Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«I have a dream» («У мяне ёсць мара»). Гэтыя словы знакамітага лідэра руху за грамадзянскія правы і расавае раўнапраўе ў ЗША Марціна Лютэра Кінга ўвайшлі ў гісторыю. Можа і таму, што ягоная мара зьдзейсьнілася.

Увогуле, палітыкі пра свае мары кажуць рэдка. Бо ў гэтым ёсьць нейкі налёт сэнтымэнтальнасьці. А палітыка — рэч даволі прагматычная, якая не цярпіць рамантызму і сэнтымэнтаў.

Але Аляксандар Лукашэнка, як чалавек шчыры і не пазбаўлены непасрэднасьці, у перапынку паміж важнымі дзяржаўнымі справамі і касьбой травы можа дазволіць сабе памарыць.

Вось у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву ТАСС 6 верасьня кіраўнік Беларусі распавёў пра сваю запаветную мару:

«Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, зазіраючы ў кашалёк або сваю кішэню, ня думалі пра тое, што ім на штосьці не хапае. Заўсёды частцы народу чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не пакутавалі. Вось яна, мая адзіная мара».

Гэтая рэпліка выклікала вялікую колькасьць камэнтараў у мэдыях і сацыяльных сетках. І большасьць інтэрпрэтавала гэтыя словы так, што Лукашэнка меў на ўвазе ўзровень дабрабыту беларусаў. Маўляў, ён марыць, што ўсе грамадзяне стануць заможнымі, у краіне ня будзе бедных, усе крыніцы грамадзкага багацьця пальюцца поўным патокам і ажыцьцявіцца вялікі прынцып «ад кожнага — па здольнасьцях, кожнаму — па патрэбах». І адразу загаварылі пра дрэннае становішча ў краіне з заробкамі, пэнсіямі, і пачалі канстатаваць, што рэальнасьць усё далей адыходзіць ад гэтай мары.

Але рызыкну сьцьвярджаць, што Лукашэнка меў на ўвазе нешта іншае. Яшчэ раз прачытайце гэтую рэпліку. Там ёсьць знамянальная фраза: «Заўсёды частцы народу чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не пакутавалі». То бок — усім не дагодзіш. Таму сэнс гэтай мары зусім іншы. Мяркую, Лукашэнка марыць пра тое, каб народ зьменшыў свае патрэбы, стаў больш сьціплы ў жаданьнях, задавальняўся малым. І пры гэтым быў шчасьлівы, ня думаў, што яму чагосьці не хапае. Напрыклад, як у Паўночнай Карэі, дзе людзі галодныя, але ўпэўненыя, што жывуць у самай цудоўнай краіне сьвету.

Цэнтральная ідэя прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі ў 2015 годзе была такая: галоўнае — не заробкі і пэнсіі, самае важнае — гэта стабільнасьць, мір, парадак і бясьпека. І цяпер ён толькі паўтарыў гэтую міталягему, выказаў яе ў выглядзе мары.

Мара Аляксандра Рыгоравіча блізкая да ажыцьцяўленьня. Хоць у краіне крызіс, расьце беспрацоўе, заробкі і пэнсіі скарачаюцца ў рэальным вымярэньні, але ніякага публічнага незадавальненьня няма. Не чуваць ні пра якія сацыяльныя пратэсты, працоўныя канфлікты. Людзі сьціпла маўчаць, паслухмяна ідуць на датэрміновае галасаваньне.

Адна непрыемнасьць: у нефармальнай абстаноўцы людзі ня стрымліваюцца ў ацэнках свайго правадыра. Сытуацыя 1990-х гадоў, калі адносная большасьць насельніцтва шчыра любіла «народнага прэзыдэнта», здаецца, прайшла незваротна. Але настальгія па тых часах засталася. Гэта трохі напружвае.

Але пройдзе час, самыя незадаволеныя зваляць «за бугор», застануцца тыя, хто лічыць, што, можа, так і трэба, абы не было вайны. Добра, што хоць у аднаго чалавека ў гэтай краіне мара збываецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG