працэнт).
Фіён, як і Лё Пэн, замяшаны ў фінансавым скандале. І Макрон, і Фіён маюць усе шанцы перамагчы Ле Пэн у другім туры галасаваньня (7 траўня).