Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязьвізавы ўезд ужо заўтра, але прымаць гасьцей пачнём пазьней...» — гарадзенскія турапэратары


Сайт, дзе можна запоўніць анкету для бязьвізавага ўезду
Сайт, дзе можна запоўніць анкету для бязьвізавага ўезду

Гарадзенскія турфірмы пакуль не падрыхтавалі тэхнічныя магчымасьці для рэгістрацыі турыстаў, якія пажадаюць наведаць бязь візы рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і Горадню.

Два дні на падрыхтоўку

24 кастрычніка ўвечары на сайце «Гроднаінвэст» зьявілася інфармацыя пра бязьвізавы ўезд для замежных грамадзян у рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал».

Паводле пастановы Савету міністраў з 26 кастрычніка пачынае дзейнічаць бязьвізавы парадак уезду і выезду замежных грамадзян у Беларусь — у адмысловы турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя да яго тэрыторыі.

І толькі ўчора ўвечары на сайце «Гроднатурінвэст» зьявілася адмысловая спасылка, па якой турапэратары могуць зарэгістравацца, каб у далейшым прапаноўваць замежнікам для запаўненьня ўязныя анкеты, а таксама свае турыстычныя паслугі. Там жа ўжо ёсьць анкеты для індывідуальных турыстаў і для групаў, якія пажадаюць наведаць рэкрэацыйны парк.

Акрамя гэтага, на сайце — падрабязная інфармацыя пра турыстычныя магчымасьці Горадні, інтэрактыўныя турыстычныя мапы гораду, Аўгустоўскага канала і навакольля. На працягу месяца абяцаюць запусьціць мабільную вэрсію сайта.

Так выглядае анкета для бязьвізавага ўезду
Так выглядае анкета для бязьвізавага ўезду

У офісе турфірмы «Гарачы тур» з дырэктарам Алегам Плахотнікам разам глядзім на сайце анкету, якую павінны запаўняць замежнікі і якая будзе падставай для бязьвізавага ўезду. Паводле Плахотніка, у прынцыпе складанасьцяў няма, анкету запоўніць проста. Уся інфармацыя на трох мовах: па-расейску, па-ангельску і па-польску. Вэрсію па-беларуску чыноўнікі вырашылі не рабіць — на той падставе, што такія дакумэнты не для беларускай аўдыторыі.

Алег Плахотнік
Алег Плахотнік

— Справа ў тым, што гэтая спасылка запрацавала толькі ўчора. Да гэтага мы ніякай канкрэтнай інфармацыі ня мелі. Цяпер яшчэ ўпраўленьне спорту і турызму ладзіць нарады, дзе нам пакажуць, як канкрэтна гэтым карыстацца. Думаю, што тэхнічна мы хутка наладзім працу. Тут, наколькі я разумею, складанасьцяў няма: турыст запаўняе гэтую анкету, дасылае нам, а мы не пазьней як за 24 гадзіны павінны даслаць яе на памежны пераход, дзе турыст плянуе перасякаць мяжу. Мы, у сваю чаргу, прапануем на сваім сайце праграму і паслугі для турыстаў.

Хто прыедзе — няясна

Спадар Плахотнік кажа, што ня вельмі цяпер уяўляе, колькі турыстаў могуць паехаць у Беларусь на новых умовах. З польскімі турыстычнымі фірмамі супрацоўнічае ўжо даўно, але ў іхніх сыстэмах практычна няма нават агульных турыстычных экскурсіяў па Беларусі. І ўсё ж найбольшую надзею Алег Плахотнік ускладае менавіта на нашых суседзяў.

— Магчыма, сытуацыю паправіць тое, што і ў Горадні, і ў Беластоку адкрываюцца інфармацыйныя цэнтры, дзе плянуецца, што турыст зможа атрымаць максымальную інфармацыю, якая датычыць бязьвізавай паездкі ў Беларусь. Гэта ўсё, зразумела, будзе толькі спрыяць. Але трэба трохі папрацаваць, каб паглядзець, што на справе атрымаецца.

Дырэктарка турыстычнай фірмы «Дон Кіхот» Сьвятлана Якімава таксама кажа, што пакуль ня вельмі арыентуецца ў тэхнічных магчымасьцях бязьвізавага ўезду, але перакананая, што за некалькі дзён сыстэма адладзіцца і пачне працаваць. Паводле яе, галоўнае цяпер, каб да нас паехалі турысты.

Сьвятлана Якімава
Сьвятлана Якімава

Яна перакананая, што ў каралеўскім горадзе турысту будзе што паглядзець. Хацелася б толькі, каб бязьвізавы ўезд быў пашыраны на ўсю краіну, бо ў Беларусі турыстам цікавыя ня толькі Горадня і Аўгустоўскі канал.

— Самае цікавае, што запыты ад турыстаў ужо прыходзяць да нас — як будзе выглядаць гэты бязьвізавы ўезд? Сёньня я яшчэ не магу дакладна ім гэта патлумачыць, але думаю, што празь некалькі дзён мы ўжо зможам прымаць гасьцей.

Паводле спадарыні Сьвятланы, у іхняй фірме досыць шмат напрацовак, якія можна будзе прапанаваць турыстам у рэкрэацыйным парку. Падрыхтаваныя экскурсіі на трох мовах, ёсьць дамовы з гатэлямі і аграсядзібамі, каб разьмяшчаць гасьцей.

Праблема ў інфраструктуры

Але спадарыня Сьвятлана называе і праблемы, пра якія варта загадзя падумаць.

— Безумоўна, у нас існуе праблема інфраструктуры, і ёй не павінна займацца турагенцтва. Шукаць інвэстараў, якія б укладалі ў гэта грошы, павінна дзяржава, каб у горадзе было дастаткова месцаў, дзе можна харчавацца, дзе проста папіць кавы, каб былі санітарныя прыпынкі на дарозе і г.д. У апошнія гады назіраецца пазытыўная дынаміка, але зрабіць трэба яшчэ шмат, каб турыст пачуваўся ў нас камфортна.

Паводле Якімавай, зь яе досьведу, турысты шукаюць у нас найбольш аўтэнтычнасьць. Іх можна зьдзівіць нашай некранутай прыродай. Але абавязкова трэба зрабіць добры сэрвіс, якога яшчэ нестае.

Аднак варта задумацца, што чалавек прыедзе сюды толькі адзін раз і наўрад ці яшчэ вернецца. Бо ўсё ж эўрапейцы патрабуюць пэўнай інфраструктуры

— Безумоўна, турыстаў прыцягвае наша Горадня — сваёй гісторыяй, Аўгустоўскі канал — але хутчэй не сваімі інжынэрнымі збудаваньнямі, а некранутай прыродай. Аднак варта задумацца, што чалавек прыедзе сюды толькі адзін раз і наўрад ці яшчэ вернецца. Бо ўсё ж эўрапейцы патрабуюць пэўнай інфраструктуры. І павінен быць пэўны маркетынг тых месцаў, якія мы маем, таму што ёсьць шмат гістарычных цікавых фактаў, якія ніякім чынам у нас не рэклямуюцца. Трэба многае зрабіць, каб людзі хацелі да нас ехаць.

Амаль усе кіраўнікі гарадзенскіх турыстычных фірмаў, зь якімі даводзілася размаўляць пра новы парадак, нічога канкрэтна не маглі сказаць пра тое, як будзе дзейнічаць бязьвізавы ўезд. Але, што адметна, нікога гэта не палохае. Наадварот, бязьвізавага ўезду чакаюць. Кажуць, што ёсьць пэўны шанец зацікавіць эўрапейскага турыста Беларусьсю, а праз гэта зьмяніць інфраструктуру ў рэгіёне.

Бязьвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі пачнецца ад 26 кастрычніка і будзе праходзіць праз памежныя пункты пропуску «Лясная» («Рудаўка») і «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая») — на мяжы з Польшчай; «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас») — на мяжы зь Літвой.

У Беларусь замежнікаў будуць пускаць бязь візы ня больш як на пяць дзён і толькі ў парк «Аўгустоўскі канал» і на прылеглыя тэрыторыі. Гэтымі прылеглымі тэрыторыямі лічацца Горадня, а таксама пяць сельсаветаў: Адэльскі, Госкі, Капцёўскі, Падлабенскі і Сапоцкінскі.

Плянуецца, што 26 кастрычніка рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» наведаюць падляскі ваявода і дзевяць чыноўнікаў зь Беластоку. Яны ўжо запоўнілі на сайце анкету на бязьвізавы ўезд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG