Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля адыходу Ніла Гілевіча ў Беларусі сярод жывых не засталося ніводнага народнага паэта і пісьменьніка.

Свабода запытала ў двух літаратуразнаўцаў, што яны думаюць пра гэтыя званьні савецкага часу, ці трэба іх даваць і каму.

Баршчэўскі: Званьне скасаваць, выдаваць грошы

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

Перакладчык, пісьменьнік і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі кажа, што адмяніў бы званьні народнага паэта і пісьменьніка, а замест гэтага выдаваў бы творцам гранты — каб тыя маглі яшчэ лепш рэалізоўваць свае таленты:

«Я лічу, што ўсе званьні савецкага часу трэба адмяняць. Але ўзнагароджваць творцаў трэба — найперш магчымасьцю творча працаваць, атрымоўваць добрыя ганарары за сваю працу. А таксама трэба ўшаноўваць канкрэтныя творы, якія маюць вялікае значэньне і для нацыянальнай літаратуры, і для краіны ў цэлым».

Лявон Баршчэўскі адзначыў, што калі ўсё ж даваць высокае званьне літаратарам, то Генадзю Бураўкіну (пасьмяротна), а таксама Віктару Казько і Ўладзімеру Някляеву:

«Калі б званьне народнага паэта заставалася, то вартыя яго людзі і былі, і ёсьць. Найперш я тут узгадваю нябожчыка Генадзя Бураўкіна, які безумоўна варты званьня народнага паэта, але не атрымаў яго. Калі казаць пра сёньняшніх, то гэта Віктар Казько, Уладзімер Някляеў. Зь іншага боку, калі ўявіць, што Алесю Разанаву далі званьне народнага паэта, то... неяк гэта не стасуецца зь ім. Дый увогуле, званьне народнага паэта з сучаснымі паэтамі ня вельмі стасуецца. Таму я ўсё ж думаю, што ўсе гэтыя званьні павінны быць скасаваныя, а дзяржава павінна стварыць сыстэму матэрыяльнай падтрымкі, грантаў, якія павінны выдавацца за сапраўдныя здабыткі. І займацца гэтым павінны нэўтральныя органы і камісіі. Зразумела, што наша дзяржава ў яе сучасным выглядзе рабіць гэтага ня будзе».

Савік: Да званьня народнага яшчэ ніхто не дарос

Лідзія Савік

Лідзія Савік

Літаратуразнаўца і пісьменьніца Лідзія Савік, якая мела сяброўскія адносіны зь Нілам Гілевічам, лічыць, што цяпер у Беларусі няма нікога, хто мог бы стаць у адзін шэраг зь ім і Янкам Купалам, Якубам Коласам, Петрусём Броўкам, Аркадзем Куляшовым, Максімам Танкам, Піменам Панчанкам і Рыгорам Барадуліным:

«Званьне народнага паэта і народнага пісьменьніка я б пакінула. Так, яны з савецкага часу. Але разам з адмоўным у савецкі час было і станоўчае. Няма нічога кепскага ў тым, што чалавеку надаюць званьне народнага ці заслужанага. Гэта прызнаньне, стымул, прэстыж. Я не лічу, што трэба ад гэтага адмаўляцца толькі таму, што гэта савецкая завядзёнка.

Чаму ў нас ужо больш за 20 год ніхто не атрымаў званьне народнага паэта і пісьменьніка? Я лічу, таму, што, даўшы такое званьне, прэзыдэнт прызнаў бы, што нейкі беларускі мысьляр-літаратар пераўзыходзіць яго самога. Прасьцей раздаваць мэдалі Кіркораву і Бабкінай, чым належным чынам уганараваць нашых выбітных беларусаў. У нас не прызнаецца нічога беларускага. Пра якія званьні для паэтаў і пісьменьнікаў можна казаць?

Я шкадую, што не далі званьне народнага паэта Генадзю Бураўкіну, а з сучасных не дала б яго нікому. Няма нікога, хто б заслугоўваў званьня народнага паэта. Можа, яшчэ не нарадзіўся ці ня выявіўся такі чалавек. У якасьці выключэньня — Анатоль Вярцінскі. Ён аднагодак Ніла Гілевіча, таму належыць ужо да таго, старога пакаленьня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG