Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч: Канфлікты сьведчаць, што беларуская літаратура разьвіваецца


Альгерд Бахарэвіч, фота з Фэйсбуку Юліі Цімафеевай

Альгерд Бахарэвіч, фота з Фэйсбуку Юліі Цімафеевай

Адзін з намінантаў на прэмію Ежы Гедройця Альгерд Бахарэвіч заклікае не ўспрымаць пакаленьне савецкіх пісьменьнікаў як «жывых клясыкаў», як безумоўны і неаспрэчны аўтарытэт.

— Наколькі важная прэмія імя Гедройця для Вас асабіста і для беларускага літаратурнага працэсу?

— Я лічу, што гэтая прэмія вельмі важная для літаратурнага працэсу Беларусі. Перадусім таму, што яна спрыяе павышэньню прэстыжу пісьменьніцкай прафэсіі ў краіне. За апошнія 20–25 гадоў шмат што зьмянілася ў нашай літаратуры, і, мне здаецца, цяпер грамадзтва не чакае ад літаратуры занадта шмат, не чакае адказаў на важныя жыцьцевызначальныя пытаньні. Прэстыж прафэсіі пісьменьніка ў Беларусі ўпаў. Але я лічу, што дзякуючы літаратурным прэміям ён павысіцца. Я падкрэсьлю, што асабліва гэта важна для беларускамоўнай літаратуры.

— Як Вы ўспрымеце атрыманьне і неатрыманьне прэміі імя Гедройця?

— У мяне няма залежнасьці ад літаратурных прэміяў. Я лічу, што ў пісьменьнікаў такой залежнасьці і не павінна быць. Я лічу, што шэсьць кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, гэта і ёсьць, на думку журы, найлепшыя кнігі году. Разьмеркаваньне першага, другога і трэцяга месцаў — гэта звычайная лятарэя. І пераймацца праз гэта ня трэба.

— За некалькі дзён да абвяшчэньня пераможцаў распачалася грамадзкая дыскусія, выкліканая крытычнай рэцэнзіяй Марыі Мартысевіч на кнігу Віктара Казько «Час зьбіраць косьці». Сярод іншага, рэцэнзэнтка кажа, што трэба адыходзіць ад практыкі даваць прэміі «за выслугу гадоў» і больш зьвяртаць увагу на маладых літаратараў. Як Вы лічыце, ці ёсьць канфлікт пакаленьняў паміж генэрацыяй 30—50-гадовых літаратараў і пісьменьнікамі савецкага часу?

— Такі канфлікт ёсьць. І я лічу, што ён неабходны, бо ён ёсьць прыкметай таго, што наша літаратура жывая і разьвівацца. Наогул, бяз гэтага канфлікту існаваньне літаратуры немагчымае.

— Ці маладыя пісьменьнікі могуць нешта ўзяць ад пісьменьнікаў савецкага часу?

— Важна, каб у літаратуры існавала пераемнасьць. Канфлікт пакаленьняў і скандалы, якія з гэтым зьвязаныя, сьведчаць — такая пераемнасьць існуе. Кожнае новае пакаленьне літаратараў, хочучы таго ці не, спрачаецца зь мінулым і хоча нешта абвергнуць. Гэта нармальная зьява. Асабіста я, а таксама шмат калегаў майго пакаленьня, адчуваем большую пераемнасьць з заходняй літаратурай. Мы арыентуемся на заходнія літаратурныя традыцыі. Таму я не магу сказаць, што нехта са старэйшага пакаленьня беларускіх пісьменьнікаў на мяне моцна паўплываў. Але ёсьць іншы бок праблемы — насамрэч мы мала ведаем пра тое савецкае пакаленьне, а яго варта чытаць, вывучаць. Але галоўнае — не ўспрымаць пакаленьне савецкіх пісьменьнікаў, «жывых клясыкаў», як іх называюць, як безумоўны і неаспрэчны аўтарытэт. Заўсёды трэба спрачацца, дыскутаваць, кідаць выклік. Такім жа чынам наступныя пакаленьні будуць кідаць выклік нам. Літаратуры гэта толькі на карысьць.

— Якая Ваша ацэнка канфлікту вакол просьбы адной зь сябраў журы выдаліць з афіцыйнага сайту прэміі імя Гедройця крытычную рэцэнзію на твор пісьменьніка савецкай школы Віктара Казько?

— Гэта скандал — сьведчаньне нехарошай тэндэнцыі. Праходзяць гады, але ўсё роўна чуюцца галасы пра тое, што ёсьць кнігі і тэксты, якія трэба цэнзураваць, што ёсьць імёны, якія варта выкрэсьліваць. Увесь сьвет адмаўляецца ад цэнзуры і фактычна даўно адмовіўся. Цэнзуры быць не павінна. Гэта асноўны закон, на якім базуецца разьвіцьцё літаратуры і культуры агулам. На жаль, у нас, як толькі зьяўляецца палемічны тэкст, адразу чуюцца галасы пра тое, што яго трэба забараніць, зьняць з сайта, не дапусьціць да чытача. Гэта вельмі заганная практыка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG