Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі апынуліся на мяжы выжываньня. Навошта патрэбна ўладам эканамічная ліквідацыя гэтага сацыяльнага слою? Чаму прадпрымальнікі ня ладзяць акцыяў пратэсту? Якія існуюць пэрспэктывы вырашэньня праблемы?

Удзельнікі: намесьнік старшыні руху салідарнасьці «Разам» Аляксандар Макаеў і актывіст прадпрымальніцкага руху Анатоль Зьмітровіч.

Навошта ўладам эканамічная ліквідацыя ІП?

Валер Карбалевіч: «З 1 сакавіка прыпыняецца продаж тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП) паводле старых правілаў. Значная частка прадпрымальнікаў ня зможа існаваць паводле новых правілаў і вымушаная будзе спыніць свой бізнэс. У чым сутнасьць канфлікту паміж уладамі і ІП? Чаму памяняліся правілы гульні?»

Аляксандр Макаеў: «Сутнасьць канфлікту ў тым, што паводле прэзыдэнцкага ўказу № 222 ад ІП будуць патрабаваць з 1 сакавіка суправаджальныя дакумэнты на кожную адзінку тавару. Гэтыя патрабаваньні большасьць ІП ня могуць выканаць».

Анатоль Зьмітровіч: «За апошнія дзесяць гадоў адбыўся рост буйных таварных сетак. Іх гаспадары маюць магчымасьці лабіраваць ва ўладных структурах. Яны і пралабіравалі ўказ № 222, каб эканамічна ліквідаваць канкурэнтаў, то бок ІП.

У самім указе напісана, што ён грунтуецца на трох прынцыпах. Павінна быць выгада для спажыўцоў, для дзяржавы і для ІП. Але гэтыя прынцыпы парушаныя. Спажыўцы атрымаюць даражэйшы тавар.

У эканамічным абгрунтаваньні ўказу № 222 адзначаецца, што страты бюджэту складуць 1 трыльён 124 млрд рублёў за год у 2015 і 2016 гадах. Улады разьлічвалі, што кампэнсуюць гэтыя страты за кошт падаткаў ад буйных гандлёвых сетак. Але здарыўся крызіс, і кампэнсаваць страты ня ўдасца».

Макаеў: «Прычыны ня толькі ў лабізьме гаспадароў буйных гандлёвых сетак. Ёсьць яшчэ адзін матыў. Гэта нянавісьць уладаў да дробнага бізнэсу. Усе памятаюць словы Лукашэнкі пра ягонае жаданьне паціснуць руку апошняму ІП.

Можна прагназаваць пасьля 1 сакавіка сацыяльны выбух

Сёньня ў Беларусі каля 290 тысяч ІП. Каля 100 тысяч займаюцца гандлем ураздроб. Вось усе яны стаяць сёньня перад пагрозай эканамічнага зьнішчэньня. Хоць у абгрунтаваньні ўказу гаворыцца, што страцяць бізнэс толькі 10 тысяч ІП. Таму можна прагназаваць пасьля 1 сакавіка сацыяльны выбух».

Зьмітровіч: «Нашай палітычнай сыстэме прыватны бізнэс не патрэбны. Бо з разьвіцьцём бізнэсу разьвіваецца сярэдняя кляса. І калі яна дасягае пэўнага ўзроўню разьвіцьця, то пачынае ствараць свае структуры, удзельнічаць у палітыцы, яе прадстаўнікі хочуць ісьці ў дэпутаты і прэзыдэнты. Улада гэтага ня хоча.

Паглядзіце хуткасьць, зь якой быў прыняты гэты ўказ: 2 месяцы. Нагадаю, што законапраект аб прыватна-дзяржаўным партнэрстве тры гады прыняць ня могуць. Узровень абсурду пры прыняцьці заканадаўчых актаў, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасьць, у некалькі разоў перавышае ўзровень здаровага сэнсу».

Карбалевіч: «Сп. Зьмітровіч, вы сказалі, што ўладам прыватны бізнэс не патрэбны. Але, зь іншага боку, вы даводзілі, што яны спрыяюць гаспадарам буйных гандлёвых сетак. Дык выходзіць, што буйны бізнэс улада падтрымлівае, а індывідуальных прадпрымальнікаў — не. Чаму?»

Зьмітровіч: «Бо чыноўнікі, якія кантралююць эканоміку, зарабілі нядрэнныя грошы, вывезьлі іх за мяжу ў афшоры, потым завезьлі ў Беларусь у выглядзе замежных інвэстыцыяў. То бок гэтыя буйныя гандлёвыя сеткі кантралююцца чыноўнікамі».

Чаму няма пратэстаў?

Карбалевіч: «Гісторыя Беларусі ведае масавыя акцыі пратэсту ІП. І амаль заўсёды яны давалі пэўны вынік, улада ішла на саступкі. Чаму гэтым разам прадпрымальнікі не пратэстуюць? Прэзыдэнцкі ўказ № 222 быў прыняты яшчэ 1 ліпеня 2014 году. Чаму ІП чакалі, не пратэставалі раней? Увогуле, чаму за гэтыя гады ІП не стварылі структураў, якія б абаранялі іх інтарэсы?»

Макаеў: «Мінулым летам былі папераджальныя страйкі, найперш, у рэгіёнах. Але не было салідарнасьці, Менск не страйкаваў».

ІП самі вінаватыя

Зьмітровіч: «ІП самі вінаватыя. Структуры, якія абараняюць ІП, ёсьць: „Пэрспэктыва“, „Садружнасьць“ і іншыя. Але ІП не далучаюцца да іх. Я даўно казаў, што трэба кінуць Падатковы кодэкс і зьвярнуцца да самага стабільнага кодэксу Беларусі, да Выбарчага кодэксу. А ІП з найманымі работнікамі і сямейнікамі — каля 800 тысяч. Мы маглі б лёгка сабраць подпісы ў падтрымку свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Трэба браць свой лёс у свае рукі».

Карбалевіч: «Дзеяньні ўладаў нелягічныя. Цяпер, падчас нарастаньня крызісу, будуць зачыняцца прадпрыемствы, павялічыцца беспрацоўе. А ліквідацыя ІП яшчэ больш павялічыць колькасьць беспрацоўных. Плюс бюджэтныя страты. Навошта?»

Макаеў: «Адказ ляжыць у сфэры палітыкі. Думаю, з 1 сакавіка ІП будуць пратэставаць бяз заклікаў актывістаў».

Зьмітровіч: «Калі ўлады пераводзяць праблему ІП у палітычную сфэру, то прадпрымальнікам трэба было прыняць гэты выклік і выйсьці на вуліцу. І цяпер рашэньне праблемы знаходзіцца не ў эканамічнай ці палітычнай, а ў псыхіятрычнай сфэры. Можна прачытаць у Вікіпэдыі, што ва ўмовах крызысу людзі ня могуць думаць пра стратэгію, а толькі пра выхад з крызіснай сытуацыі. Дык вось нашы чыноўнікі ўжо дзесяць гадоў думаюць толькі пра тое, каб ноч прастаяць ды дзень пратрымацца».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG