Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане разьвіталіся з айцом Аляксандрам Надсанам


Разьвітацца са сьвятаром у царкву Сьвятой Марыі ў Лёндане прыйшлі больш за 100 чалавек — актывісты беларускай дыяспары, сябры Аляксандра Надсана. Адпяваньне працягвалася каля дзьвюх гадзінаў, яго праводзілі дзесяць сьвятароў на чале з біскупам украінскай царквы.

Падчас службы гаварылася, што айцец Надсан — сьветлы чалавек вялікай душы і памяць пра яго будзе назаўсёды ў тых, хто яго ведаў і тых, каму ён дапамагаў. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сказала, што яна зь вялікім жалем разьвітваецца з айцом Аляксандрам, але таксама і з радасьцю за тое, што Беларусь мае такіх людзей, якія сваім прыкладам даюць пэўную надзею на тое, што Беларусь будзе вольнай.

Браян Бэнэт, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі, а цяпер кіраўнік Англа-беларускага таварыства падчас разьвітаньня казаў пра надзвычай важную ролю ў жыцьці беларускай дыяспары, якую адыгрываў айцец Аляксандар Надсан.

Цырымонія разьвітаньня пачалася ўчора, 28 красавіка. Труну зь целам спачылага айца Аляксандра Надсана выставілі для разьвітаньня ў Марыян Хаўз у Лёндане ў царкве, дзе дзесяцігодзьдзі служыў Аляксандар Надсан, дзе ён кожную раніцу маліўся за Беларусь. Удзел у разьвітальнай цырымоніі бралі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Апостальскі візытатар для грэка-каталікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Апостальскі візытатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан знайшоў свой апошні спачын на найвялікшых у Вялікабрытаніі што да колькасьці пахаваньняў могілках сьвятога Панкрата ў Лёндане. Там пахаваныя беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, архімандрыт Леў Гарошка, айцец Язэп Германовіч, айцец Тамаш Падзява, айцец Фелікс Журня, айцец Кастусь Маскалік, а таксама і іншыя беларускія дзеячы.

Айцец Аляксандар Надсан памёр у Лёндане 15 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG