Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдар Лісіца не прызнае сябе вінаватым і актыўна абараняецца


«Здымацца не хачу», — сказаў Фёдар Лісіца і адвярнуўся ад фотаапарату

«Здымацца не хачу», — сказаў Фёдар Лісіца і адвярнуўся ад фотаапарату

У Менску працягнуўся працэс над былым першым намесьнікам міністра лясной гаспадаркі Фёдарам Лісіцам, якога абвінавачваюць у карупцыйных злачынствах.

Працэс над Фёдарам Лісіцам, які пачаўся тры тыдні таму ў будынку Салігорскага раённага суду, 2 сакавіка аднавіўся ў памяшканьні Менскага абласнога суду ў Менску. Былы першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Фёдар Лісіца абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — аб злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі і аб перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў. Па кожным зь іх экс-чыноўніку пагражае да 8 гадоў зьняволеньня. Як ставіцца сам Фёдар Лісіца да абвінавачаньня?

Паводле зьвестак з суду, як на пачатку працэсу Фёдар Лісіца сваёй віны не прызнаваў, так і цяпер яго пазыцыя засталася нязьменнай.

Адзін з эпізодаў тычыцца дому ў вёсцы Ясковічы Салігорскага раёну. Абвінавачаны пабудаваў яго на зямлі, якую атрымаў, на погляд сьледзтва, з парушэньнем зямельнага заканадаўства, і пры гэтым нібыта нанёс зямлі шкоды на 1,3 мільярда рублёў.

Другі эпізод тычыцца катэджу плошчай 251 квадратны мэтар у вёсцы Тычыны Салігорскага раёну, які Лісіца нібыта незаконна прыватызаваў.

Гэтыя эпізоды адносяцца да пэрыяду, калі Фёдар Лісіца яшчэ не працаваў намесьнікам міністра лясной гаспадаркі, а быў лясьнічым і загадчыкам лясгасу.

Трэці эпізод ужо прыпадае на ягоную працу ў міністэрстве і тычыцца службовай кватэры ў Ждановічах пад Менскам, якую чыноўнік спрабаваў зрабіць сваёй уласнасьцю нібыта празь незаконныя схемы.

На ранейшых пасяджэньнях у Салігорску, як паведаміла прэсавая служба суду, былі заслуханы каля 80 сьведак. Цяпер прыйшла чарга сьведак, якія жывуць у Менску.

Дом Фёдара Лісіцы

Дом Фёдара Лісіцы

Сьведка Раман Бузуноўскі — начальнік вытворчага аддзелу ўнітарнага прадпрыемства «Белдзяржлес», якое займаецца вырабам мапаў ляснога ўладкаваньня. Гэтыя мапы на кожны зь лясоў складаюцца нанава кожныя дзесяць гадоў. На працэсе над Фёдарам Лісіцам сьведку давялося шмат распавядаць пра тэхналёгію гэтых працаў, у тым ліку тлумачыць, чаму на мапах розных гадоў межы лясных гаспадарак могуць не супадаць. Сьведка тлумачыў гэта аб’ектыўнымі зьявамі, у тым ліку тэхнічнымі памылкамі людзей, якія складаюць гэтыя мапы. «Так здараецца, што адзін участак лесу паводле гэтых мапаў можа належаць двум уласьнікам», — прызнаў сьведка і прывёў у прыклад лясныя ўчасткі ў Лагойскім раёне, а таксама на мяжы з Украінай.

Пры чым тут справа Фёдара Лісіцы? Аказваецца, ягоны дом каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёну быў пабудаваны на зямлі, якая раней уваходзіла ў Лясны фонд, а цяпер паводле дакумэнтаў у ім ня значыцца. Як магло гэтак здарыцца? Сьледзтва знайшло накід, зь якога рабілася афіцыйная мапа ўчастку. На ім аказаліся сьляды падцёртасьці — магчыма, гэта было зроблена наўмысна, каб зьнішчыць доказы махінацыяў зь зямлёй. Таксама сьледзтва мяркуе, што Фёдар Лісіца, калі быў дырэктарам Старобінскага лясгасу, наўмысна зрабіў гэтак, каб лясгас адмовіўся ад гэтага ўчастку зямлі.

Сьведка Мікалай Семянкоў, які працаваў у камісіі Дзяржкантролю, што правярала Старобінскі лясгас, пацьвердзіў суду: па дакумэнтах гэтая зямля ўсё роўна належыць Лясному фонду, прычым знаходзіцца каля ракі ў прыродаахоўнай зоне. «Між тым там пабудаваныя дамы і разьбітыя гароды. Настойваю, што гэта ўсё пабудавана незаконна», — заявіў суду былы правяраючы, які вызначаў памер шкоды, нанесенай Фёдарам Лісіцам.

Абвінавачаны чыноўнік з такімі высновамі ня згодны. Паводле ягоных словаў, участак, на якім ён разам з былой жонкай пабудаваў дом, раней уваходзіў у землі калгасу «Праўда» і ня быў у Лясным фондзе. Участак быў паводле рашэньня мясцовага сельсавету выдзелены ягонай былой жонцы пад індывідуальнае будаўніцтва.

Назіральнікі адзначаюць, што ў судзе Фёдар Лісіца паводзіць сябе досыць упэўнена, задае шмат пытаньняў сьведкам, актыўна карыстаецца рознымі дакумэнтамі. Сярод публікі, якая сочыць за працэсам, заўважана шмат знаёмых і сяброў былога высокапастаўленага чыноўніка, якія, аднак, не жадаюць кантактаваць з журналістамі. «Здымацца не хачу», — сказаў Фёдар Лісіца і адвярнуўся ад фотаапарату, калі карэспандэнт спрабаваў зрабіць фатаздымак яго ў жалезнай клетцы.

XS
SM
MD
LG