Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробнаму бізнэсу Лукашэнка даў палёгку толькі на тры месяцы


Зачыненыя ралеты ў гандлёвым цэнтры

Зачыненыя ралеты ў гандлёвым цэнтры

Дробныя гандляры, якія з трывогай чакалі канца лютага, атрымалі ад уладаў яшчэ адну адтэрміноўку. Кіраўнік Беларусі падпісаў указ № 90, які дазваляе прадаваць тавар без суправаджальнага дакумэнту на кожную адзінку да 1 чэрвеня 2015 году. Тым самым Аляксандар Лукашэнка прыпыніў дзейнасьць свайго ж папярэдняга ўказу (№ 48). Той дакумэнт даваў прадпрымальнікам тэрмін толькі да 1 сакавіка. Што азначае такі крок кіраўніцтва Беларусі для дробнага бізнэсу?

Беларускія гандляры з катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў набываюць тавар пераважна на аптовых базах у Расеі. А тыя гандлёвыя цэнтры працуюць пераважна без сэртыфікатаў. Адсюль — і праблема.

Беларускія чыноўнікі нібыта гэта разумеюць. Так, намесьніца міністра гандлю Ірына Наркевіч 27 студзеня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі казала, што некалькі міністэрстваў супольна падрыхтавалі свае прапановы для прэзыдэнцкай адміністрацыі. Чыноўніца назвала тры магчымыя варыянты: першы — зрабіць апошняй датай распродажу тавараў без сэртыфікатаў 31 сьнежня 2015 году, другі — 1 красавіка 2016 году, трэці варыянт — да поўнага распродажу.

Цяпер, калі зьявіўся ўказ, высьветлілася, што палёгку для прадпрымальнікаў увялі толькі на тры месяцы.

«Дый наагул пакуль невядома, што дакладна прапісана ў гэтым указе пра якія канкрэтныя тэхрэглямэнты», — сказаў сёньня Свабодзе старшыня прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Пакуль мы ня бачылі поўны тэкст гэтага ўказу. Мы ня можам яго нідзе знайсьці. Тэхрэглямэнтаў шмат. І можа стацца так, што нашага тэхрэглямэнту, дзейнасьць якога прыпыняецца часова, наагул там ня будзе. А можа, і будзе?

То бок сытуацыя пакрытая таямніцай за сямю пячаткамі. Мы не разумеем у поўнай меры, пра што канкрэтна ідзе гаворка. Нават калі тэхрэглямэнт сапраўды прыпынены да 1 чэрвеня, то пытаньні прэзыдэнцкага ўказу № 222, які патрабуе наяўнасьці ўсіх дакумэнтаў на тавар і немагчымасьці прадаваць пасьля гэтай даты астаткі, для нас не здымаюцца. І фактычна гэта абсалютна не зьмяняе сытуацыю ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў і ўмовы іх працы».

«Новы ўказ уводзіць толькі часовую адтэрміноўку, але прынцыпова нічога не зьмяняе», — адзначае прадпрымальніца, старшыня арганізацыйнай групы Беларускага прафсаюзу «Разам» Ірына Яскевіч:

Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

«Усе астатнія патрабаваньні да індывідуальных прадпрымальнікаў засталіся бязь зьмены. Той жа ўказ № 48 прапісвае чыноўнікам, як караць індывідуальных прадпрымальнікаў — які памер штрафаў, як праводзіць канфіскацыю, што будуць прызначаныя людзі, якія будуць адказваць за кожны пункт тэхрэглямэнтаў. Як патрэбныя былі дакумэнты на тавар, так яны і патрэбныя надалей. Як нельга было гандляваць астаткамі, так і нельга будзе гэта рабіць пасьля 1 чэрвеня».

Спадарыня Яскевіч лічыць: стаўленьне ўладаў, дый некаторых людзей, якія глядзяць на прадпрымальніка толькі як на спэкулянта, трэба кардынальна мяняць:

«Вазьміце і паспытайце гэтага хлеба. У нас вельмі вялікія выдаткі. І я не скажу, што цэны на рынках у нас перавышаюць цэны ў крамах. Усё роўна яны ў нас ніжэйшыя».

Леў Марголін

Леў Марголін

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Леў Марголін кажа, што АГП хоць і не прафсаюз, але заўжды дапамагае прадпрымальнікам, бо зь іхнім асяродзьдзем у партыі добрыя сувязі. На думку спадара Марголіна, адтэрміноўка малому бізнэсу з боку Лукашэнкі стала вынікам ціску:

«Але гэта ціск ня з боку прадпрымальнікаў. Бо яму на гэты ціск, як кажуць, начхаць. Гэта, я думаю, ціск з боку новага ўраду. Бо ўрад баіцца сацыяльных выступаў прадпрымальнікаў. Урад больш выразна разумее, чым гэта можа скончыцца. І таму, відаць, быў ціск чальцоў ураду. Таму Лукашэнка і адмяніў свае першапачатковыя рашэньні. Я толькі так гэта расцэньваю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG