Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакі, старшыны, генэралы — як беларусы ў Арміі УНР ваявалі


Свабода вывучае матэрыялы ў нядаўна адкрытых архівах СБУ пра ўдзел беларусаў у войнах за незалежнасьць Украіны.

Гісторыя вызваленчага руху — адзін са шматлікіх кірункаў дзейнасьці Інстытуту нацыянальнай памяці Ўкраіны, створанага ў 2006 годзе для аднаўленьня і захаваньня нацыянальнай памяці. За час ягонай дзейнасьці ўкраінскія гісторыкі сабралі зьвесткі пра некалькі дзясяткаў тысяч байцоў Арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, якая зьяўляецца сымбалем першай хвалі нацыянальнага руху за незалежнасьць. Дасьледаваньні яшчэ працягваюцца, у тым ліку дзякуючы нядаўна адкрытым для грамадзтва архівам савецкіх спэцслужбаў, але ўжо цяпер адмыслоўцы канстатуюць, што ў шэрагах рэгулярнай украінскай арміі 1917–1921 гадоў ваявалі і беларусы, прычым два зь іх у сваёй вайсковай кар’еры прасунуліся на вышэйшыя пасады кіраўніцтва Арміі УНР, яшчэ дзевяць служылі старшынамі — афіцэрамі.

Сямён Пятлюра разам з вайсковым міністрам аглядаюць адну з дывізій арміі УНР
Сямён Пятлюра разам з вайсковым міністрам аглядаюць адну з дывізій арміі УНР

Генэрал-харунжы арміі УНР Іосіф Бялевіч (укр. — Йосип Білевич) нарадзіўся ў Полацкім павеце, генэрал-харунжы Аляксандр Парахаўшчыкоў (Олександр Пороховщиков) нарадзіўся ў Санкт-Пецярбурзе, харунжы 1-й Кулямётнай дывізіі Антон Бялінскі (Антон Білінський) нарадзіўся ў Мазыры Менскай губерні, казак 4-й Кіеўскай дывізіі Ўладзімір Бартніцкі (Володимир Бортницький) нарадзіўся ў Бабруйскім павеце Менскай губерні, казак 4-й Кіеўскай дывізіі Даніла Герасімук (у розных архівах ягонае прозьвішча на ўкраінскай мове зазначаецца ў некалькіх варыянтах: Данило Герасимук, Герасим’юк або Гарасимук) нарадзіўся ў горадзе Бахмач Валынскай губерні, Мікола Іваноў (Микола Іванів) — ураджэнец Гродзенскай губерні — у Арміі УНР даслужыўся ад старшыны да падпалкоўніка, пісар 4-й Кіеўскай дывізіі Аляксандр Лісоўскі (Олександр Лисовський), справавод адной з вайсковых частак 4-й Кіеўскай дывізіі Міхась Малевіч (Михайло Малевич), юнак войска УНР Рыгор Спартак (Григорій Спартак) нарадзіўся ў вёсцы Рэплін Холмскай губерні, фэльчар лязарэту 4-й Кіеўскай дывізіі Андрэй Шафраноўскі (Андрій Шафрановський) ды старшына Іван Шчэрбаў (Іван Щербов) нарадзіўся ў Вільні. Лёс большасьці зь іх дагэтуль застаецца невядомым.

Будынак Інстытуту нацыянальнай памяці, Кіеў
Будынак Інстытуту нацыянальнай памяці, Кіеў

На просьбу Свабоды прозьвішчы і некаторыя зьвесткі пра беларусаў сабраў намесьнік кіраўніка ўпраўленьня інстытуцыйнага забесьпячэньня палітыкі нацыянальнай памяці Інстытута нацыянальнай памяці Паўло Падабед. Гісторыкі не выключаюць, што ў выніку далейшых дасьледаваньняў будуць адкрытыя і іншыя беларускія імёны ўкраінскага вызваленчага руху, але заклікаюць далучыцца да працы і беларускіх адмыслоўцаў.

Паўло Падабед, Інстытут нацыянальнай памяці
Паўло Падабед, Інстытут нацыянальнай памяці

— Як атрымалася, што беларусы паехалі абараняць Украінскую Народную Рэспубліку, хоць у той жа час на тэрыторыі сучаснай Беларусі трэба было адстойваць сваю народную рэспубліку?

— Калі мы гаворым пра ўдзел беларусаў у вызваленчым руху Ўкраіны, у прыватнасьці, пра пэрыяд 1917-1921 гадоў, то вельмі часта людзі, якія цікавяцца гэтай тэмай, спрабуюць на гэта глядзець вачыма сучасьніка і нават дзесьці праводзіць паралелі з сучаснай вайной, што адбываецца цяпер на ўсходзе Ўкраіны, дзе беларускія хлопцы таксама змагаюцца са зброяй у руках на баку ўкраінскай дзяржавы. Таму вельмі часта погляд экстрапалюецца з сучасных падзеяў на падзеі мінулага.

На самай справе кантэкст тых падзеяў быў крыху іншым. 1918 год, год абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраінскай Народнай Рэспублікі — гэта быў час, калі развальваліся дзьве вялікія імпэрыі — Расейская і Аўстра-Вугорская, і Беларусь да 1918 году, як і Ўкраіна, былі маленькімі шрубкамі ў вялікай сыстэме Расейскай імпэрыі. Вывучаючы біяграфіі тых беларусаў, якія апынуліся ў шэрагах арміі УНР, мы даведваемся, што людзі маглі нарадзіцца недзе на Гарадзеншчыне, а вучыцца ў Вільні, нарадзіцца ў Вільні, а вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе, нарадзіцца ў Менску, а атрымаць, напрыклад, мэдычную прафэсію ў Вільні і прыехаць па разьмеркаваньні працаваць лекарам на Падольле. Таму і шляхі ва ўкраінскую армію былі розныя. Нехта прыехаў на працу, нават на цывільную працу ва Ўкраіне, і яго ўжо тут на тэрыторыі Ўкраіны засьпелі падзеі ўкраінскай рэвалюцыі, нехта быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію яшчэ на тэрыторыі Беларусі, а пасьля перакінуты на фронт сюды ва Ўкраіну, каб ваяваць на баку бальшавікоў супраць украінскай арміі, і ўжо потым, выкарыстаўшы зручны выпадак ці проста патрапіўшы ў палон, яны выказвалі сваё добраахвотнае жаданьне працягнуць службу і ўжо ваяваць на баку ўкраінцаў.

Службу ў Арміі УНР абіралі паводле розных прычынаў — нехта бачыў магчымасьць выжыць, нехта паводле нацыянальна-патрыятычных матываў, ведаючы, што аналягічныя працэсы нацыянальнага станаўленьня адбываюцца і ў Беларусі, і такім чынам спрабаваў прыняць удзел у вызваленчым руху. І тут варта адзначыць, што ва ўкраінскай арміі, калі яе параўноўваць зь іншымі войскамі, якія ваявалі супраць бальшавікоў, напрыклад з арміяй Дзянікіна, беларусы вельмі часта дэкляравалі беларускасьць. Яны не баяліся гэтага рабіць. І яны, незалежна ад сваёй нацыянальнай прыналежнасьці, маглі зрабіць вайсковую кар’еру і цалкам самарэалізавацца ва ўкраінскай арміі. Паводле архіўных дакумэнтаў, можна сказаць, што беларусы служылі ва ўкраінскай арміі, пачынаючы ад казака, то бок ад звычайнага радавога са стрэльбай, які ішоў у бой, і заканчваючы генэраламі на высокіх пасадах, якія вызначалі лёс сотняў, а то і тысяч людзей.

— Зноў жа, напрошваюцца паралелі з сучаснасьцю, калі ва ўкраінскім урадзе працуюць замежныя грамадзяне. А тады ці проста было беларусам трапіць на вышэйшыя кіроўныя пасады ў Арміі УНР?

— Трэба пачаць з таго, што між беларусамі і ўкраінцамі, нават пры наяўнасьці дыскусій адносна агульнай украінска-беларускай мяжы або тэрытарыяльных спрэчак, ніколі не было ўзброеных канфліктаў. Заўсёды гаварылася, што неабходна адстойваць дзяржаўную незалежнасьць, трэба атрымаць украінскую і беларускую дзяржаўнасьць, а пасьля цывілізавана вырашаць пытаньні. Таму ў адрозьненьне ад палякаў, у адрозьненьне ад расейцаў — і «белых», і «чырвоных», у адрозьненьне нават ад румынаў, якія прытрымліваліся нэўтралітэту, хаця ў прынцыпе сымпатызавалі ўкраінскаму руху, у нас усё ж ніколі не было ўзброенай барацьбы зь беларусамі за зямлю, па меншай меры, з 1917 па 1921 год. Менавіта таму ніводнае беларускае прозьвішча ня мае нейкай нэгатыўнай афарбоўкі. Калі мы гаворым пра генэралітэт, то гэта два найбольш вядомыя генэралы Арміі УНР — Іосіф Бялевіч і Аляксандр Парахаўшчыкоў.

Партрэт Аляксандра Парахаўшчыкова, намаляваны ягоным украінскім сябрам у лягеры для ваеннапалонных у Польшчы
Партрэт Аляксандра Парахаўшчыкова, намаляваны ягоным украінскім сябрам у лягеры для ваеннапалонных у Польшчы

Бялевіч надзвычайна вызначыўся яшчэ ў пэрыяд Першай сусьветнай вайны, сабраў увесь Георгіеўскі бант, георгіеўскую зброю. Гэта гаворыць пра тое, што чалавек быў ня проста, як цяпер модна казаць, паркетным генэралам, але і вадзіў сваіх салдат у атаку падчас Першай сусьветнай вайны, за што атрымаў цэлы шэраг узнагародаў Расейскай імпэратарскай арміі. Апынуўшыся ва Ўкраіне ў 1918 годзе, ён, не вагаючыся, яшчэ ў сакавіку 1917 году, адразу пасьля абвяшчэньня УНР, паступіў на службу ва ўкраінскую армію, камандаваў рознымі падразьдзяленьнямі. Чалавек, які разам з украінскім войскам падзяліў увесь ягоны лёс. 21 лістапада 1920 году, калі капітулявала расейскае войска Пятра Ўрангеля, калі ўсе антыбальшавіцкія сілы склалі зброю, армія УНР апошнія дзесяць дзён гэтай лістападаўскай драмы ваявала супраць бальшавікоў самастойна, і пад націскам чырвоных была вымушаная адступіць за раку Збруч на тэрыторыю тагачаснай Польшчы і скласьці зброю. Яны трапілі ў лягеры ваеннапалонных. У лягер ваеннапалонных трапіў і Іосіф Бялевіч. У эміграцыі ён удзельнічаў ва ўкраінскім палітычным жыцьці, у той жа час не спыняў сябе ідэнтыфікаваць як беларус, нават падкрэсьліваў, што ён беларус. Бялевіч памёр у Кракаве ў 1942 годзе і пахаваны на мясцовых Ракавецкіх могілках, дзе спачывае цэлы шэраг старшын Арміі УНР і прадстаўнікоў украінскай і беларускай эміграцыі.

Другі генэрал, Аляксандр Парахаўшчыкоў, нарадзіўся ў Санкт-Пецярбурзе, але паходзіў менавіта зь беларускай сям’і, якая рабіла кар’еру ў тагачаснай Расейскай імпэрыі. Скончыў фізыка-матэматычны факультэт у Санкт-Пецярбурзе і атрымаў прыродазнаўчую прафэсію і ўжо па гэтай спэцыяльнасьці прасоўваўся ў войску. Як удзельнік Першай сусьветнай вайны, ён вызначыўся ў шэрагу бітваў і зноў жа, як і ў выпадку зь Бялевічам, завяршэньне Першай сусьветнай вайны ён сустракаў ва Ўкраіне, і менавіта ў гэты пэрыяд — 1917-1918 гады — зноў жа, як і Бялевіч, Парахаўшчыкоў быў вымушаны для сябе рабіць выбар, на чыім ён баку. Тады да 80 адсоткаў былых афіцэраў Расейскай імпэратарскай арміі выбіралі для сябе пазыцыю чаканьня, маўляў, паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі. Бялевіч камандаваў дывізіяй, Парахаўшчыкоў знаходзіўся на штабных пасадах, быў начальнікам штабу дывізіі. Абодва яны прынялі ўкраінскі бок яшчэ ў 1918 годзе, ня ў 1919 годзе, калі зьявілася Заходне-Ўкраінская рэспубліка, ня ў 1920 годзе, калі быў падпісаны ўкраінска-польскі пакт, а менавіта вось у тыя складаныя часы гэтыя беларусы выбіраюць для сябе ўкраінскую пазыцыю і становяцца на бок УНР.

Аляксандр Парахаўшчыкоў, 1923 год
Аляксандр Парахаўшчыкоў, 1923 год

Парахаўшчыкоў у войску УНР узначальваў штабы некалькіх дывізій у розныя пэрыяды, і, уласна, скончыў сваю вайсковую кар’еру як начальнік Ваенна-гістарычнага аддзела Генштаба УНР. Далейшы ягоны лёс, на жаль, невядомы. Украінскія дасьледчыкі спрабуюць зразумець, што зь ім адбылося пасьля 1938 году ў эміграцыі.

— У якіх умовах Бялевіч і Парахаўшчыкоў эмігравалі ў Польшчу?

— Гэта была вымушаная міграцыя разам з украінскім войскам. Міграцыя войска тады адбывалася ў двух генэральных кірунках. Першы і асноўны — гэта 15 тысяч казакоў i старшын Арміі УНР, якія 21-22 лістапада 1920 году перайшлі раку Збруч, апынуліся ў Польшчы, у лягерах ваеннапалонных, і другі варыянт, які падзяліў харунжы першай кулямётнай дывізіі, беларус па паходжаньні Антон Бялінскі, ураджэнец Мазыра, — гэта iнтэрнаваньне ў Румынію. У прыватнасьці, калі ў лістападаўскіх баях кулямётная дывізія Арміі УНР была прыціснутыя да румынскай мяжы і адрэзаная да правага крыла фронту, вымушаная была перайсьці мяжу, скласьці зброю і быць інтэрнаванай у гарадок Арадэа-Марэ ў Румыніі. І там цэлы шэраг беларусаў, якія ідэнтыфікавалі сябе старшынамі ўкраінскай арміі, знаходзіліся разам у лягерах інтэрнаваных. Але пры гэтым яны не саромеліся і заўсёды казалі, што яны беларусы і шукалі кантакты зь беларускімі суполкамі як у Румыніі і Польшчы, так і ў іншых краінах палітычнай эміграцыі.

Мэмарыял памяці герояў Базару, расстраляных за адмову перайсьці ў Чырвоную Армію. Помнік пабудаваны за кошт украінцаў Вялікай Брытаніі. г. Базар Жытомірская вобласьць
Мэмарыял памяці герояў Базару, расстраляных за адмову перайсьці ў Чырвоную Армію. Помнік пабудаваны за кошт украінцаў Вялікай Брытаніі. г. Базар Жытомірская вобласьць

— Якою была агульная колькасьць Арміі УНР і ці можна зрабіць выснову пра адсотак беларусаў у ёй?

— Паводле навукоўцаў, увогуле армія УНР у пэрыяд з 1917 па 1921 гады дасягала 200 тысяч вайскоўцаў. 90 тысяч было ў сьнежні 1918 году, калі адбывалася антыгетманаўскае паўстаньне. У арміі абсалютна большай часткай былі ўкраінцы. Армія УНР была хутчэй сялянская, а не рабоча-сялянская, як Чырвоная армія. І большасьць казакоў i старшынаў былі выхадцамі зь вёскі. Статыстыку цяжка вылічыць, паколькі на сёньня да нас дакумэнтальна дайшлі зьвесткі пра 30-40 тысяч імёнаў, таму мы маем нейкі кавалачак агульнай мазаікі. Калі ж гаварыць пра нацыянальнасьць, то можна казаць толькі пра нацыянальнасьць старшын, што цяпер адпавядае тэрміну «афіцэры». Толькі старшыны Арміі УНР пакідалі пра сябе нейкія анкетныя зьвесткі, уліковыя карткі, узнагародныя лісты і гэтак далей. Калі мы гаворым пра казакоў, то бок радавых, то такіх зьвестак вельмі мала. Выключэньне — героі Базару, сярод якіх ёсьць пяцёра беларусаў — Уладзімір Бартніцкі, Даніла Герасімук, Аляксандр Лісоўскі, Міхась Малевіч, Андрэй Шафраноўскі. Мы маем гэтыя зьвесткі толькі таму, што гэтыя казакі, звычайныя шараговыя ваяры, у ліку іншых 359 воінаў Арміі УНР патрапілі трагічна ў палон падчас бою пад Малымі Мынькамі ў лістападзе 1921 году, і бальшавікі перад іх расстрэлам у Базары правялі іхняе анкетаваньне. Паводле паходжаньня, сярод расстраляных беларусы былі трэцімі пасьля ўкраінцаў і расейцаў. Варта яшчэ сказаць, што ў дакумэнтах мы сустракаем такія дзіўныя радкі ў графе пра нацыянальнасьць, як «праваслаўны», «славянін» і іншыя. І тое, што беларусы сябе раскрылі і самаідэнтыфікавалі ва ўкраінскай арміі, напэўна ёсьць сьведчаньнем тых працэсаў нацыянальнага станаўленьня. Пралітая кроў у барацьбе за свабоду, як бы гэта ні гучала, спрацавала пэўнай такой лякмусавай паперай, каб людзі ідэнтыфікавалі сябе паводле нацыянальнай прыкметы. Цяпер імёны гэтых пяцёх беларусаў ушанаваныя на мэмарыяле ў горадзе Базар Жытомірскай вобласьці. І я запрашаю пры нагодзе наведаць гэтае гістарычнае месца ўсіх, хто цікавіцца ўкраінскай вайсковай гісторыяй і беларусамі ва Ўкраіне, якія ўдзельнічалі ў барацьбе ўкраінцаў за незалежнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG