Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заняпад сям’і Карымавых


Сям'я Карымавых (зьлева направа): дачка Лола, жонка Тацьцяна, Іслам Карымаў з унукам, дачка Гульнара.

Сям'я Карымавых (зьлева направа): дачка Лола, жонка Тацьцяна, Іслам Карымаў з унукам, дачка Гульнара.

Сьмерць Іслама Карымава можа паставіць некаторых яго бліжэйшых сваякоў у цяжкае становішча. Вядома, калі нехта зь іх вырашыць застацца ва Ўзбэкістане, пішуць аглядальнікі Свабоды Брус Паньер і Ганна Кляўцова.

За ўсе 25 гадоў незалежнасьці першая сям’я Ўзбэкістану — Карымавы — атрымлівала асалоду ад улады і страху мясцовага насельніцтва. Са сьмерцю прэзыдэнта Іслама Карымава гэтыя дні падыходзяць да канца. Некаторыя члены яго сям’і цяпер могуць апынуцца ў цяжкім становішчы, вядома, калі нехта зь іх думае застацца ва Ўзбэкістане. Гаворка ідзе пра яго дачок: старэйшую Гульнару і малодшую Лолу.

Наўрад ці ягоная жонка, Тацяна Карымава, можа сутыкнуцца зь якімі-небудзь праблемамі. Яна ў асноўным пазьбягала публічнай увагі. Акрамя таго, яе сям’я таксама ўплывовая — малаверагодна, што Іслам Карымаў здолеў бы зрабіць кар’еру без дапамогі сваякоў жонкі.

Іслам Карымаў быў сіратой, дакладней, кінутым дзіцем. Праз сям’ю жонкі ён змог пазнаёміцца зь людзьмі, якія ў савецкі час правялі яго па кар’ернай лесьвіцы Камуністычнай партыі, але Тацяна Карымава цяпер ужо пажылая жанчына. Цяжка ўявіць, што нехта можа зьвязаць яе з палітыкай мужа.

СЁСТРЫ-МІЛЬЯНЭРШЫ

Народ ва Ўзбэкістане ведае, што дзьве дачкі прэзыдэнта вядуць раскошнае жыцьцё, у той час як для большасьці людзей ва Ўзбэкістане сярэдні заробак складае ад 200 да 300 даляраў на месяц. Паводле дадзеных швэйцарскага часопіса Bilan, сёстры Карымавы валодаюць нерухомасьцю ў Швэйцарыі. У сьпісе 300 самых багатых людзей Швэйцарыі ў 2009 годзе Гульнара апынулася на дзявятым месцы сярод жанчын. Яе маёмасьць ацанілі ад 570 да 665 мільёнаў даляраў. У 2011 годзе, паводле ацэнак Bilan, агульнае багацьце сёстраў Карымавых склала адзін мільярд даляраў. У адказ на публікаю гэтых лічбаў Лола і яе муж Цімур Ціляеў падалі на часопіс у суд.

Народ ва Ўзбэкістане, хутчэй за ўсё, мала чуў пра рэйтынгі часопіса Bilan. На гэтую тэму ня пішуць у дзяржаўнай узбэцкай прэсе. Калі б сёстры Карымавы не сьвяціліся на публіцы ва Ўзбэкістане, то, магчыма, народ ніколі б пра іх і не казаў. Аднак Гульнара любіла быць у цэнтры ўвагі. У яе была вялікая маёмасьць па-за межамі Ўзбэкістану, таксама яна вяла бізнэс і валодала прадпрыемствамі, у тым ліку тэлеканаламі, унутры краіны.

Гульнара Карымава

Гульнара Карымава


Да прыкладу, яе канал Forum паказваў арыентаваныя на моладзь фільмы ўзбэцкай вытворчасьці, але ў асноўным засяроджваўся на падзеях, у якіх удзельнічала Гульнара. Арганізаваныя ёю дабрачынныя канцэрты трансьляваліся на Forum з мноствам сцэн, у якіх Гульнара кантактавала з прысутнай на іх публікай. Пасьля таго, як Гульнара скончыла школу моды ў ЗША, Forum трансьляваў яе паказы мод ва Ўзбэкістане. У застаўцы паміж праграмамі намаляваная дзяўчына, відавочна падобная на Гульнару, хадзіла па квітнеючых палях і падымалася на гару да сонца на фоне лагоднай музыкі. Рэгулярна трансьляваліся і яе відэакліпы.

АПАЛА

У адным з самых вядомых лістоў WikiLeaks пра Ўзбэкістан Гульнару называюць «чалавекам, якога больш за ўсё ненавідзяць ва Ўзбэкістане». На канале Forum аднойчы паказалі, як добра апранутая Гульнара зайшла на вясельную вечарынку. У першых кадрах можна было пабачыць, як добра вясёлыя госьці зьнерухомелі, пакуль Гульнара праходзіла міма іх, каб павіншаваць маладых, якіх яна ніколі да гэтага ня бачыла.

Непразрыстыя фінансавыя зьдзелкі Гульнары за мяжой спрыялі яе падзеньню. Яе імя зьвязваюць зь некалькімі замежнымі кампаніямі, якія абвінавачваюцца ў дачы хабараў у абмен на кантракты ва Ўзбэкістане. У 2014 годзе Гульнару пасадзілі пад неафіцыйны хатні арышт пасьля выпадаў на адрас высокапастаўленых узбэцкіх чыноўнікаў і пазьней — супраць сваёй сястры і маці.

Пра яе нічога не было чуваць ужо шмат месяцаў, і яна не зьявілася на пахаваньні бацькі 3 верасьня ў Самаркандзе. Паводле непацьверджанай інфармацыі, Гульнара знаходзіцца па-за межамі Ўзбэкістану. Хутчэй за ўсё, яна ня хутка вернецца ў краіну.

ПАСОЛ ЮНЭСКА

Яе сястра Лола з 2008 году займае пасаду пасла Ўзбэкістану ў ЮНЭСКА — хутчэй за ўсё, яна страціць гэтую пасаду з прыходам да ўлады новага прэзыдэнта. Ужо больш за дзесяць гадоў яна фінансуе два дабрачынныя фонды: «Ты не самотны», які аказвае дапамогу дзецям-сіротам, і «Рэспубліканскі цэнтар сацыяльнай адаптацыі дзяцей», які прадстаўляе адукацыю і мэдычную дапамогу дзецям-інвалідам. Гэтыя фонды нібыта дапамаглі палепшыць яе рэпутацыю ва Ўзбэкістане.

Гульнара (зьлева) і Лола (справа) Карымавы

Гульнара (зьлева) і Лола (справа) Карымавы


Паводле дадзеных часопісу Bilan, у 2014 годзе багацьце яе і яе мужа склала ад 100 да 200 мільёнаў даляраў. Лола назвала гэтыя лічбы моцна перабольшанымі.

У брытанскай газэце Daily Mail і пазьней у амэрыканскай газэце New York Times напісалі, што Лола і яе муж купілі маёнтак у Галівудзе коштам 58 мільёнаў даляраў. У Daily Mail таксама паведамілі са спасылкай на блог The Real Estalker, што Ціляевы ў 2010 годзе купілі «нерухомасьць на 41 мільён даляраў у Жэнэве», а ў New York Times напісалі, што асабняк у Галівудзе зьяўляецца адным зь некалькіх аб’ектаў нерухомасьці ў рэгіёне, зь якімі зьвязаны Лола і яе муж. І вядома, у Лолы ёсьць кватэра ў Парыжы, дзе яна жыве падчас выкананьня абавязкаў амбасадара ў ЮНЭСКА.

Паводле Лолы, усе грошы ў іх сям’і зарабляе муж. Яны ўжо шмат гадоў жывуць за межамі Ўзбэкістану. Лола была на пахаваньні бацькі ў Самаркандзе, але, улічваючы яе стыль жыцьця за мяжой, цяжка ўявіць, што яна магла б вярнуцца ва Ўзбэкістан без упэўненасьці, якую даваў яе бацька ва ўладзе. Перад вачыма стаіць прыклад хатняга арышту яе старэйшай сястры.

Такім чынам, будучыня Ўзбэкістану без Іслама Карымава таксама, магчыма, азначае будучыню краіны безь яго дачок.

Лола Карымава з маці на пахаваньні Іслама Карымава

Лола Карымава з маці на пахаваньні Іслама Карымава


Сын Карымава ад першага шлюбу Пётар, як паведамляецца, цяпер жыве ў Расеі і, магчыма, не прыяжджаў ва Ўзбэкістан за ўвесь час незалежнасьці краіны. У Карымава ёсьць і іншыя сваякі, як мінімум адна сястра і брат. Іх выхавалі яго бацькі, у той час як Іслама аддалі ў дзіцячы дом. Падобна на тое, што Іслам Карымаў рэдка кантактаваў зь імі. Карымаў нічога не зрабіў, калі сына яго сястры Джамшэда прымусова заключылі ў псыхіятрычную клініку, пасьля таго, як ён напісаў некалькі артыкулаў у незалежнай прэсе з крытыкай узбэцкай улады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG