Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь парушае права на жыцьцё, што засьведчыла ААН, — экспэрт


Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота spring96.org

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота spring96.org

10 сакавіка ў Менску пройдзе міжнародная канфэрэнцыя па праблемах сьмяротнага пакараньня.

Форум ладзяць прадстаўніцтва ААН і беларускі МЗС. У Беларусь зьедуцца экспэрты з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Чэхіі, Расеі, Беларусі ды іншых краін СНД. То бок будуць прадстаўленыя як краіны, дзе даўно адмененае сьмяротнае пакараньне, гэтак і тыя, дзе ўведзены мараторый на сьмяротную кару, альбо дзе пра яго толькі дыскутуюць, але пакуль сьмяротныя пакараньні працягваюць выконваць. Арганізатары адзначаюць, што такое прадстаўніцтва дазволіць абмеркаваць шэраг праблемаў, зьвязаных з выкананьнем сьмяротных прысудаў, а таксама наступствы адмены сьмяротнай кары для разьвіцьця грамадзтва. Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі, на канфэрэнцыю будуць запрошаныя ня толькі прадстаўнікі беларускіх афіцыйных структураў, але і актывісты няўрадавых арганізацыяў краіны. «Якіх канкрэтна, яшчэ вызначаецца», — сказала супрацоўніца прадстаўніцтва ААН.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротная кара. Прычым, як адзначаюць беларускія экспэрты, вынясеньне сьмяротных прысудаў і іх выкананьне ў апошнія гады актывізавалася. Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», праваабаронца зь «Вясны» Андрэй Палуда кажа:

— Што да мяне асабіста, вельмі б хацелася, каб удзельнікі форуму пагаварылі ня толькі пра агульную сытуацыю, якая склалася ў сьвеце, а больш канкрэтна абмеркавалі сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у Беларусі. Улічваючы колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў, улічваючы сакрэтнасьць, якая існуе вакол сьмяротнага пакараньня, тое, што часам не паведамляюць пра выкананьне, невядома месца пахаваньня, не выдаецца цела пакаранага. Мне падаецца вельмі важным таксама гэта абмеркаваць, а ня толькі сам факт існаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

А яшчэ адзін з найбольш істотных аспэктаў праблемы, які я хацеў бы, каб закранулі на канфэрэнцыі, — гэта невыкананьне Беларусьсю рашэньняў ААН па правах чалавека. На сёньня ўжо ёсьць 6 рашэньняў, зьвязаных з тэмай сьмяротнага пакараньня, у якіх прызнана парушэньне Беларусьсю права на жыцьцё. Але ўсё працягваецца. Мяркую, гэта абавязкова трэба ўлічыць на канфэрэнцыі, якую арганізоўвае і праводзіць прадстаўніцтва ААН.

— Вы згадалі пра колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў. На сёньня сытуацыя абвастрылася?

— Канечне. Паглядзіце: 15 лютага, у дзень адмены санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі, Менскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу жыхара вёскі Мачулішчы Менскага раёну Сяргея Хмялеўскага. Вядома, што мужчына зьдзейсьніў жорсткае забойства дзьвюх і больш асоб. Прысуд у законную сілу яшчэ не ўступіў і можа быць перагледжаны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь. Але варта адзначыць, што першым разам Менскі абласны суд прысудзіў Хмялеўскаму пажыцьцёвае зьняволеньне — але быў вынесены пратэст, справу перагледзелі і з другога разу далі сьмяротнае пакараньне.

Некалькі гадоў таму падобны прыклад ужо быў, і ўсё скончылася выкананьнем сьмяротнага прысуду. Таму гэта насьцярожвае. Тым больш што ў нас толькі сярэдзіна лютага, а маем ужо другі выпадак вынясеньня сьмяротнага прысуду з пачатку году. Раней, у студзені, да такога пакараньня быў прыгавораны Генадзь Якавіцкі. Яго таксама асудзіў Менскі абласны суд — за забойства сваёй сужыцелькі, учыненае з асаблівай жорсткасьцю.

Такім чынам, звычайна ў нас 1–2 сьмяротныя прысуды ў год, а тут на пачатак году ўжо 4 такія прысуды. Як гэта разумець, ня ведаю.

Дарэчы, у сакавіку скарга Генадзя Якавіцкага будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе. Упершыню для спраў з такім прысудам скаргу разгледзяць не ў касацыйным, а ў апэляцыйным парадку. А вось скаргу яшчэ аднаго «сьмяротніка» — Івана Куляша — калегія Вярхоўнага суду разгледзіць 26 лютага ў касацыйным парадку. Усяго празь дзень, 27 лютага, касацыйны разгляд скаргаў у судах другой інстанцыі будзе заменены на апэляцыйны. Чаму не змаглі пачакаць адзін дзень — незразумела.

— А вы лічыце, што ўвядзеньне апэляцыйных судоў павялічыць шанцы на тое, што сьмяротных прысудаў стане меней?

— З аднаго боку — так, апэляцыйны суд дае больш магчымасьцяў для высьвятленьня абставінаў, па-новаму можна разглядаць доказы, у тым ліку новыя. Гэта дае больш магчымасьцяў судзьдзям разабрацца ў справе, пазьбегнуць магчымай памылкі. Але, зь іншага боку, апэляцыйны парадак прадугледжвае і тое, што прысуд у выніку такога разгляду можа быць і больш сур’ёзны. Але калі мы кажам пра «сьмяротнікаў», дык пра якое пагаршэньне можна казаць...

XS
SM
MD
LG