Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: актывісты ўсклалі кветкі да магілы дзеяча БНР Адама Трыпуса


Больш за дзясятак берасьцейскіх актывістаў наведалі Трышынскія могілкі, дзе пахаваны адзін зь мясцовых дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі — Адам Трыпус.

Перад прысутнымі выступіў краязнаўца Ігар Бараноўскі, які распавёў пра жыцьцё і дзейнасьць Адама Трыпуса, а таксама ўзгадаў іншых дзеячоў зь Берасьцейшчыны, якія адстойвалі ідэалы БНР:

«Адам Трыпус прайшоў праз франты Першай усясьветнай вайны, меў некалькі ўзнагародаў, быў паранены. Пасьля гэтага трапіў у Горадню, дзе займаўся дзіцячымі прытулкамі. У часы вайны самыя неабароненыя — гэта дзеці. Таму ў Вільні і Горадні ён займаўся пакінутымі беларускімі дзецьмі-сіротамі. У 20-я гады, калі яшчэ не было пэўна, што будзе ў Заходняй Беларусі, Адама Трыпуса прызначылі кіраўніком Гарадзенскага павятовага партызанскага штабу і Гарадзенскага акруговага паўстанцкага штабу БНРаўскай партызанкі, якую спрабаваў супраць палякаў арганізаваць урад БНР Вацлава Ластоўскага».

Пасьля расповеду Ігара Бараноўскага берасьцейцы ўсклалі кветкі да магілы Адама Трыпуса. Прысутныя трымалі ў руках маленькія бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Пасьля ўшанаваньня на могілках берасьцейскія сацыял-дэмакраты раздалі ў цэнтры Берасьця некалькі соцень улётак пра гісторыю абвяшчэньня БНР.

Увечары ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі імя сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя адбудзецца традыцыйны на Дзень Волі малебен за Беларусь.

Ігар Бараноўскі

Ігар Бараноўскі

«Пагоня» на помніку Адаму Трыпусу

«Пагоня» на помніку Адаму Трыпусу

Магіла Адама Трыпуса ў Берасьці

Магіла Адама Трыпуса ў Берасьці

XS
SM
MD
LG