Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька — не Елбасы: 6 адрозьненьняў палітычных рэжымаў Беларусі і Казахстану


Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота

Сёньня працягваецца візыт у Астану Аляксандра Лукашэнкі, у рамках якога ўчора адбылася ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым.

Свабода прааналізавала найбольш відавочныя адрозьненьні паміж палітычнымі рэжымамі Беларусі і Казахстану.

І Беларусь, і Казахстан лічацца недэмакратычнымі краінамі з аўтарытарным рэжымам кіраваньня. Як сьцьвярджаюць міжнародныя арганізацыі, у абедзьвюх краінах рэгулярна зьяўляюцца новыя палітвязьні, перасьледуюцца грамадзкія актывісты, існуюць сурʼёзныя праблемы са свабодай слова, СМІ і сходаў.

Акрамя таго, абедзьве краіны — сябры АДКБ і Эўразійскага эканамічнага саюзу. І Беларусь, і Казахстан перажылі ў апошнія гады вялікія дэвальвацыі сваіх валют.

Але паміж палітычнымі рэжымамі існуюць і адрозьненьні.

1. Прэзыдэнцкі стаж

Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка — першыя прэзыдэнты сваіх краін, аднак Назарбаеў кіруе Казахстанам істотна даўжэй, чым Лукашэнка Беларусьсю.

Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам ужо 27 гадоў: у 1989–1991 гадах ён быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Казахстану, у 1990–1991 гадах — прэзыдэнтам Казахскай ССР, а з 1991 году — прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан. Гэта абсалютны рэкорд на постсавецкай прасторы па працягласьці кіраваньня краінай.

Што тычыцца Лукашэнкі, то цяпер ідзе 22 год ягонага праўленьня. У адрозьненьне ад Казахстану, у Беларусі былі і іншыя кіраўнікі дзяржавы — старшыні Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб.

Трэба таксама адзначыць, што Назарбаеў, паводле афіцыйнай інфармацыі, звычайна перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах з вынікамі, да якіх Лукашэнку яшчэ далёка. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах паказчык падтрымкі Назарбаева быў 97,7% галасоў — гэта найвышэйшы ўзровень з 1991 году, калі ён упершыню выйграў выбары; праўда, тыя выбары праходзілі на цалкам безальтэрнатыўнай аснове. Паводле Цэнтравыбаркаму, Лукашэнка найлепшага паказчыка на прэзыдэнцкіх выбарах дасягнуў у 2015 годзе — 83,48%.

Інаўгурацыя Нурсултана Назарбаева ў 1991 годзе

Інаўгурацыя Нурсултана Назарбаева ў 1991 годзе

2. Культ асобы

Палітычны і сацыялягічны вобраз Нурсултана Назарбаева ў Казахстане шмат кім характарызуецца як «культ асобы», хоць палітычнай сыстэме Казахстану ў гэтым сэнсе яшчэ далёка да суседняга Туркмэністану, дзе ў гонар кіраўніка дзяржавы называлі гарады і вуліцы, масава ўзводзілі помнікі і бюсты.

Нурсултан Назарбаеў мае афіцыйны тытул «Лідэра нацыі» («Елбасы»), што надзяляе яго асаблівым пажыцьцёвым статусам нават у выпадку выхаду ў адстаўку. У прыватнасьці, ён і ягоныя сваякі атрымліваюць поўную асабістую недатыкальнасьць — то бок цалкам вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці.

Разам з тым за псаваньне партрэтаў Назарбаева, публічныя абразы і скажэньне фактаў яго біяграфіі прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Замах на прэзыдэнта Казахстану паводле заканадаўства караецца сьмерцю.

Пагарэлец Альбіна Аралбекава паказвае на ацалелы дыван з выявай прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Алматы, 17 траўня 2013 года

Пагарэлец Альбіна Аралбекава паказвае на ацалелы дыван з выявай прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Алматы, 17 траўня 2013 года

Культ асобы праяўляецца і ў масавай культуры. З 2012 году ў Казахстане адзначаецца Дзень першага прэзыдэнта Казахстану, па ўсёй краіне праходзяць сьвяточныя і ўрачыстыя мерапрыемствы.

Нурсултану Назарбаеву прысьвечана кінаэпапэя «Шлях лідэра», дзе расказваецца пра дзяцінства, маладосьць і пачатак палітычнай карʼеры Назарбаева. Кінаэпапэя складаецца з 5 фільмаў. Апошні, з удзелам зорак расейскага кіно, выйшаў у 2016 годзе.

Імем Назарбаева названы ўнівэрсытэт у Астане, а ў сталічным манумэнце «Казахстан» аснова кампазыцыі — бронзавая скульптура казахскага прэзыдэнта.

3. Зброя пры здушэньні пратэстаў

У абедзьвюх краінах улады вельмі строга ставяцца да вулічнай актыўнасьці сваіх грамадзян. Характэрнае адрозьненьне пратэстаў у Беларусі і Казахстане — тое, што ў Казахстане яны звычайна выкліканыя сацыяльна-эканамічнымі прычынамі, а ў Беларусі — палітычнымі.

Масавых пратэстаў супраць дзейнасьці прэзыдэнта і фальсыфікацыі выбараў у Казахстане не назіралася. Затое ў Казахстане былі моцныя сацыяльныя выступленьні. У 2011 годзе на паўднёвым захадзе Казахстану пачаліся забастоўкі і дэманстрацыі пратэсту супрацоўнікаў дзяржаўных нафтагазавых кампаніяў пад эканамічнымі лёзунгамі. Скончылася гэта сутыкненьнямі пратэстоўцаў зь сілавікамі ў горадзе Жанаазэне 16 сьнежня 2011 году: сілавікі адкрылі агонь на паражэньне, загінулі 14 чалавек, дзясяткі атрымалі раненьні. Пратэсты былі здушаныя, у Жанаазэне ўвялі надзвычайнае становішча. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў пратэстаў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці і апынуліся ў турме.

У красавіку-траўні 2016 году па Казахстане пракацілася хваля так званых «зямельных мітынгаў». Людзі выступалі супраць прыняцьця зьменаў у Зямельны кодэкс, якія дазваляюць замежнікам арандаваць зямельныя ўчасткі сельскагаспадарчага прызначэньня тэрмінам на 25 гадоў. Апошні мітынг у Алмаце супраць продажу зямлі замежнікам быў жорстка разагнаны казахскімі сілавікамі.

Разгон акцыі пратэсту ў Алмаце 21 траўня 2016

Разгон акцыі пратэсту ў Алмаце 21 траўня 2016

4. Багатая сямʼя прэзыдэнта

Сваякі Нурсултана Назарбаева ня толькі маюць дзяржаўныя пасады, але і цалкам афіцыйна займаюцца бізнэсам.

У Назарбаева тры дачкі. Старэйшая дачка Дарыга займае пасаду віцэ-прэмʼера Казахстана, а яе старэйшы сын (унук Назарбаева) уваходзіць у казахскі сьпіс Форбс. Сярэдняя дачка Дынара займаецца банкаўскім бізнэсам, яна самая багатая жанчына Казахстану. Паводле рэйтынгу Форбс, яна валодае капіталам 2,1 мільярда даляраў паводле стану на 2016 год (яе муж — таксама мільярдэр са сьпісу Форбс). Малодшая дачка Алія таксама займаецца бізнэсам, узначальвае буйную будаўнічую кампанію.

Дарыга Назарбаева сьпявае з Хорам Турэцкага ў Алмаце, 2013 год

Дарыга Назарбаева сьпявае з Хорам Турэцкага ў Алмаце, 2013 год

Акрамя таго, шматлікія сваякі Нурсултана Назарбаева займаюць розныя дзяржаўныя пасады — у асноўным у сілавых структурах і праваахоўных органах. Наагул багацьце клана Назарбаева СМІ ацэньваюць у 7 мільярдаў даляраў.

Нягледзячы на тое, што некаторыя заходнія СМІ ацэньваюць багацьце Лукашэнкі ў 8–12 мільярдаў даляраў, няма афіцыйнай інфармацыі пра тое, што ён і ягоныя сваякі займаюцца бізнэсам не займаюцца. «Як толькі дзеці прэзыдэнта пачынаюць займацца бізнэсам — чакай бяды», — казаў у 2014 годзе Лукашэнка.

5. Партыйная сыстэма

У ніжнюю палату казахскага парлямэнту (Мажыліс), у адрозьненьне ад беларускай Палаты прадстаўнікоў, выбары адбываюцца па партыйных сьпісах. Працэнтны барʼер — 7%.

Абсалютную большасьць месцаў у парлямэнце Казахстану мае прэзыдэнцкая партыя «Нур Атан» (83 месцы), далей ідзе Дэмакратычная партыя Казахстану (8) і Камуністычная народная партыя (7). Дзьве апошнія партыі пазыцыянуюць сябе як «канструктыўная апазыцыя» і наўпрост Назарбаеву не апаніруюць.

Нурсултан Назарбаеў у шаліку партыі «Нур Атан»

Нурсултан Назарбаеў у шаліку партыі «Нур Атан»

Назарбаеў — старшыня партыі «Нур Атан», дактрына якой пабудаваная на хвалах прэзыдэнту і ягонаму курсу. Сам Назарбаеў абвешчаны палітычным ідэалам партыі і згадваецца ў яе дактрыне дзевяць разоў як «Лідэр нацыі».

У Беларусі палітычныя партыі ў парлямэнце не прадстаўленыя. Ані кіроўнай партыі, ані парлямэнцкай апазыцыі (нават канструктыўнай) у Беларусі не існуе. Аляксандар Лукашэнка — ані лідэр, ані сябар аніводнай палітычнай партыі.

6. Моўная палітыка

Казахская мова — адзіная дзяржаўная ў Казахстане, а расейская — мова міжнацыянальных зносінаў. У органах мясцовага самакіраваньня і дзяржаўных арганізацыях выкарыстаньне расейскай мовы таксама дапускаецца, што замацавана ў Канстытуцыі Казахстану (доля расейскага насельніцтва ў Казахстане прыкметная — больш за 20%).

Казаская мова на беларускіх таварах

Казаская мова на беларускіх таварах

Паводле дадзеных на 2014 год, з 2,5 мільёна школьнікаў на казаскай мове навучаліся 1,7 мільёна чалавек, а на расейскай — каля 800 тысяч. Паводле апошніх дадзеных, у ВНУ Казахстану 62,7% студэнтаў навучаюцца на казаскай мове, а 34,3% — на расейскай.

У 2007 годзе ў Казахстане на дзяржаўным узроўні прыняты «культурны праект «Трыадзінства моў» — казаскай, расейскай і ангельскай.

У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. Паводле стану на 2014 год цалкам на беларускай мове навучаліся толькі 15% школьнікаў і 0,2% студэнтаў (яшчэ 38% студэнтаў навучаліся на беларускай і расейскай мове).

XS
SM
MD
LG