Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагуюць улады на заклік расейцаў адабраць беларускія тэрыторыі?


Ілюстрацыя з артыкулу на сайце «Спутник и погром»

Ілюстрацыя з артыкулу на сайце «Спутник и погром»

Расейскі нацыяналістычны інтэрнэт-рэсурс «Спутник и погром» зьмясьціў артыкул, у якім аспрэчваецца законнасьць далучэньня да тэрыторыі БССР у 20-я гады Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей. Робіцца гэта праз параўнаньне з далучэньнем да Ўкраіны Крыму.

«Усе ведаюць, што ў 1954 годзе Крым незаконна перадалі са складу Расейскай СФСР у склад Украінскай ССР, многія чулі, што ў 1918 годзе да Савецкай Украіны далучылі тэрыторыю Данецка-Крывароскай Савецкай Рэспублікі, аднак мала каму вядома, што ў 1920-х гадах у склад Беларускай ССР сілком загналі Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Гомельшчыну, якія раней належалі РСФСР. (...) Віцебск, Магілёў і Гомель былі перададзеныя Савецкай Беларусі як мех бульбы», — піша аўтар артыкула Кірыл Авяр’янаў-Мінскі і ў канцы свайго твору кажа пра «незаконнасьць бальшавіцкіх падарункаў, зробленых БССР у 1924 і 1926 гадах».

Як заўважалі назіральнікі, артыкул зьявіўся якраз у той час, калі ў Расеі адзначаюць гадавіну анэксіі Крымскага паўвострава, якую назвалі «вяртаньнем». Ці адрэагуюць беларускія ўлады на падобныя выказваньні? Якія захады супроць замаху на тэрыторыю Беларусі павінны рабіць беларускія спэцслужбы?

Лукашэнка: «Рускі сьвет? Забудзьце»

«Ёсьць асобныя разумнікі, якія заяўляюць, што Беларусь — гэта, як яны кажуць, частка „Рускага сьвету“ і ледзьве не Расеі. Забудзьце! Беларусь — сувэрэнная і незалежная дзяржава. Мы прымусім любога паважаць наш сувэрэнітэт і незалежнасьць, хто разважае, што не было, маўляў, такой краіны. Не было, а цяпер ёсьць, і з гэтым трэба лічыцца», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 29 студзеня 2015 году.

Ці паменела з таго часу праяваў прарасейскага нацыяналізму з боку розных грамадзкіх групаў на тэрыторыі самой Беларусі?

Назіральнікі паведамляюць, што ў гарадах Беларусі надалей раздаюць стужкі і сьцяжкі з расейскімі ды георгіеўскімі колерамі, у крамах прадаюць сувэніры з расейскай сымболікай ды партрэтамі Ўладзімера Пуціна, на вуліцах зьяўляюцца людзі з сымболікай непрызнаных прарасейскіх ДНР і ЛНР, а па Менску нават разьяжджаў аўтамабіль са сьцягам ДНР, які быў пашкоджаны невядомымі.

Розьніца паміж словам і дзеяньнем

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Апазыцыйны палітык Вінцук Вячорка згадаў пра ўжо традыцыйныя мотапрабегі па беларускай тэрыторыі расейскіх байкераў.

«Чаму ім ніхто не забараняе перасякаць Беларусь пад імпэрскімі сьцягамі, але грамадзянаў з нацыянальнымі беларускімі сьцягамі ўвесь час затрымліваюць!» — абураецца Вінцук Вячорка. Палітык ня лічыць, што Аляксандар Лукашэнка, як піша аўтар артыкула, «раскручвае махавік беларусізацыі:

— Лукашэнку беларусізацыя і ў галаву не прыходзіць. У сытуацыі пагрозы ён мусіць дбаць пра абарончы патэнцыял краіны. Як слушна сказаў адзін камандуючы, найлепшая гарантыя сувэрэнітэту — давер паміж народам і кіраўніцтвам краіны. А ў нас замест даверу ідзе закручваньне гаек, у тым ліку адносна грамадзянскай супольнасьці, якая ёсьць галоўным апірышчам і захавальніцай нацыянальнай ідэі. Што можна зазначыць? Цяпер ужо не паступае камандаў душыць пэўныя праявы нацыяналізму, як моўнае шоў ці сьвята беларускага арнамэнту. Але такія рэчы, як стварэньне беларускіх клясаў, як вяртаньне беларускай мовы ва ўнівэрсытэты, наяўнасьць рэальнага выбару мовы ў стасунках зь дзяржаўнымі ўстановамі — гэтага не было, няма і не прадбачыцца. Лукашэнка баіцца структураваньня грамадзтва і кансалідацыі грамадзтва як нацыі.

— Заяву адносна беларускіх тэрыторыяў зрабіла прыватная асоба на расейскім сайце. Ці варта рэагаваць на яе як на заяву, якая сапраўды можа нечым пагражаць тэрытарыяльнай цэльнасьці Беларусі?

— Дастаткова вывучыць досьвед падзеяў ва Ўкраіне, у Крыме, каб убачыць, што вельмі важным складнікам была інфармацыйна-палітычная падрыхтоўка. То бок мэнталітэт расейцаў рыхтаваўся да таго, што Ўкраіну трэба праглынуць. Гэтак і тут. Незалежна ад таго, ці гэта прыватная ініцыятыва, ці прафінансаваная Пуціным праца, усё роўна такія рэчы — зачэпкі для разгортваньня гібрыднай атакі на беларускую незалежнасьць. Хаця як юрыдычна, гэтак і ў сутнасьці такія заявы ніякіх падстаў ня маюць. У адрозьненьне ад Данбасу ці таго ж Прыднястроўя ўсе тры цяперашнія ўсходнія вобласьці Беларусі этнічна адзіныя, яны нічым прынцыпова не адрозьніваюцца ад заходніх ці ад Менскай вобласьці. І, дарэчы, нагадаю, што тая ж Беларуская савецкая рэспубліка была абвешчаная ў Смаленску, у межах ня толькі гэтых трох усходніх, але таксама Смаленскай і частак цяперашніх Цьвярской і Бранскай абласьцей.

— Як вы думаеце, нейкія дзеяньні з боку беларускага кіраўніцтва ці будуць у адказ на такія публікацыі?

— Ніякай заўважнай рэакцыі ня будзе. Мы памятаем некаторыя Лукашэнкавы дэклярацыйныя заявы пра недатыкальнасьць тэрыторыі Беларусі і пра тое, што чарнасоценцам трэба ўказаць іх месца. Аднак рэальнасьць такая, што і надалей ня будуць дазваляць праявы нацыянальнай салідарнасьці, затое дазвалялі і будуць дазваляць праявы імпэршчыны. Магу згадаць, як летась з Расеі ў Беларусь прыехалі гэтак званыя байкеры, якія праводзілі мотапрабег пад назвай «Па ўхабах Расеі зь любоўю». А гэта ў іх, значыць, і Полацак, і Менск, і Берасьце, куды яны заехалі са сваімі расейскімі сьцягамі і стужкамі ды пад імпэрскімі слоганамі.

У прэсавай службе КДБ не ўдалося атрымаць камэнтар да артыкула на партале «Спутник и погром». Тэлефон прэсавай службы на званкі не адказвае, на сайце ведамства на гэтую тэму нічога ня зьмешчана. А ўвогуле, ці трэба спэцслужбам рэагаваць на праявы нацыяналізму, скіраваныя на тваю краіну?

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка мяркуе, што менавіта па працы з падобнымі зьявамі трэба цяпер вырашаць, ці на сваім месцы той ці іншы супрацоўнік спэцслужбаў.

Валер Костка

Валер Костка

«Спэцслужбы павінны на гэта рэагаваць як на спробу захопу тэрыторыі Беларусі, парушэньне сувэрэнітэту і незалежнасьці. А гэта асабліва небясьпечнае дзяржаўнае злачынства. На гэта спэцслужбы павінны рэагаваць у першую чаргу, рабіць усе захады, каб не распаўсюджвалі гэтыя шалёныя меркаваньні, ды неяк блякаваць дзейнасьць тых актывістаў, якія зараз па заданьні пачнуць рыхтаваць глебу да стварэньня „віцебскай народнай рэспублікі“, „магілёўскай рэспублікі“ і гэтай далей. А калі яны ня будуць рэагаваць, дык трэба іх разганяць, і ўсё пытаньне.

Трэба рэагаваць дзеяньнямі, а ня словамі. Але пакуль з боку нашага кіраўніцтва я бачу толькі словы. Чаму дагэтуль працягваюць у нас распаўсюджваць гэтыя стужкі? Чаму міліцыя не рэагуе, калі тут езьдзяць са сьцягамі гэтых „народных рэспублік“? Гэта ж для іх падстава пачынаць далейшыя дзеяньні. „А, вы не рэагуеце? Значыць, трэба рабіць наступны крок“. А калі мы адрэагуем, то супакояцца, пачнуць шукаць нейкія іншыя варыянты. Але збольшага яны ня спыняцца. Пакуль Пуцін ва ўладзе ў Расеі, ніякіх спадзяваньняў чакаць ня варта. Ва Ўкраіне ніхто не чакае, і Беларусі ня варта чакаць», — мяркуе Валер Костка.

Кірыл Авяр’янаў-Мінскі паведаміў карэспандэнту «Нашай нівы», што раней яго пазбавілі беларускага грамадзянства ў сувязі з «атрыманьнем расейскага». Паводле дадзеных газэты, у сьнежні мінулага году КДБ рабіў праверку артыкулаў аўтара, але не знайшоў у іх заклікаў да дзеяньняў супроць Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG