Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ пра стварэньне сыстэмы процідзеяньня парушэньням парадку пропуску трафіку можа забараніць таксама адсылаць SMS з сайта апэратара ці карыстацца крыптастойкімі мэсэнджэрамі.

У Беларусі згодна з указам Лукашэнкі ад 15 сакавіка «Аб удасканаленьні парадку перадачы паведамленьняў электрасувязі» створаная сыстэма процідзеяньня парушэньням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі, паведамляецца на Pravo.by. Дакумэнт набудзе сілу праз 6 месяцаў з дня публікацыі.

Дакумэнт вызначае, што карыстальнікам паслугаў электрасувязі (маецца на ўвазе і інтэрнэт) забараняецца «ўжываць праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасьці выкарыстоўваюцца для пераўтварэньня пратаколу абмену зьвесткамі, па якім перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленьні электрасувязі ад абанэнта, які робіць выклік, і перадачы гэтых паведамленьняў абанэнту, як прымае выклік, з выкарыстаньнем абанэнцкіх нумароў, якія не належаць абанэнту, які робіць выклік».

У Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзыдэнце, які ўказам забавязаны каардынаваць забарону, карэспандэнту Свабоды заявілі, што не ўпаўнаважаныя камэнтаваць указ, і параілі чакаць прэс-рэлізу на сайце ААЦ ці высылаць пісьмовы запыт, на які абавязаныя адказаць цягам месяца.

Верагодна, пад такімі сродкамі маецца на ўвазе IP-тэлефанія — такі спосаб сувязі, калі праз пэўныя праграмы можна тэлефанаваць з кампутара ці смартфона на звычайныя гарадзкія і мабільныя нумары (што выходзіць звычайна таньней, асабліва пры міжнародных выкліках).

Пад азначэньне ва ўказе падпадаюць і праграмы накшталт Skype і Viber, якія дазваляюць за плату тэлефанаваць на гарадзкія і мабільныя нумары (а таксама бясплатна — між двума і болей карыстальнікамі праграмаў). Што цікава, іншы закон дазваляе весьці допыты праз Skype ці Viber.

Таксама да апісанага падобныя сэрвісы адпраўкі SMS з сайтаў апэратараў (такія маюць МТС, velcom і life:)), да незаконных могуць быць прылічаныя і крыптастойкія мэсэнджэры, якія перадаюць паведамленьні па пратаколах, якія цяжка ўзламаць (Telegram, CryptoCat, Signal…). Пры жаданьні пад азначэньне можна падвесьці і ананімайзэры, і так забароненыя ў Беларусі як сродкі доступу да забароненых сайтаў.

Пры выяўленьні парушэньняў абанэнту будуць прыпыняць аказаньне паслугаў, блякаваць пропуск трафіку тэлефаніі паводле IP-пратаколу (калі апэратар не заблякуе — гэта будзе грубым парушэньнем заканадаўства аб ліцэнзаваньні), а незаконная дзейнасьць «пацягне за сабой адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі». Апэратар мае права запытаць у абанэнта тлумачэньні па пытаньнях парушэньняў і рабіць тэставыя выклікі на падазроныя нумары.

Нацыянальны цэнтар абмену трафікам забясьпечыць стварэньне і эксплюатацыю «забарончага» комплексу, паведамленьні апэратарам пра парушэньне парадку пропуску трафіку і прыняцьце мераў па выяўленьні і спыненьні парушэньняў правілаў.

Арганізацыі і фізычныя асобы мусяць бясплатна аказваць НЦАТ судзеяньне ў гэтым. Апэратары ж абавязаныя інтэгравацца з праграмным комплексам НЦАТ, заключыць дамовы на платны доступ да яго і паведамляць у НЦАТ пра выяўленыя парушэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG