Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстам, якія едуць у Беларусь бязь візаў, трэба атрымаць дакумэнт і мець на кожны дзень ня менш як 42 рублі


Аўгустоўскі канал

Аўгустоўскі канал

Беларускі ўрад патлумачыў, як замежныя грамадзяне змогуць бязь візаў на тэрмін да 5 сутак наведваць Аўгустоўскі канал у турыстычных мэтах. Замежнікам будуць выдаваць адмысловы дакумэнт.

Пра гэта гаворыцца ў палажэньні аб парадку наведваньня парку «Аўгустоўскі канал» і прылеглых да яго тэрыторыяў у турыстычных мэтах. Палажэньне зацьверджана пастановай Савету Міністраў ад 17 кастрычніка.

Для бязьвізавага ўезду ў Беларусь неабходна мець з сабой пашпарт (ці іншы дакумэнт для выезду за мяжу) і дакумэнт, які дае права на наведваньне парку «Аўгустоўскі канал».

Пастановай зацьверджаныя формы такіх дакумэнтаў, якія даюць права на індывідуальнае або групавое наведваньне Аўгустоўскага канала пры бязьвізавым парадку ўезду і выезду зь Беларусі празь дзяржмяжу з Польшчай — у пунктах пропуску «Лясная» ( «Рудаўка»), «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая»), зь Літвой — у пунктах пропуску «Прывалка» («Швяндубрэ»), «Прывалка» («Райгардас»).

Замежнікі павінны паведамляць турапэратарам у электроннай або пісьмовай форме сваё імя і прозьвішча, дату нараджэньня, грамадзянства (падданства), пашпартныя дадзеныя, пол. Турапэратар уносіць гэтыя зьвесткі ў дакумэнт на права наведваньня каналу. Турапэратар таксама арганізуе выдачу гэтага дакумэнту.

Памежнікі павінны атрымаць зьвесткі пра асобаў, якія маюць дакумэнт на права наведваньня Аўгустоўскага каналу, не пазьней як за 24 гадзіны да меркаванага часу іх уезду ў Беларусь. Турысты павінны мець грошы для выдаткаў на перабываньне ў Беларусі і на выезд з краіны.

На кожны дзень перабываньня ў Беларусі ім трэба мець суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную ня менш як 2 базавым велічыням (цяпер гэта 42 рублі).

Згублены дакумэнт можна замяніць дублікатам, які таксама выдае турапэратар. Але калі турыст выявіў, што страціў дакумэнт, то павінен неадкладна зьвярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў.

Да таго, як дыппрадстаўніцтва або консульская ўстанова аформіць дакумэнт для выезду зь Беларусі, выдаецца даведка, якая пацьвярджае асобу замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства.

Турысты, якія наведалі Аўгустоўскі канал, абавязаныя выехаць зь Беларусі да заканчэньня 5-дзённага тэрміну знаходжаньня. У выпадках стыхійных бедзтваў, аварыяў або надзвычайных сытуацыяў прыроднага або тэхнагеннага характару, хваробы або стану здароўя, iншых непрадбачаных акалічнасьцяў тэрмін часовага знаходжаньня і рэгістрацыі можа быць прадоўжаны, турысту выдадуць візу.

Паводле дакумэнту турапэратары абавязаныя праінфармаваць замежнікаў аб адказнасьці за парушэньне заканадаўства Беларусі аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства. Кантраляваць знаходжаньне турыстаў, якія заехалі на падставе дакумэнту на права наведваньня парку «Аўгустоўскі канал», будуць органы ўнутраных спраў Беларусі ва ўзаемадзеяньні з органамі памежнай службы, дзяржбясьпекі і Міністэрствам замежных спраў.

Турыстаў, якія выедуць за межы дазволенай для бязьвізавага наведваньня тэрыторыі або ўхіляцца ад выезду зь Беларусі ў вызначаны тэрмін, могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства.

Пастанова ўступае ў сілу з 26 кастрычніка 2016 году і будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2017 году, паведамляе БелТА.

XS
SM
MD
LG