Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто лепш дапамагае сваёй дыяспары: палякі ці беларусы?


Манастыр Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы у Супрасьлі, у адбудове якога ўдзельнічала беларуская дзяржава. Фота — ©Shutterstock

Манастыр Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы у Супрасьлі, у адбудове якога ўдзельнічала беларуская дзяржава. Фота — ©Shutterstock

Старшыня верхняй палаты польскага парлямэнту Багдан Барусевіч сустрэўся ў Варшаве з прадстаўнікамі дыяспары. Сустрэча адбылася з нагоды Дня Палёніі (польскай дыяспары), які адзначаецца 2 траўня.

Палітык паведаміў, што за апошнія 23 гады на падтрымку дыяспары пайшло 850 мільёнаў злотых і што «найбольш грошай трапіла ў Літву, Украіну і Беларусь». Гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца на летні адпачынак дзяцей, ахову нацыянальнай спадчыны, падтрымку польскамоўных СМІ, на адукацыю, на рамонт школ, аб’ектаў культуры і храмаў.

Сёлета на падтрымку палякаў у сьвеце ў бюджэце заплянавана 162 мільёны злотых.

Гэта што датычыць Польшчы і палякаў. А якую падтрымку аказвае Рэспубліка Беларусь беларусам у сьвеце і, у прыватнасьці, у Польшчы, дзе пераважная бальшыня этнічных беларусаў пражывае на Беласточчыне?

Сёньня працягвае дзейнічаць дзяржаўная праграма супрацоўніцтва зь беларусамі замежжа «Беларусы ў сьвеце», разьлічаная на 2013–15 гады. Праўда, яна была зацьверджаная Саветам міністраў толькі 3 сьнежня 2013 году. На рэалізацыю гэтай дзяржаўнай праграмы, як было падлічана, «спатрэбяцца сродкі ў суме 6447,0 млн рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 6157,0 млн рублёў, мясцовых бюджэтаў — 290 млн рублёў. Зь іншых крыніц фінансавыя сродкі не прадугледжваюцца». Каардынатарам было прызначана Міністэрства культуры

Паводле праграмы «Беларусы ў сьвеце», «колькасны склад беларускай дыяспары ў сьвеце, паводле інфармацыі з розных крыніц, складае каля 2,5 млн чалавек і мае найбольш трывалае прадстаўніцтва ў суседніх зь Беларусьсю краінах (Расея, краіны Балтыі, Украіна, Польшча, Казахстан, Малдова)». Такім чынам, польскія беларусы не зьяўляюцца для ўлады прыярытэтам.

У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культураў, які задзейнічаны ў праграме «Беларусы ў сьвеце», адказалі, што працуюць зь Беларускім грамадзка-культурным таварыствам (БГКТ) у Польшчы, якім кіруе Ян Сычэўскі. Намесьнік дырэктара цэнтру Валянціна Грышкевіч паведаміла:

«Дапамагаем, вядома, з касьцюмамі, там многа калектываў, якія сьпяваюць беларускія песьні, папулярызуюць беларускую культуру. Мы таксама перадаём ім дыскі, літаратуру аб Беларусі. Там у лютым у іх звычайна гала-канцэрт агульнапольскага фэстывалю беларускай песьні. І звычайна туды едзе калектыў зь Беларусі выступаць. Грошы мы ім ніколі не перадавалі і не перадаём. А аказваем такую дапамогу: зборнікамі песень, шыем беларускія сцэнічныя касьцюмы».

Грошы мы ім ніколі не перадавалі і не перадаём. А аказваем такую дапамогу: зборнікамі песень, шыем беларускія сцэнічныя касьцюмы

Летась для дыяспары ў Менску быў наладжаны Фэстываль мастацтва беларусаў сьвету. Паводле Валянціны Грышкевіч, удзельнікі прыехалі сваім коштам: «А харчаваньне і пражываньне, канечне, аплачвалі мы, Міністэрства культуры».

Лепшыя былі адзначаны. Валянціна Грышкевіч удакладніла:

«Мы праводзілі сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары конкурс „Культура“. Яны дасылалі нам свае матэрыялы: што яны зрабілі за год. Якія сьвяты правялі, як папулярызавалі беларускую культуру. Яны дасылалі альбомы, дыскі, фільмы. У нас камісія была, мы ўзнагароджвалі дыплёмамі цэнтру і ўручалі каштоўныя падарункі».

Што да падарункаў, гэта маглі быць кнігі ці мужчынскія вышываныя сарочкі, зазначыла намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культураў. Сярод узнагароджаных «за значны ўклад у папулярызацыю беларускай культуры ў краінах пражываньня» і адна ўстанова зь Беласточчыны — гэта муніцыпальны цэнтар культуры гміны Нараўка, якім кіруе Алена Рэянт.

Тым часам старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа зазначае, што беларуская дзяржава не падтрымлівае зь ягонай арганізацыяй ніякіх адносінаў. З ідэалягічных матываў, кажа ён. Спадар Вапа, які шмат гадоў вядзе ў Польшчы нястомную працу па прапагандзе беларускай культуры, школы, разьвіцьці беларускіх СМІ, на сёньняшні дзень, па яго словах, неўязны ў Беларусь.

Калі параўноўваць Польшчу і Беларусь у пляне дапамогі дыяспарам, то Беларусь — бяднейшая краіна, кажуць некаторыя польскія беларусы. Таму мала сэнсу разьлічваць на фінансавую падтрымку зь яе боку. Хаця ў часы Шушкевіча, калі становішча эканомікі было вельмі цяжкое, беларуская дзяржава дапамагала дабудаваць беларускі музэй у Гайнаўцы і выдзяляла сродкі на адбудову славутага манастыра ў Супрасьлі, дзе цяпер, у прыватнасьці, музэй праваслаўных абразоў.

На сёньняшні дзень з музэем у Гайнаўцы супрацоўнічае культурны цэнтар пры беларускай амбасадзе ў Варшаве. Раней ён быў у Беластоку, але па просьбе польскага боку яго перанесьлі ў сталіцу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG