Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне няма дарогі назад», — ад «людзей Кадырава» чачэнцы бягуць у Эўропу празь беларуска-польскую мяжу


Цягнік у Тэрэспаль зь Берасьця стаў у два разы даўжэйшым. Замест трох-чатырох вагонаў цяпер паміж памежнымі гарадамі курсуе склад ажно з васьмю перапоўненымі вагонамі. Большасьць пасажыраў — уцекачы з Чачні, якія спадзяюцца застацца ў Польшчы.

Згодна са статыстыкай польскага боку, за першыя пяць месяцаў сёлета колькасьць мігрантаў з Чачні вырасла болей, чым у два разы. Летась цягам першых пяці месяцаў да памежнікаў у Тэрэспалі з просьбай аб наданьні статусу ўцекача зьвярнуўся 1641 чачэнец. Сёлета ж за аналягічны пэрыяд такіх заяваў было 3763.

Прычынаў таму шмат. Сярод іх і мігранцкі крызіс у Эўропе. Пашыраюцца чуткі, што межы ў будучыні будуць зачыненыя для бежанцаў і мігрантаў. Самі ж чачэнцы на вакзале ў Берасьці кажуць, што зьяжджаюць з радзімы, бо жыць далей у сваёй краіне немагчыма.

«Баюся, што і тут, у Берасьці, могуць быць людзі Кадырава»

Разгаварыць чачэнцаў на вакзале ў Берасьці — досыць складаная задача. Яны баяцца зносінаў з журналістамі, а да таго ж ня маюць гарантыяў, што ўдасца патрапіць у Польшчу, а не давядзецца вяртацца на радзіму. Гаварыць, хаця і не адкрыта, безь відэазапісу, пагаджаюцца найбольш даведзеныя да роспачы выхадцы з Каўказу.

Распавядае мужчына з Чачні, які разам з жонкай і двума дзецьмі адпачываў у залі чаканьня Берасьцейскага вакзалу пасьля няўдалай спробы эміграваць у Польшчу:

«У мяне цяпер няма дарогі назад. Праз пагаршэньне эканомікі ў нашым рэгіёне ўлады пачынаюць проста выціскаць апошнія кроплі зь людзей. Мы мусім плаціць даніну, каб спакойна жыць і працаваць.

У нармальных краінах людзі плацяць падаткі, а мы, як у сярэднявеччы — даніну чыноўнікам».

Суразмоўца расказвае, як некалькі дзён таму два пазадарожнікі «Лексус» заблякавалі ягоны падворак. З машын павыходзілі ўзброеныя людзі ў камуфляжы і запатрабавалі, каб ён «заплаціў за газ».

«Я карыстаюся ім літаральна некалькі гадоў, але ад мяне сталі патрабаваць аплаты за дзесяць гадоў, калі не было ў маёй мясцовасьці нават газаправоду. Сума даніны перавышае 50 тысячаў расейскіх рублёў. Адкуль у мяне такія сродкі?» — кажа чачэнец.

«Для нашых чыноўнікаў няма законаў, яны самі і закон, толькі мэтады ў іх бандыцкія, — працягвае мужчына. — Чым далей, тым горш становіцца. Людзі запужаныя вельмі. Адсюль і рэзка так пабольшала бежанцаў. Апошнім часам мясцовыя ўлады нават увялі адмысловы аброк і з тых, хто мае намер пакінуць краіну. Таксама ўрываюцца сілаю ў дамы, адбіраюць грошы. Нікому немагчыма паскардзіцца. Шчыра скажу, баюся, што і тут, у Берасьці могуць быць людзі Кадырава, гэтак жа сама і за мяжою. Таму сказаць, што цяпер, альбо ў Польшчы, я буду ў поўнай бясьпецы — не выпадае».

Чачэнскі «дзень сурка» на вакзале ў Берасьці

Чачэнцы робяць спробы выехаць у Польшчу раз на дзень, звычайна ранішнім цягніком. Большасьць вяртаецца назад па абедзе, каб спрабаваць яшчэ і яшчэ наступнымі днямі. Некаторыя кажуць, што часам даводзіцца рабіць нават да 40 спробаў пераезду, а потым, як канчаюцца грошы, вяртацца назад у Чачню.

Польскі бок дае прытулак толькі адзінкам. Вось што распавядае жанчына з Чачні:

«Сёньня засталіся толькі сем сямей. Усе восем вагонаў цягніка зь Берасьця запоўненыя. А вось засталіся ў Польшчы толькі адзінкі. Астатнія высланыя назад. Польскія памежнікі звычайна не прапускаюць адзінокіх людзей, толькі сямʼя мае шанец застацца, — кажа яна. — Сытуацыя на нашай Радзіме стала невыносная. Добра толькі для „кадыраўцаў“ і набліжаных да ўлады. Астатнія на мяжы выжываньня. Пастаянны ціск на людзей».

Па словах жанчыны, у яе сямʼі «няма болей дарогі назад».

«У Чачні мы прадалі дом, машыну, у нас там ужо анічога не засталося. Цяпер вось за гэтыя грошы спадзяемся трапіць у Польшчу. Калі ня ўдасца — то ня ведаю, што будзем рабіць. Мала таго, грошы заканчваюцца, а што тады — невядома. Штодзень мы плацім у Берасьці за жытло 25 эўраў. Акрамя гэтага трэба неяк і харчавацца. У нас з адкладзеных грошай засталося пражыць тут яшчэ тры-чатыры дні. А што далей — ня ведаю. Дый баюся нават думаць».

«Я ўжо нават думаў пра тое, каб застацца ў Беларусі»

Галоўным матывам пераезду зьяўляецца жаданьне даць дзецям адукацыю, даць ім бясьпеку. Распавядае ўцякач з Чачні, які працаваў там будаўніком:

«Для дзяцей гэта страшны стрэс, бачыць, як ад бацькоў патрабуюць плаціць даніну. Але дадому я дакладна не вярнуся. Ведаю, што мяне і маю сямʼю там проста забʼюць.

Я ўжо нават думаў пра тое, каб застацца наагул у Беларусі. Можа, недзе знойдзецца для мяне праца. Хоць і ня ведаю, якім чынам мне тут удасца пракарміць дзяцей. Зь іншага боку — вяртаньне назад — гэта на ўсё жыцьцё быць рабом у мясцовага кіруючага клану. Раней у мяне не было думак пра выезд. Але сёлета стала немагчыма існаваць. Тры разы на тыдзень да мяне наведваліся прадстаўнікі мясцовых уладаў з сваімі людзьмі, якія заўсёды ўзброеныя, ды патрабуюць аплаты даніны.

Я сёньня ехаў празь мяжу ўпершыню. У мяне такое адчуваньне, што з нас проста зьдзекуюцца. Атмасфэра на памежнымі пераходзе проста вымучвае, як у фізычным, так і ў псыхалягічным пляне. Можа знарок так узьдзейнічаюць, каб менш было жаданьня ехаць празь мяжу».

Зрэшты, пераезд у Польшчу — гэта сапраўднае выпрабаваньне. Польскія службы неахвотна прымаюць уцекачоў з Каўказу. Галоўным чынам таму, што большасьць бежанцаў пасьля атрыманьня дазволу на пераезд у лягер для ўцекачоў, пакідаюць краіну і едуць далей у заходнія краіны Эўропы. Агулам жа ў Польшчы сёньня пражываюць каля 20 тысячаў чачэнцаў. Адсюль і значны рост колькасьці ўцекачоў з Чачні зафіксаваны ў Нямеччыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG