Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля Брэксіту паміж Менскам і Лёнданам цалкам магчымае пацяпленьне»


Ці аслабіцца Эўразьвяз у выніку рэфэрэндуму ў Брытаніі, ці памяняюцца адносіны паміж Брусэлем і краінамі-ўдзельнікамі? Ці зьменіцца стаўленьне большасьці беларусаў да праекту эўрапейскай інтэграцыі пасьля брытанскага рэфэрэндуму? Як ён паўплывае на адносіны афіцыйных Менску і Лёндану?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч і палітоляг Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Якія геапалітычныя наступствы Брэксіту? Ці можна сказаць, што Эўразьвяз цяпер аслабіцца? Ці можа, наадварот, вынікі рэфэрэндуму стануць пэўным карысным званком у палітыцы Брусэлю — магчыма, яны зразумеюць, што многія народы супольнасьці не жадаюць большай інтэграцыі і цэнтралізацыі?

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Я ня бачу тут нейкага супрацьпастаўленьня. Так, мяркую, што Эўразьвяз на пэўны час аслабне, ёсьць шэраг краінаў, якія будуць палохаць Брусэль сваім патэнцыйным выйсьцем і патрабаваць нейкіх новых выгадаў. Гэта новае выпрабаваньне для Эўразьвязу, але ён прайшоў вельмі шмат у сваім разьвіцьці. Таму, спадзяюся, што і тут ён здолее кансалідавацца, знайсьці новыя шляхі для абʼяднаньня і пачаць рухацца наперад. Але, мяркую, гэта адбудзецца не адразу.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Янукевіч: «Віну», калі можна так сказаць, варта ўскладаць не на брытанскі народ і мэдыі, а на эўразьвязаўскі палітычны істэблішмэнт, які мінулыя некалькі гадоў відавочна ігнараваў шмат якія праблемы ў Зьвязе, настроі і тэндэнцыі яго грамадзянаў. І на маю думку, лёс Эўразьвязу ў вялікай ступені будзе залежыць ад таго, як адрэагуе Брусэль.

Калі будзе прадэкляравана, што «так, мы ня мусім паўтарыць многія памылкі, мусім удасканальваць сваю ўнутраную арганізацыю ў інтарэсах жыхароў нашых краінаў» — тады, я думаю, што лёс Зьвязу будзе нармальны. Але калі будзе рэфлекторная рэакцыя — «давайце згуртуемся, яшчэ больш дадзім улады Брусэлю, яшчэ большая цэнтралізацыя, толькі так мы можам выстаяць, а нязгодныя мусяць змоўкнуць» — тады, я думаю, мы сапраўды, можам убачыць «парад сувэрэнітэтаў», пачынаючы з паўночных краінаў.

Для самой Брытаніі кароткатэрміновыя наступствы, безумоўна, будуць нэгатыўнымі. Бо тая няпэўнасьць, якая аўтаматычна зьявілася вакол галасаваньня, бʼе па фінансавых рынках і бізнэсе. Аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве, я думаю, усё выраўняецца, усталюецца, і Брытанія будзе нармальна разьвівацца.

Цыганкоў: Ці стане гэты рэфэрэндум такім паваротным крокам, пасьля якога ўмоўны Брусэль зразумее, што на сёньня большасьць народаў эўрапейскіх дзяржаваў выступае за захаваньне пэўнай самастойнасьці сваіх краінаў у прыняцьці рашэньняў, выступае супраць далейшай інтэграцыі і ўзмацненьня «цэнтру»? Ці будзе пачута гэтае пасланьне?

Фёдараў: Я мяркую, што будзе. Рэч у тым, наколькі сурʼёзнай і глыбокай будзе іхняя рэакцыя. Брусэльскі істэблішмэнт рабіў гэта ня дзеля нейкіх сваіх інтарэсаў, — а з-за перакананьня, што так будзе лепей для Эўропы. Магчыма, яно было памылковым. Але я думаю, што гэтыя людзі дастаткова разумныя, каб зразумець, што трэба нешта мяняць. Думаю. Нейкія паслабленьні будуць. Пытаньні ў тым — наколькі вялікія.

Цыганкоў: Як бы вы ацанілі наступствы гэтага рэфэрэндуму для Беларусі, напрыклад, для беларускіх праэўрапейскіх настрояў?

Янукевіч: Я лічу, што з гэтага пункту гледжаньня для Беларусі нэгатыўных вынікаў ня будзе. Паводле майго перакананьня, якое грунтуецца на досьведзе размоваў зь беларусамі, для нашых людзей пакуль няма вялікай розьніцы паміж «Эўразьвязам» і «Эўропай», некаторыя нават НАТО тут блытаюць. Разуменьне Эўропы нашмат больш шырэйшае для беларусаў за Эўразьвяз. Тыя, хто прыхільна ставіўся да Эўропы, яе каштоўнасьцяў, стандартаў, традыцыяў — такое стаўленьне і захаваецца.

Больш за тое, парадаксальным чынам дадатковае прыцягненьне ўвагі можа пазытыўна паўплываць на праэўрапейскія настроі. Бо калі вакол нейкай тэмы ёсьць гарачыя дэбаты і цікаўнасьць, — напэўна, гэта нешта значнае, сурʼёзнае, істотнае. Значыць, варта да гэтага больш пільна прыгледзецца. Тут я ня бачу нейкіх пагрозаў для праэўрапейскіх сілаў у Беларусі.

Цыганкоў: Якія перамены можна чакаць у адносінах афіцыйнага Менску і Лёндану?

Фёдараў: На мой погляд, ніякіх сурʼёзных зьменаў тут не адбудзецца. Брытанія зьяўляецца адным з нашых найвялікшых гандлёвых партнэраў у Эўропе. Але мы ведаем, што гэта найперш дасягнута за кошт продажу нафтапрадуктаў. Увогуле, адносіны афіцыйнай Беларусі і Эўропы апошнім часам наладжваюцца, і ставіць іх пад удар з-за Брытаніі ніхто не зьбіраецца.

Адзінае — магчыма, што афіцыйны Менск на ўзроўні камэнтатараў і прапагандыстаў, магчыма, будзе злараднічаць — маўляў, куды вы, апазыцыя, імкняцеся, вось вам ваш Эўразьвяз.

Янукевіч: Я мяркую, што рэфэрэндум можа паўплываць нават на паляпшэньне адносінаў Менску і Лёндану. Пакуль невядома, хто будзе ва ўладзе ў Брытаніі ў найбліжэйшыя месяцы. Магчыма, ва ўрадзе будуць пераважна эўраскептыкі. І тут для Менску адчыняецца поле для манэўру, якое яны традыцыйна ўмеюць і любяць выкарыстоўваць.

Беларускія ўлады абавязкова паспрабуюць зьвярнуцца да новага ўраду з пасылам — «вось гэтыя эўрапейцы санкцыямі нас душылі, нам нешта навязвалі, а цяпер вам навязваюць. Таму давайце супрацоўнічаць, давайце разам рабіць бізнэс, палітычна камунікаваць». Ці павядуцца на гэта новыя брытанскія ўлады? — казаць пакуль цяжка. Нібыта не павінны на гэта купіцца. Але калі на Брытанію будзе аказвацца даволі моцны ціск з боку Брусэлю альбо Нямеччыны — то любы саюзьнік, нават у асобе Лукашэнкі, тактычна выгодны. І таму тут магчыма нейкае пацяпленьне паміж Менскам і Лёнданам. Я гэтага не выключаю.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG