Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько — ляўрэат прэміі імя Гедройця

абноўлена

Віктар Казько на ўручэньні прэміі Гедройця.
Віктар Казько на ўручэньні прэміі Гедройця.

Другую і трэцюю прэміі імя Ежы Гедройця атрымалі Тацяна Барысік і Альгерд Бахарэвіч.

Увечары 1 чэрвеня ў Менску абвешчаныя і ўганараваныя ляўрэаты прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Тройку прызэраў склалі:

Тройку прызэраў склалі:

Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Дзеці Аліндаркі» (Менск, «Галіяфы») —трэцяе месца, якое дае магчымасьць творчай стыпэндыі ў Вэнтспілсе, Латвія.

Тацяна Барысік «Жанчына і леапард» (Менск, «Кнігазбор») — другое месца, якое дазваляе пераклад кнігі на польскую мову або творчую стыпендыю ў Вісбю, Швэцыя.

Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (Менск, «Кнігазбор») — першае месца і грашовая ўзнагарода 10 тысяч эўра.

Пераможцам чытацкага галасаваньня, які атрымаў адмысловы прыз, таксама стаў Віктар Казько.

Беларуская служба Радыё Свабода атрымала дыплём за найлепшую мэдыйную падтрымку прэміі імя Гедройця.

Уручэньне літаратурнай прэміі імя Гедройця адбылося ў гатэлі «Renaissance».

Віктар Казько — галоўны ляўрэат прэміі Гедройця
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:13 0:00

Пераможца прэміі імя Гедройця Віктар Казько ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў:

«Узгадваю Ніла Гілевіча, якому далі ня той ордэн, які ён хацеў. Але ён сказаў, што ў гаспадарцы і гэта спатрэбіцца.

Дудараў, калі яму далі расейскую прэмію, сказаў: „Ну, а хто ад прэміі адмаўляецца“?

Канечне, трохі прыкравата, што зацясаўся ў моладзевую кампанію. Падымаць трэба маладзейшых. Твардоўскі казаў, „кацянят трэба тапіць, пакуль яны сьляпыя“. Але нашых беларускіх котак і коцікаў трэба падтрымліваць. Ім патрэбная ўвага, прастор і пэрспэктыва. У мяне лідэрства і амбіцый няма. Я адданы чыстаму аркушу паперы. Нічога іншага рабіць не магу і не хачу, я толькі ў гэтым жыву».

На пачатку імпрэзы выступіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Сёлета на гран-пры конкурсу па выніках 2014 году прэтэндавалі шэсьць аўтараў:

1. Тацяна Барысік «Жанчына і леапард» (Менск, «Кнігазбор»)

2. Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі» (Менск, «Галіяфы»)

3. Антон Францішак Брыль «Ян Ялмужна» (Менск, «Кнігазбор»)

4. Андрэй Гуцаў «Кніга зданяў» (Менск, «Кнігазбор»)

5. Сяргей Дубавец «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (Менск, «Каўчэг»)

6. Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (Менск, «Кнігазбор»)

Жывая трансьляцыя з цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройця

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця заснаваная ў 2011 годзе. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянце) у папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступаюць амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Прэмію назвалі ў гонар ураджэнца Менску, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх адносінаў Польшчы зь Беларусьсю, Літвой і Ўкраінай.

Раней ляўрэатамі прэміі імя Ежы Гедройця былі:

2012 г. — Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту»;

2013 г. — Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»;

2014 г. — Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка. Тры гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG