Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК ў суботу працуе, але новыя дакумэнты ўжо не прымае


Экспэрты Цэнтральнай выбарчай камісіі працуюць у суботу, 18 ліпеня, над матэрыяламі, якія паступілі у ЦВК напярэдадні, у апошні дзень падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Пра гэта Свабодзе паведамілі сёньня ў Цэнтарвыбаркаме. Тут патлумачылі:

«Мы хочам, каб дакумэнты ўсіх прэтэндэнтаў, нават тых, якія падалі заявы ў самы апошні час, былі разгледжаныя на паседжаньні ЦВК у панядзелак, 20 ліпеня».

Экспэрты ЦВК адзначаюць, што ў сьпісах чальцоў ініцыятыўных груп існуюць дзьве асноўныя памылкі. Першая — трапляюцца асобы, якім яшчэ няма 18 гадоў. Другая — ёсьць асобы, якія зьяўляюцца грамадзянамі іншых краін альбо асобамі без грамадзянства.

«Гэта, можна сказаць, чыста тэхнічная праверка. Мы не праводзілі апытаньняў людзей, якія запісаныя ў сьпісы, каб ніхто не казаў, што Цэнтравыбаркам ажыцьцяўляе псыхалягічны ціск. Адсочваем толькі ўзрост і грамадзянства. Асаблівая ўвага тым, хто нарадзіўся ў 1997 годзе. Дарэчы, у іх дадзеных трэба абавязкова паказваць месяц і дзень народзінаў. Для ўсіх іншых дастаткова запісаць толькі год нараджэньня», — сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

20 ліпеня ЦВК мае намер разгледзіць дакумэнты 11 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Тры ініцыятыўныя групы ўжо зарэгістраваныя. Зборам подпісаў за Аляксандра Лукашэнку змогуць займацца 10 577 чалавек, за Сяргея Калякіна — 1511, за Сяргея Гайдукевіча — 2481.

Зьбіраць подпісы можна з 23 ліпеня да 21 жніўня ўключна.

XS
SM
MD
LG