Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуброва Цудоўных Узгоркаў — як выхад у адкрыты Космас


Энэргетыка Малога Запрудзьдзя

Энэргетыка Малога Запрудзьдзя

Цягам месяца, пачынаючы ад сёньняшняга дня, на ўзгорках Валожыншчыны ў ваколіцах вёскі Малое Запрудзьдзе будзе закладацца сакральная дуброва з 555 дрэўцаў: у «трохмернай нумаралёгіі» гэтая лічба лічыцца адпаведнікам «дасканалага чалавека». Згодна з паганскімі традыцыямі алеі будуць зарыентаваныя па баках сьвету, а ў цэнтры застанецца месца для карагодаў.

Дуброва на Цудоўных Узгорках — плён сумесных высілкаў дабрачыннага фонду UNIHELP і грамадзянскай ініцыятывы Smart Space Farm. Пасадка імяннога дрэўца не бясплатная, каштуе 250 тысяч рублёў (у суму ўваходзіць харчаваньне і праграма з майстар-клясамі). Набываючы саджанец, удзельнік тым самым спрычыніцца да цэлага шэрагу высакародных задачаў: дапаможа хворым дзеткам, зробіць унёсак у аднаўленьне папуляцыі дубоў, якія масава высякаюцца, далучыцца да нематэрыяльнай спадчыны ў выглядзе масавых гуляньняў.

Юлія Кудзіна-Ярашэвіч, Smart Space Farm

Юлія Кудзіна-Ярашэвіч, Smart Space Farm

Пра вытокі ідэі, якая набывае цяпер рэальныя абрысы, — суарганізатарка дабрачыннай акцыі з боку Smart Space Farm Юлія Кудзіна-Ярашэвіч:

«Нараджэньню ідэі паспрыяў міжнародны фонд UNIHELP. Гэта ўжо ня першы прыклад супрацы — дагэтуль прэзэнтавалі казку пра падарожжы Зялёнай Казы, у якой на галаве вырасла чароўнае дрэва — якраз дуб. Уласна кажучы, гэты філязофскі спэктакль для дзяцей і дарослых зьявіўся пару гадоў таму пад узьдзеяньнем энэргетыкі менавіта Цудоўных Узгоркаў — адсюль рэжысэр-пастаноўшчык Ната Буглак, музыка таксама тут пісалася, то бок, тут яшчэ і радзіма гэтага твору.

А цяпер вось працяг гісторыі. 12 красавіка — імпрэза адкрыцьця, кшталту афіцыйнай часткі. У наступныя суботы-нядзелі чакаем сямейных зь дзецьмі. Усьцешаныя, што наш праект падтрымала Руся, як мы раней безь яе жылі — проста не разумею. Таму чакаем не дачакаемся, калі нарэшце рэалізуем задуму. Дый яна сама ўзрадавалася, што тут жывуць маладыя людзі, якім гэта цікава, якія падвышаюць этнічную самасьвядомасьць, гатовыя яе перадаваць далей і дзяліцца гэтым зь вялікай колькасьцю людзей».

Суарганізатары дабрачыннай акцыі

Суарганізатары дабрачыннай акцыі

Эмблема Smart Space Farm — касманаўт, які высаджвае дубок на пустыннай плянэце і шле прывітаньне зямлянам. Тое, што дуброву на Цудоўных Узгорках закладаюць у Дзень касманаўтыкі, які традыцыйна адзначаецца 12 красавіка, — таксама не выпадковасьць:

«Нішто ў сьвеце не ўмацоўвае сувязь з космасам так, як пасадка дрэўца. Першы касманаўт Юры Гагарын ведаў пра гэта і любіў саджаць дрэвы. Потым да яго далучыліся іншыя, атрымаліся цэлыя касьмічныя алеі. Так і наша дуброва: галінамі да неба, каранямі ў зямлю, дубы будуць расьці ўшыркі і ўгару — для агульнага гонару, радасьці і сьвята», — тлумачыць падтэкст задумы Юлія Кудзіна-Ярашэвіч і ўдакладняе, чаму натхнілася на яе рэалізацыю менавіта ў Малым Запрудзьдзі:

Падрыхтоўка культурніцкай пляцоўкі

Падрыхтоўка культурніцкай пляцоўкі

«Пяць гадоў я прыяжджаю ў гэтыя мясьціны, назіраю, як дзякуючы апантаным людзям яны разьвіваюцца, самаарганізуюцца. Нават дасьпела, каб сёлета таксама прыкупіць сабе дамок. З часам тут падабраўся вельмі цікавы кантынгент тых, хто прыйшоў на гэтую зямлю цалкам асэнсавана. Зь ліку мясцовых самародкаў — безумоўна, Ната Буглак, дасьледчыца этнічных традыцыяў. Скончыла Ўнівэрсытэт культуры, выконвае магутную функцыю ў нашай супольнасьці. Аб’ядноўвае нас на ўсе сьвяты, цяпер трымаемся беларускага народнага календара, адзначаем усе ключавыя сонечныя сьвяты: зімовая Каляда, Ярыла ўвесну, летам Купальле, восеньскі Багач і г.д. І калі спачатку ўсё сьвяткавалі вузкім колам, то ўрэшце пачало прыяжджаць усё больш і больш гасьцей. Вырашылі падрыхтаваць пляцоўку, каб прымаць гасьцей як найбольш».

Гаспадар этна-арт-прасторы Мікіта Конанаў

Гаспадар этна-арт-прасторы Мікіта Конанаў

Гаспадар этна-арт-прасторы «Цудоўныя Ўзгоркі» Мікіта Конанаў расказвае пра тэхнічны бок закладкі дабрачыннай дубровы, куды ў пэрспэктыве можа перамясьціцца ўсё абрадавае жыцьцё тутэйшых «каляністаў»:

«У лясьніцтве ёсьць гадавальнік, нам прапанавалі нават на выбар — маленькія сеянцы, 2—3-гадовыя саджанцы або „пераросткі“ ў 2–4 мэтры. Апошнія трэба або забіраць, або ў наступным годзе давядзецца іх высякаць. Такім чынам, узяўшы іх, адначасна зробім дзьве добрыя справы. Лясьнічы сказаў, што дапаможа: выкапаюць тэхнікай — ну, а ўжо закопваць будзем сваімі сіламі. У панядзелак забралі, каб усё было гатова да пачатку працэсу. Дзяўчаты вельмі адказна падышлі: і каб карэнішча было закрыта, і каб чалавек, узяўшы ў рукі, адразу адчуў, што гэта ягонае дрэва. Будзе магчымасьць потым павесіць на гэтае дрэва нейкую асабістую рэч. Ня проста тэхнічная пасадка — недзе нешта расьце, а Юля мае ідэю нарэзаць круглыя таблічкі ў выглядзе памятнага мэдальёна з каардынатамі дуба. Апроч таго, наш сусед Вова Шаблінскі дапаможа прывезьці на пікапе з эўракубам ваду, бо саджанцы трэба адразу паліць. Закупілі рыдлёўкі, вёдры, напілавалі колцы, каб абазначыць месцы пасадкі, усё гатова».

Пагрузка адабраных саджанцаў

Пагрузка адабраных саджанцаў

Яшчэ адна суарганізатарка дабрачыннай акцыі Ніка Выгоўская кажа, што ініцыятыва перасьледуе цэлы шэраг задачаў, у тым ліку практычную — зрабіць Цудоўныя Ўзгоркі яшчэ больш гарманічным месцам для жыцьця і культурніцкіх праектаў:

Ніка Выгоўская, Smart Space Farm

Ніка Выгоўская, Smart Space Farm

«Наша мэта ня толькі дабрачынная, культурніцкая, але таксама і экалягічная. У тым месцы, дзе мы зьбіраемся закласьці дуброву, так бы мовіць, дэградаваны ляндшафт. Можна паглядзець, у якім стане ён цяпер, і параўнаць, што будзе на гэтым месцы празь месяц. Бо там, дзе пасяліліся і жывуць нашы сябры, калегі, гэта сапраўды прыгожыя мясьціны — на фоне той, што мы зьбіраемся ўпарадкаваць, прывесьці да ладу. Апроч таго, ня трэба забывацца і пра такую патрэбную справу аднаўленьня папуляцыі нашага дуба, які з-за сваёй каштоўнасьці папросту вынішчаецца — цягам месячнай акцыі плянуем пасадзіць 555 дрэўцаў. Папярэдне займаліся разьлікамі, на выдзеленай тэрыторыі ўсё павінна зьмясьціцца — прынамсі, на аснове маштабаў карты сыходзілася. Увогуле, 555 — гэта магічная лічба, у лічбавай нумаралёгіі адпавядае паказьніку «дасканалага чалавека».

Дастаўка дубкоў на месца пасадкі

Дастаўка дубкоў на месца пасадкі

Юлія Кудзіна-Ярашэвіч запрашае ўсіх актыўных людзей наведаць Малое Запрудзьдзе, ваколіцы якога папулярныя ня толькі ў сталых наведнікаў летніх фэстываляў на хутары «Шаблі», але здаўна прыцягваюць і паломнікаў, і аматараў даўніны:

«Цудоўныя Ўзгоркі ўжо слаўныя турыстычнымі маршрутамі — гэта адно зь месцаў паломніцтва як у Беларусі, так і з блізкага замежжа. За кілямэтар ад закладанай дубровы — лекавая крыніца сьвятога Панцеляймона. У яе свая гісторыя, свая легенда, там будзе служыцель царквы, які шмат пра ўсё ведае, будзе магчымасьць непасрэдна запытаць. Суседні Лоск зьвязаны з нашым асьветнікам Сымонам Будным — у тутэйшай друкарні ён выдаў адзін са сваіх тэалягічных трактатаў „Аб асноўных артыкулах хрысьціянскай веры“. Само сабой, многія чулі пра Ўзгоркі праз фэстываль „Шаблі“, які ўлетку зьбірае тысячы аматараў музыкі. І гэта таксама адзін са слаўных момантаў, што на адной зямлі мы жывем з такім слаўным суседам, як Уладзімер Шаблінскі. Такім чынам, атрымліваецца разьвіцьцё прасторы, новая пляцоўка, на якой нашы госьці будуць непасрэднымі гледачамі і ўдзельнікамі этнічных сьвятаў і гуляньняў».

Выкопваньне дубоў-«пераросткаў» у гадавальніку. Юлія Кудзіна-Ярашэвіч з маладым дубком. Замер будучай алеі

Выкопваньне дубоў-«пераросткаў» у гадавальніку. Юлія Кудзіна-Ярашэвіч з маладым дубком. Замер будучай алеі

Адпачатку ініцыятары акцыі разглядалі некалькі варыянтаў дрэваў для дабрачыннага парку, але вельмі хутка спыніліся на адзіным магчымым. Бо дуб, апроч фізычнай каштоўнасьці, валодае і нейкімі містычнымі якасьцямі, шмат якія народы шануюць яго як сьвятое дрэва.

Падрыхтоўка тэрыторыі будучай дубровы

Падрыхтоўка тэрыторыі будучай дубровы

Як кажа Ніка Выгоўская, гэта адно зь нешматлікіх дрэваў, якое дзякуючы энэргетычным сувязям у рамках свайго віду здольнае перадаваць інфармацыю на вялізныя адлегласьці. Па сутнасьці, лічыць яна, гэта вялізная жывая сетка, празь якую можна дасылаць адзін аднаму станоўчую энэргію. Напрыклад, па дамоўленасьці паліваючы дрэвы ў адзін і той жа час. Так што цяпер можна сябраваць ня толькі сем’ямі, але і дрэвамі.

Магчыма, дуброву аблюбуюць птушкі Малога Запрудзьдзя

Магчыма, дуброву аблюбуюць птушкі Малога Запрудзьдзя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG