Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская газэта «Взгляд» 7 красавіка надрукавала артыкул свайго журналіста Эдуарда Бірава «Менску пара вызначацца», у якім аўтар патрабуе, каб Беларусь далучылася да Расеі. Гэта не адыёзны партал «Спутник и погром», а дзелавая газэта. Значыць, адлюстроўвае погляды бізнэсовага асяродзьдзя. У гэтым сэнсе артыкул вельмі паказальны. Бо сьведчыць пра дамінуючыя настроі сярэдняй клясы Расеі.

Падставай для разважаньняў аўтара стала інтэрвію Лукашэнкі мэдыяхолдынгу Bloomberg, у якім беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь ня стане паўночна-заходнім краем Расеі, што, зразумела, Эдуарда Бірава моцна абурыла.

Найперш, зьдзіўляе тая карціна сьвету, якая цяпер існуе ў сьвядомасьці расейскіх журналістаў. Тут варта зьвярнуць увагу на такі фэномэн. Расейскія мэдыі ў зьвязку з украінскім крызісам рабілі вялікія высілкі дзеля стварэньня палітычных мітаў з мэтай прапагандысцкага абгрунтаваньня, апраўданьня цяперашняй палітыкі Крамля. І, што вельмі адметна, хутка самі паверылі ва ўласныя міты.

Ляйтматыў усяго артыкула — д’ябалізацыя Захаду, ён абвяшчаецца абсалютным злом, якое супрацьстаіць абсалютнаму дабру — РФ. «Захад, аганізуючы, спрабуе абваліць сьвет і, перш за ўсё, Расею... Гэты жандар паставіў сабе мэту дабіць Расею, зьнішчыць рускі сьвет як перашкоду на шляху сусьветнага панаваньня», — піша аўтар.

І вось напярэдадні глябальнага сутыкненьня паміж РФ і Захадам, якое абсалютна непазьбежна, лічыць Эдуард Біраў, «надышоў момант палярызацыі сіл і самавызначэньня — хто ты і з кім ты?» «Застацца ўтульнай эўрапейскай кватэрай паміж сілавымі полюсамі, атрымліваючы дывідэнды ад тых і іншых, ня выйдзе ані ў кога», — адзначае аўтар. Пра гэта сьведчыць лёс Украіны. І робіцца змрочны прагноз: «Зь Беларусьсю можа выйсьці тое самае і нават з той жа крывёю, калі кіраўніцтвам і народам ня будзе выразна зроблены выбар на карысьць аднаго з бакоў... Вось гэтыя краіны, самасьційныя і прамежкавыя, будуць разарваныя на шматкі ў выпадку сыстэмнага сутыкненьня Захаду і Расеі».

То бок, з маскоўскага гледзішча цяперашняе міжнароднае становішча ў рэгіёне нагадвае сытуацыю напярэдадні Другой усясьветнай вайны. Тады ў прадчуваньні ўсё бліжэйшай ваеннай канфрантацыі СССР і Нямеччына падзялілі рэгіён Цэнтральнай Эўропы паміж сабою, пазбаўляючы сувэрэнітэту і далучаючы да сябе малыя краіны. І вось цяпер усё паўтараецца. Маўляў, калі не захопім мы, то захопяць яны, то бок Захад.

Тут можна запярэчыць. Ня факт, што канфрантацыя будзе нарастаць і завяршыцца вялікай вайной. Калі казаць пра наш рэгіён, то ўсе тутэйшыя краіны вызначыліся, на якім яны баку. Акрамя Беларусі, якая спрабуе захаваць нэўтралітэт. І цалкам рэальна займаць такую пазыцыю і далей.

Ня факт, што канфрантацыя будзе нарастаць і завяршыцца вялікай вайной

У аўтара няма ніякага сумненьня, да каго павінна далучацца Беларусь: «Узьяднаньне гістарычна рускіх зямель з Расейскай Фэдэрацыяй — гэта не капрыз Масквы, не імпэрскія замашкі, гэта гістарычная неабходнасьць». Ніякіх асаблівых абгрунтаваньняў на карысьць сваёй думкі аўтар не прыводзіць.

Эдуард Біраў не выключае і іншага варыянту:

«Альтэрнатыва гэтаму нашмат больш сумная: Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць. Калі ня восеньню 2015 падчас выбараў, то пазьней, але Захад прыступіць да гэтага, змушаючы Лукашэнку альбо здаць уладу, альбо цалкам падпарадкавацца Захаду».

Цікавая лёгіка аўтара. Калі Расея ліквідуе Беларусь, то гэта добра, а калі Захад зробіць тое ж самае, то гэта дрэнна. Але «падпарадкаваньне Захаду», чым пагражае Эдуард Біраў, ня ёсьць ліквідацыя дзяржаўнасьці. І чаму такое падпарадкаваньне будзе горшае для Беларусі, чым далучэньне да Расеі, аўтар не тлумачыць.

Таму Эдуард Біраў робіць безапэляцыйную выснову: «Адзіна правільны выхад зь цяперашняга становішча — у тым, каб Лукашэнка, калі ён сапраўды патрыёт Беларусі і рускага сьвету, правёў рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі разам з выбарамі восеньню 2015 году і ўжо ў залежнасьці ад волі народа прыняў гістарычнае рашэньне». У аўтара няма ніякага сумненьня, як прагаласуе беларускі народ: «Выяві Лукашэнка такую ініцыятыву, Беларусь ужо зімой 2015 увойдзе ў склад Расейскай Фэдэрацыі на правах асаблівай аўтаноміі».

Хачу нагадаць, што паводле сакавіцкага апытаньня НІСЭПД, на гіпатэтычным рэфэрэндуме аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі «за» прагаласавалі б 26,3%, «супраць» — 48,9%. Як жа дрэнна ведаюць у Маскве Беларусь. Нібыта бліжэйшы саюзьнік. Цікава, што ў Расеі дзясяткі аналітычных цэнтраў, аднак адмысловым вывучэньнем Беларусі не займаецца амаль ніхто. Навошта: гэта ж «рускі мір».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG