Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкоду нанёс дзяржаве — грошы на стол у двухкротным-трохкротным памеры, і пайшоў. Не заплаціць грошы — будзе сядзець у турме», — заяўляў Аляксандар Лукашэнка.

Колькі трэба заплаціць уладзе, каб ня трапіць за краты, і як за грошы экс-дырэктара «Ждановіч» пабудавалі «Чыжоўка-арэну» — Радыё Свабода аналізуе, хто ў Беларусі можа купіць свабоду.

Паводле зьвестак з Крычава, былы дырэктар Крычаўскага цэмэнтнага заводу Леанід Скоцкі, якога пачалі судзіць за хабар і злоўжываньні, падаваў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. У ім ён прызнаваў нанесеную шкоду і абяцаў яе кампэнсаваць, але станоўчага адказу не атрымаў. Афіцыйна гэтыя зьвесткі не пацьверджаныя.

Назіральнікі не выключаюць, што ніхто з прадстаўнікоў сьледзтва і суду не бярэцца пра гэта казаць, бо такія дадзеныя кампрамэтуюць дзейную сыстэму кіраваньня, у якой для пэўнай катэгорыі грамадзянаў існуе «права на індульгенцыю». Між тым чуткі пра тое, што на імя Лукашэнкі дасланае падобнае прашэньне аб памілаваньні, суправаджаюць бадай што кожную гучную справу аб карупцыі. Чым гэта выклікана?

Пачатак паклала Галіна Жураўкова

Галіна Жураўкова

Галіна Жураўкова

Першы гучны выпадак памілаваньня Лукашэнкам былога высокапастаўленага чыноўніка, асуджанага за карупцыю, здарыўся ў 2005 годзе. Тады судзілі былую кіраўніцу спраў прэзыдэнта Галіну Жураўкову. Вярхоўны суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы зь дзяржаўнага бюджэту больш як 3 мільёнаў даляраў і асудзіў на 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і абавязкам сплаціць нанесеную шкоду.

Але за краты чыноўніца так і ня трапіла. Журналісты зьдзіўляліся, але нават на абвяшчэньне прысуду Жураўкова не зьявілася, спаслаўшыся на хваробу. Толькі праз год стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка асабістым указам памілаваў Галіну Жураўкову. Дагэтуль невядома, ці сплаціла экс-чыноўніца хаця б даляр з прызначанай судом сумы. Пазьней зьявілася інфармацыя, што Галіна Жураўкова зьехала ў Расею, дзе працягвае займацца бізнэсам.

Адпрацаваная схема: арышт — прапанова — прашэньне

У сьпісе экс-чыноўнікаў, якія адкупіліся ад турмы, ужо некалькі дзясяткаў чалавек. Большасьць зь іх — гэта невядомыя шырокай публіцы асобы. Па зьвестках, сьпіс папаўняюць ня толькі былыя чыноўнікі, але і экс-гаспадарнікі, бізнэсмэны, сілавікі.

На пачатку 2010-х гадоў хадзілі ўпартыя чуткі, што Аляксандар Лукашэнка ўрэшце памілаваў групу былых супрацоўнікаў КДБ, якія займаліся кантрабандай празь берасьцейскую мытню. Ва ўсякім разе, гэтая гучная справа да суду не дайшла.

Пра асобныя выпадкі «памілаваньня пасьля кампэнсацыі» грамадзкасьць даведваецца ад самога Аляксандра Лукашэнкі ці набліжаных да яго асобаў. Гэтак, на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 23 сьнежня 2011 году Лукашэнка распавёў пра старшыню рады дырэктараў акцыянэрнага таварыства «Белзамежбуд» Віктара Шаўцова, якога напярэдадні арыштавалі паводле падазрэньня ў карупцыі. «Шкоду нанёс дзяржаве — грошы на стол у двухкротным-трохкротным памеры, і пайшоў. Не заплаціць грошы — будзе сядзець у турме», — абураўся Лукашэнка на адрас Шаўцова. Вядома, што ў выніку справа Віктара Шаўцова да суду не дайшла. Між тым і памер кампэнсацыі, якую, магчыма, выплаціў гаспадарнік, застаўся невядомым.

Яўген Шыгалаў

Яўген Шыгалаў

Яшчэ адным гучным выпадкам у падобнай сэрыі стала справа гендырэктара гандлёвага дому «Ждановічы», цяпер ужо нябожчыка Яўгена Шыгалава. Вядомага бізнэсмэна арыштавалі ў красавіку 2008 году паводле падазрэньня ў злоўжываньні ўладай. Сьледчыя падлічылі, што прадпрымальнік нібыта нанёс дзяржаве шкоду ў 40 тысяч даляраў. З турмы Яўген Шыгалаў трапіў у шпіталь, пасьля вызваленьня пад падпіску лячыўся за мяжой. Больш як праз год стала вядома, што Яўгена Шыгалава Аляксандар Лукашэнка памілаваў з умовай кампэнсаваць шкоду, якую суд так і ня вызначыў. Пазьней тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў распавёў, што частка грошай, атрыманых у якасьці кампэнсацыі ад Яўгена Шыгалава, была прызначана для будоўлі хакейнага палаца «Чыжоўка-арэна».

Апошні гучны факт, калі ўдалося пазбавіцца ад судовай адказнасьці, скарыстаўшыся правам на памілаваньне, — гэта справа былога старшыні канцэрну «Белнафтахім» Ігара Жыліна. Пра гэты выпадак вядома таксама з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Жылін

Ігар Жылін

«Калі чалавек кампэнсаваў гэтыя выдаткі — ня самы ж страшны карупцыянэр. Ён нанёс вялікую шкоду дзяржаве — гэта дрэнна. Кампэнсаваў — ня трэба яго хапаць і цягнуць за краты», — гэтак кіраўнік Беларусі заступаўся за Ігара Жыліна ў ліпені 2014 году на нарадзе, якая прысьвячалася барацьбе з карупцыяй.

Назіральнікі адзначаюць, што пры гэтым былому намесьніку Жыліна Ўладзімеру Волкаву, абвінавачанаму ў хабары, тады ж суд даў 8 гадоў зьняволеньня. Адносна Волкава былі зьвесткі, што ён таксама пагаджаўся на дасудовую кампэнсацыю шкоды і прасіў аб памілаваньні, але, відаць, не ўдалося.

Ідэя Натальлі Пяткевіч жыве і перамагае

На якой падставе адных чыноўнікаў-карупцыянэраў мілуюць, а другіх саджаюць за краты?

Журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на карупцыйнай тэматыцы, кажа, што падстава для гэтага — права прэзыдэнта на памілаваньне злачынцаў, якое запісанае ў Канстытуцыі.

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

«Ёсьць камісія па памілаваньні пры прэзыдэнце, куды падаюцца заявы. Вядома, праблема ў тым, каб заяву туды прынялі. Вядома, што яшчэ былая дарадца Лукашэнкі Натальля Пяткевіч „прасоўвала“ гэтую ідэю: што кампэнсуй страты — і вызваляйся. Чуў, што нават былі спрэчкі адносна памеру кампэнсацыі. Адны казалі пра падвойны памер, некаторыя — нават у чатыры разы большы, чым шкода. Але ня ведаю дакладна, які памер урэшце вызначаны. Затое мы пэўна бачым, што гэта ўжо працуе».

У канцы студзеня стала вядома, што былы дэпутат Савету Рэспублікі, бізнэсовец з Магілёва Віталь Кастагораў, які летась быў арыштаваны паводле падазрэньняў у эканамічных злачынствах, выйшаў на волю пад падпіску аб нявыезьдзе. Як паведамляў партал tut.by, Кастагораў кампэнсаваў вызначаную сьледзтвам шкоду ў трохкротным памеры. Ён нібыта сплаціў у бюджэт 340 тысяч эўра і 15 тысяч даляраў. Між тым пакуль няма зьвестак, што сьледзтва па ягонай справе завершанае і справа ня трапіць у суд.

Пралаз для прывілеяваных застаецца

Пэўная кропка ў адпрацоўцы сыстэмы вызваленьня ад судовай адказнасьці за карупцыйныя злачынствы праз кампэнсацыю будзе пастаўленая з прыняцьцем паправак у Крымінальны ды іншыя кодэксы. Папраўкі ўжо распрацаваныя і ў лістападзе прайшлі першыя чытаньні ў ніжняй палаце Нацыянальнага сходу. Карупцыянэр, які на сьледзтве прызнаў сябе вінаватым, пагадзіўся пакрыць шкоду і «здаў» падзельнікаў, зможа разьлічваць на дасудовае пагадненьне і праз гэта пазьбегнуць турмы.

Аглядальнікі мяркуюць, што гэтыя зьмены ў законы будуць прынятыя ўжо да лета 2015 году ў другім чытаньні, а пасьля таго, як іх падпіша Аляксандар Лукашэнка, яны пачнуць дзейнічаць. Пры гэтым мэханізм пазбаўленьня ад адказнасьці праз прэзыдэнцкае памілаваньне таксама застаецца. «Гэта для асабліва заслужаных, прывілеяваных», — адзначаюць назіральнікі.

XS
SM
MD
LG