Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-беларуску наадварот: бурыць турэмныя муры — гэта не „бурить стену в комнате охраны“


Міжмоўныя паронімы „бурыць“ і „бурить“
Міжмоўныя паронімы „бурыць“ і „бурить“

Амаль аднолькавыя словы з рознымі і нават процілеглымі значэньнямі бываюць і ў роднасных мовах. Такая міжмоўная аманімія (паранімія) можа ўвесьці ў аблуду. Бурыць турэмны мур — зусім ня тое самае, што „бурить тюремную стену“, каб правесьці інтэрнэт у пакой аховы або павесіць там партрэт.

Беларускае слова бурыць азначае ‘ламаць, руйнаваць, абвальваць’, а яшчэ і ‘рваць, распускаць зьвязаную рэч на ніткі’ — карацей, яно пра дэструкцыю. Што зрабіць? — разбурыць (напрыклад ґарґару архітэктурную пачвару). Ёсьць аднакаранёвыя: абурэньне (калі нехта моцна парушыць тваю душэўную раўнавагу), забурэньні ‘масавыя грамадзкія хваляваньні’. Слова старажытнае, таго ж кораня бýра. Ёсьць дзеясловы з блізкімі значэньнямі ў іншых славянскіх мовах, але ў расейскай літаратурнай мове такога няма.

А расейскае „бурить“ ад „бур“ ‘сьвідар’ — пазычаньне, хутчэй за ўсё ад нідэрл. boor (як многія іншыя тэхнічныя германізмы, яно магло трапіць у расейскую пасьля выправы ў Галяндыю цара Пятра). Той самы корань мае стаматалягічны бор, але фанэтыка падказвае, што слова ўзята зь нямецкай.

Беларускі ж сьвідар (якім сьвідруюць) — яшчэ старабеларускае слова, ведаюць яго і гаворкі. Корань праславянскі, таго ж паходжаньня сьвердзел (менавіта сьвідар, відаць, у нас пад уплывам польскай, а пазьней і чэскай). Слова ж сьвідравіна ‘прасьвідраваная адтуліна, напрыклад, у зямлі) зьявілася ў 1960-я, прычым яго аўтар вядомы: гэта пісьменьнік і тонкі знаўца мовы Ян Скрыган.

Расхістаць, вырваць, разбурыць — дзеяслоў як стратэгія

Дзеяслоў бурыць — актыўны: у ім маецца на ўвазе ня толькі аб’ект разбурэньня, а і суб’ект — той, хто разбурае. Іншыя тэматычна блізкія словы маюць свае нюансы значэньня. Гэтыя словы-сынонімы сталі апорнымі — магчыма, у залежнасьці ад абранай стратэгіі барацьбы — у песьні змагароў за свабоду, якая апошнія 50 гадоў вандруе з канца ў канец Эўропы ў некалькіх вэрсіях. Гэта гімн прынамсі двух рухаў мірнага супраціву — каталёнскіх дэмакратаў-незалежнікаў і польскай „Салідарнасьці“.

Баляду L’Estaca напісаў у 1968 годзе каталёнскі паэт і бард Люіс Ляк (Lluís Llach), яна адразу стала гімнам барацьбы каталёнцаў супраць рэжыму Франсыска Франка. Назву можна перакласьці і як „слуп“, і як „кол“ (на які навязваюць жывёлу) — сымбаль няволі. Песьня мэтафарычная, але ўлады адразу зразумелі яе небясьпеку і забаранілі, а аўтар вымушаны быў на доўгія гады зьехаць у эміграцыю.

У першакрыніцы на каталянскай мове Люіс Ляк ужывае слова estirar ‘цягнуць’, што ў кантэксьце азначае і ‘расхістваць’:

Si estirem tots, ella caurà
i molt de temps no pot durar,
segur que tomba, tomba, tomba
ben corcada deu ser ja.

Si jo l'estiro fort per aquí
i tu l'estires fort per allà,
segur que tomba, tomba, tomba,
i ens podrem alliberar.

На беларускую культавы сьпеў каталёнскіх незалежнікаў пераклаў бард незалежнікаў беларускіх — Сяржук Сокалаў-Воюш:

Сяржук Сокалаў-Воюш
Сяржук Сокалаў-Воюш

Разам хістайма слуп стары —
Ён жа няволіць нас, сябры.
Зараз ён храсьне, храсьне, храсьне
І парыне дагары.

Я пацягну яго сюды,
Ты пацягні яго туды,
Ён не стрывае, храсьне, храсьне
Будзе воля назаўжды.

Ключавое дзеяньне — працяглае, мо і цягам пакаленьняў, расхістваньне, якога ўрэшце ня вытрывае сымбалічны слуп. Трэба зазначыць, што слуп той каталёнцы добра-такі расхісталі, але не дарэшты.

Яцэк Качмарскі. Вокладка дыску „Муры“ А. Хадановіча. 2014
Яцэк Качмарскі. Вокладка дыску „Муры“ А. Хадановіча. 2014

У 1978 годзе, натхніўшыся творам Л. Ляка, польскі сьпявак Яцэк Качмарскі напісаў знакамітыя ўва ўсім нашым рэгіёне Эўропы „Муры“ — памяняўшы сымбаль несвабоды на муры з зубамі кратаў. Іх лірычны герой заклікае вырваць, кайданы — сарваць, біч — паламаць:

Wyrwij murom zęby krat!
Zerwij kajdany, połam bat!
A mury runą, runą, runą
I pogrzebią stary świat!

Тут дзеясловы разбурэньня больш энэргічныя, чым у каталёнскім першаўзоры. Але Качмарскі дадаў у канцы пэсымістычнае папярэджаньне — пасьля перамогі над старым таталітарызмам прыйдзе новы, калі адразу не засьцерагчыся.

На беларускую „Муры“ пераклаў Андрэй Хадановіч. Выконвалі іх і перакладнік, і Вальжына Цярэшчанка, і іншыя беларускія сьпевакі ў вострыя моманты нашай найноўшай гісторыі на вуліцах і пляцах.

Тут архітэктурную шматстайнасьць вобразаў песьні Качмарскага замяняе адзін дзеяслоў — „бурыць“ (безумоўна, мэтафарычны — ён пра сьвядомасьць):

Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне -
I пахавае сьвет стары!

„Разбуры муры“ па-беларуску рыфмуецца бездакорна. Праўда, і папярэджаньне пра небясьпеку новых муроў варта чуць.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG