Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычная супольнасьць Беларусі патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў


Гэтае патрабаваньне стала ключавым пунктам звароту, які прынялі 3 жніўня кіраўнікі шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацый Беларусі.

Сёньня яны правялі тэрміновы «круглы стол», на якім абмеркавалі сытуацыю вакол незалежных прафсаюзаў. Пасьля дыскусіі, у якой удзельнічалі Павал Севярынец, Ганна Шапуцька, Зьміцер Кучук, Уладзімер Някляеў, Ірына Вештарт, Андрэй Бандарэнка, Юрась Губарэвіч, быў прыняты тэкст звароту.

Ад імя сваіх структураў падпісанты запатрабавалі спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, неадкладна вызваліць старшыню менскай гарадзкой арганізацыі РЭП Ігара Комліка і закрыць крымінальную справу.

У дакумэнце таксама зьвяртаецца ўвага на тое, што дзеяньні сілавых структураў супраць незалежных прафсаюзаў адбываюцца перад пачаткам беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017». Гэтая акцыя выглядае як спроба «зачысткі» беларускай грамадзянскай супольнасьці, каб нэўтралізаваць пратэсты.

Удзельнікі «круглага стала» вырашылі пакуль не праводзіць масавую акцыю пратэсту. Магчыма, што дзеяньні ў падтрымку незалежных прафсаюзаў стануць часткай маштабнай акцыі, якую рыхтуе на 8 верасьня Беларускі нацыянальны кангрэс.

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да старшыні Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і кіраўніка сталічнай арганізацыі, ён жа галоўны бухгальтар РЭП, — Ігара Комліка па фактах ухіленьня ад выплаты падаткаў. Яны абвінавачваюцца ў тым, што ў «мэтах асабістага ўзбагачэньня адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)».

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дастаўленыя на допыт у КДК. Фядыніча пасьля адпусьцілі, Комлік адпраўлены ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG