Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімой у Індыі, летам — у Запрудзьдзі: Беларускія даўншыфтэры перабіраюцца ў вёску


Сям'я Каржовых

Сям'я Каржовых

Дванаццаты год як былая гараджанка Алеся Каржова памяняла горад на вёску. У яе трое дзяцей, і жанчына ўпэўненая, што вясковае выхаваньне лепш рыхтуе іх да дарослага жыцьця. Свабода наведала вяскоўцаў у першым пакаленьні ў вёсцы Малое Запрудзьдзе Валожынскага раёну.

Любімая гульня на кампутары — «Супэр-фэрма»

Дзе жыве Алеся, можна вызначыць, не пытаючы ў мясцовых — ейная хата расфарбаваная ярчэй за астатнія, а замест традыцыйнага плота ўздоўж дарогі высаджаныя елкі.

Дзеці навучылі «размаўляць» сабаку Зорку. Яна ўмее навыць слова «мама»

Дзеці навучылі «размаўляць» сабаку Зорку. Яна ўмее навыць слова «мама»

Усе трое дзяцей — адзінаццацігадовая Дарына, дзесяцігадовы Радамір і васьмігадовы Яраслаў — штодня езьдзяць у сельскую школу ў суседнюю вёску — аграгарадок Гародзькі. Прыехаўшы са школы дамоў, хлопцы кідаюцца да кампутара паказваць журналістам, колькі гульняў у іх усталявана.

«Гэта „Супэрфэрма“ — самая любімая гульня ва ўсіх хлопчыкаў у клясе, — паказвае Яраслаў, кіруючы віртуальным трактарам. — Шмат у каго мамы працуюць на фэрме. А тут у гульні трэба рабіць тое самае, што ў іх на працы».

Любімая гульня на кампутары ў хлопцаў — «Супэрфэрма»

Любімая гульня на кампутары ў хлопцаў — «Супэрфэрма»

Алеся кажа, што ёй хацелася б, каб дзеці больш жылі жывым, а не віртуальным жыцьцём. Але зрабіць нічога зь цягай да гаджэтаў яна ня можа.

«Вёска вёскай, але сучасны сьвет цалкам насычаны гэтымі тэхналёгіямі. У вёсцы нічога не схаваеш. Яны ўсе тэлефоны і пляншэты імгненна асвойваюць».

Але пры гэтым Алеся адзначае, што калі дзеці сядзяць перад кампутарам, можна быць упэўненай, што ў хаце ўсё ў парадку, ніхто нічога ня ўчыніць.

Радамір пабудаваў домік на дрэве, а Яраслаў завёў там «гарод»

Радамір пабудаваў домік на дрэве, а Яраслаў завёў там «гарод»

Сярод «жывых забаў» на двары — каза Белачка, сабака — аляскінскі маламут Зорка і трусік Пушок. На адной зь яблыняў Радамір сам пабудаваў домік. Цяпер дзеці вольны час праводзяць паміж кампутарам і домам на дрэве. У доміку Яраслаў трымае свой «гарод» — пасаджанае ў плястыкавыя кантэйнэры рознае насеньне. Яшчэ адзін гарод у яго дома — калекцыя кактусаў.

Замест крамы ходзім у лес

Пакуль хлопцы вызначаюць, чыя чарга гуляць у «Супэрфэрму», Алеся гатуе боршч на абед. Уся сям’я — вэгетарыянская, мяса на стале не бывае. Замест яго ў суп ідзе з тузін розных гатункаў гародніны і зёлак.

Алеся гатуе і на пліце, і ў печы

Алеся гатуе і на пліце, і ў печы

«Вось гэта сьнітка — падножны корм. Самае першая зеляніна дзікарослая. Мы яе паўсюль дадаём».

Зь лядоўні Алеся дастае вялікі драўняны грыб, так званую губу. Кажуць, на смак яна падобная да варанай каўбасы. Штогод вырастае на адной і той жа вярбе. А побач расьце таполя, на якой звычайна зьбіраюць вешанкі. Зьявіліся ўжо і смаржкі. Замест крамы можна ўжо хадзіць у лес.

Каб запарыць гарбату, Алеся ідзе да сваёй «чайнай градкі», дзе расьце мэліса, розныя гатункі шалфею, ісоп і мята. Да гарбаты таксама нарывае лісьця парэчак і клубніц.

Алеся на сваіх абшарах

Алеся на сваіх абшарах

На іншых градах у Алесі — звычайная гародніна. Раскіданая салома аказваецца пасаджанай бульбай. Быццам бы менавіта так раней нашы продкі яе вырошчвалі — пасыпалі раскіданую па полі бульбу зямлёй, попелам і накрывалі саломай.

«Яна тады выходзіць чыстая, і ня трэба ўгнаеньняў».

Бульбянішча пад саломай

Бульбянішча пад саломай

На гародзе, як і ў астатняй гаспадарцы, дзеці дапамагаюць Алесі. Асабліва ахвотна яны гэта робяць за ўзнагароды — марозіва ці іншыя ласункі.

Зімой у Індыі, летам — у Запрудзьдзі

Дзеці тым часам выкочваюць свае ровары. Усе яны часта езьдзяць да сяброў у Гародзькі — гэта два кілямэтры ад Малога Запрудзьдзя.

Але часьцей госьці прыяжджаюць да Алесіных дзяцей. Асабліва летам, калі на вёску вяртаюцца гараджане, што купілі тут дамы.

Кожны зь дзяцей мае свой ровар

Кожны зь дзяцей мае свой ровар

«Тут дамоў дваццаць выкупілі гарадзкія. Розныя творчыя людзі. Нехта пераехаў цалкам, зь дзецьмі, як і мы, а нехта прыяжджае на лета. Зімой — у Індыі, а летам — у Малым Запрудзьдзі».

Валожынскі раён — вядомы сярод даўншыфтэраў рэгіён. Алеся кажа, што адмыслова тут ніхто не арганізоўваў паселішчаў, але паступова сабралася цэлая ваколіца блізкіх па духу людзей. Самы вядомы зь мясцовых хутароў — Шаблі — сядзіба музычнага прадусэра Ўладзімера Шаблінскага.

«Штолета тут праходзяць фэстывалі і канцэрты. Я калі жыла ў горадзе, так шмат не хадзіла на канцэрты, як тут».

Большасьць «новых вяскоўцаў» — былыя гараджане. Сама Алеся пераехала з роднага Гомеля ў сваю першую вёску яшчэ 11 год таму.

«Бацькі адразу вельмі хваляваліся за мяне. Мая маці зь вёскі і ведае яе толькі з нэгатыўнага боку: там трэба шмат працаваць, а грошы ня плацяць. А яшчэ ўсе п’юць навокал. Але потым яна пабачыла, што жыць можна і па-іншаму».

«Офлайн-гульня»

«Офлайн-гульня»

Восем год Алеся жыла ў розных вёсках пад Гомелем. Але потым пазнаёмілася зь Мікітам Конанавым — менчуком, які пераехаў у Малое Запрудзьдзе. Да яго яна і пераехала тры гады таму. Цяпер шые сабе вясельную сукенку — на Купальле яны пабяруцца шлюбам.

У прыродзе ёсьць усё неабходнае й бясплатна

Мікітавы ўладаньні — за пяць хатаў ад Алесіных. Мікіта аб’яднаў тры ўчасткі, заканчвае гасьцявую хату і «клюб» — былую адрыну, дзе яны з Алесяй зьбіраюцца праводзіць канцэрты, сэмінары ды вечарыны.

На ўчастку Мікіты не спыняецца будоўля

На ўчастку Мікіты не спыняецца будоўля

«Вось калі я жыла пад Гомелем, я сябе не адчувала так добра, як тут. Па-першае, без мужчыны, а па-другое, не было так шмат суседзяў-аднадумцаў».

Падчас размовы да Алесі прыходзіць ейная сяброўка Крысьціна Баранская зь Вялікага Запрудзьдзя. Разам яны зьбіраюцца ісьці па мяту і скрыпень. Як і Алеся, Крысьціна з гарадзкой сям’і.

«У мяне ўсе да прабабулі жылі ў горадзе. Але мне падабалася прырода, і я пераехала на вёску».

Усе бабулі й прабабулі Крысьціны жылі ў горадзе. А цяпер і маці задумалася, каб пераехаць у вёску

Усе бабулі й прабабулі Крысьціны жылі ў горадзе. А цяпер і маці задумалася, каб пераехаць у вёску

Муж Крысьціны вырабляе барабаны на продаж. З гэтага яны і жывуць. Раз на тыдзень Мікіта езьдзіць у Валожын ці Менск, дзе запраўляе картрыджы для прынтараў. Але хоча, каб з часам ня ён езьдзіў у горад, а гараджане прывозілі грошы ў вёску. Дзеля гэтага як найхутчэй яны разам з Алесяй стараюцца скончыць гасьцявы домік і «клюб».

«У вёсцы грошай асабліва й ня трэба, — кажа Крысьціна. — Гэта ў горадзе крамы, якія прапануюць табе непатрэбныя рэчы. А ў прыродзе, насамрэч, можна знайсьці ўсё неабходнае й задарма».

Мікіта заняты на будоўлі і рамонце гасьцявога дома і «клюбу»

Мікіта заняты на будоўлі і рамонце гасьцявога дома і «клюбу»

Бачачы іншы вясковы лад жыцьця, у суседнюю вёску пераехала Мікітава маці. Пра пераезд задумалася і маці Крысьціны.

«Яна ўсё жыцьцё пражыла ў Менску, а цяпер яе таксама цягне прырода. Толькі яна не разумее, як вырвацца з гораду. Напачатку і я так думала: хіба ёсьць жыцьцё на вёсцы?»

Раней унукі езьдзілі да бабуляў у вёску, цяпер — у горад

Алеся кажа, што менавіта на вёсцы дзеці вырастаюць лепш прыстасаванымі да жыцьця. Зь дзяцінства яны тут прывучаюцца да працы. Радамір ужо ў чатыры гады мог калоць дровы. На вёсцы ў дзяцей больш самастойнасьці і адказнасьці.

«У гарадах такога няма. Увогуле, цяпер вельмі шмат стала жаноцкіх мужчын».

Сапраўдныя прыгоды для дзяцей — проста на двары

Сапраўдныя прыгоды для дзяцей — проста на двары

І Алеся, і Крысьціна мараць цалкам адмежавацца ад гораду і жыць аўтаномна. Але пакуль гэта зрабіць немагчыма: у мясцовай краме яны набываюць і масла, і крупы. Часам даводзіцца езьдзіць у горад і самім.

Цягне ў горад і дзяцей. Алеся разумее, што невядомае іх заўжды вабіць. Прынамсі раз на год яны езьдзяць у Гомель да бабулі.

«Раней унукі езьдзілі да бабуляў у вёску, цяпер — у горад».

Але маці не зьбіраецца ўтрымліваць дзяцей сілай на вёсцы. Наадварот, яна б хацела, каб яны атрымалі адукацыю ў горадзе, завялі новыя знаёмствы, знайшлі сябе. Сярэдні Радамір заявіў нам, што хоча стаць рэжысэрам, бо «там шмат плацяць». А Даша хоча «шмат танцаваць».

Маці хоча, каб дзеці заняліся альтэрнатыўнай энэргетыкай, а дзеці хочуць здымаць кіно й танцаваць

Маці хоча, каб дзеці заняліся альтэрнатыўнай энэргетыкай, а дзеці хочуць здымаць кіно й танцаваць

«Кожны мае сваё прызначэньне, — кажа іх мама Алеся. — Няхай і мае дзеці самі яго знойдуць. У мяне было прызначэньне — жыць на зямлі. Я бачу плюсы ў гэтым. Але мае дзеці самі павінны прыйсьці да гэтага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG