Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 траўня ў сталіцы Казахстану пачынаецца саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу. Ці зьяўляюцца Менск і Астана натуральнымі саюзьнікамі паміж сабой і ў стасунках з Расеяй?

Віталь Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка 30–31 траўня наведвае з рабочым візытам Казахстан. Кіраўнік Беларусі возьме ўдзел у пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета. Перамовы пройдуць у вузкім і пашыраным складах.

Пра вынікі гэтага візыту мы пагаворым пазьней, а зараз — пра беларуска-казахстанскія адносіны. Казахстан займае 10 месца ў 2015 годзе ў беларускім замежным таваразвароце з 2%. Мяркую, гэта някепскае месца, і цікава, што Казахстан, — адна з рэдкіх постсавецкіх краінаў, з якой таваразварот паступова павялічваецца.

Што да палітыкі, то пэўны час, як выглядае, Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў імкнуліся заняць нішу галоўных інтэгратараў на постсавецкай прасторы, і паміж імі адчувалася пэўная палітычная канкурэнцыя. Але цяпер пытаньне «хто лепшы інтэгратар» відавочна ўжо не актуальнае для абодвух лідэраў.

цяпер пытаньне «хто лепшы інтэгратар» відавочна ўжо не актуальнае для абодвух лідэраў

Расея, як найбуйнейшая дзяржава ў рамках Эўразійскага саюзу, дамінуе і па колькасьці насельніцтва, і паводле эканамічнай моцы. Нават у суме Беларусь і Казахстан не супастаўныя з Расеяй. Таму некаторыя маглі чакаць, што яны будуць разам «сябраваць» супраць Расеі. Але адбываецца гэта вельмі рэдка і асьцярожна. Бо кожны адстойваць свае інтарэсы, а інтарэсы Беларусі і Казахстану далёка не заўсёды будуць супадаць. У двух краінаў істотна адрозьніваюцца эканомікі: Казахстан — больш сыравінная, Беларусь — больш прамысловая. У гэтым сэнсе Казахстан бліжэйшы да Расеі. І часам іхнія інтарэсы супадаюць.
Таму паплечнікі ў гэтай тройцы будуць шукацца ў кожным пытаньні паасобку.

Юры Дракахруст: Я б дадаў, што вельмі адрознае геапалітычнае становішча. У Беларусі ў гэтым сэнсе эўрапейскі вэктар —гэта не толькі гандаль, але і альтэрнатыўны варыянт разьвіцьця, а ў пэрспэктыве можа ўсё ж такі і сяброўства. Гэта абсалютна выключана для Казахстана. Там пра такі варыянт увогуле ніхто не разважае.

Зь іншага боку, калі Беларусь толькі спрабуе супрацоўнічаць з Кітаем, прычым гэтае супрацоўніцтва ідзе ня надта пасьпяхова, для Казахстану Кітай — гэта рэальны партнэр, сувымерны паводле вагі з Расеяй. Гэта таксама вельмі небясьпечны партнэр, у чымсьці нават больш небясьпечны за Расею, пра што сьведчаць нядаўнія хваляваньня, якія адбываліся ў Казахстане. Там людзі перасьцерагаліся, што кітайцы скупяць зямлю і будуць панаваць над казахамі.

Лукашэнка і Пуцін ляцяць у Астану ў кепскія часы для Назарбаева

Тым ня менш пэўныя кропкі судакрананьня паміж Менскам і Астаной ёсьць. Прынамсі, кожнай з краінаў прасьцей адстойваць свае інтарэсы, а нават і супольныя, калі ёсьць партнэр. Па тым жа Крыме, Данбасе, калі адна Беларусь (ці адзін Казахстан) адстойвалі б адну пазыцыю, а іншы чалец Эўразійскага саюзу — іншую, то, мяркую, ціск Расеі быў бы больш моцны на самотную краіну- «ерэтыка». Ну а калі ўсе «ерэтыкі» вакол, калі і Назарбаеў супраць, і Лукашэнка супраць — з усімі ж не наваюесься? Так што тут ёсьць сувязь by default: самая наяўнасьць у саюзе трох, а не двух, дэмпфіруе ціск Расеі.

Зараз Лукашэнка і Пуцін ляцяць у Астану ў кепскія часы для Назарбаева. Бо заўсёды было наадварот: ці то ў Беларусі была Плошча, ці ў Маскве была Балотная, а Назабаеў сядзеў, як эгіпэцкі фараон, у якога ўсё спакойна. А зараз неспакойна. Зараз маніфэстацыі па ўсёй краіне, Назарбаеў быў вымушаны саступіць. Зразумела, яго палітычныя пазыцыі аслабленыя.

Магчыма, гэта не будзе мець ніякіх асаблівых вынікаў у двухбаковых дачыненьнях, але я думаю, што і Пуцін, і Лукашэнка са зьедлівым спачуваньнем яму скажуць — «не ўсё нам кепска, вось цяпер і табе кепска».

Лукашэнка і Назарбаеў сапраўды могуць лічыцца натуральнымі, хаця і вымушанымі, саюзьнікамі ў гэтых умовах

Ігар Ільяш: Я думаю, што Лукашэнка і Назарбаеў сапраўды могуць лічыцца натуральнымі, хаця і вымушанымі, саюзьнікамі ў гэтых умовах. Думаю абодва дзяржаўныя лідэры пасьля анэксіі Крыму ў поўнай меры адчулі, якую вялікую небясьпеку ўяўляе для іх пуцінская Расея, і што пры нагодзе тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Беларусі і Казахстану з боку «рускага сьвету» знойдзецца цэлае мора. Але ж з гэтым небясьпечным суседам Менск і Астана знаходзяцца ў адным саюзе і неяк даводзіцца працягваць разам жыць. На каго ў гэтай сытуацыі абаперціся? Вядома ж, на таго, хто знаходзіцца ў аналягічнай сытуацыі.

Канешне, ёсьць і іншыя ўдзельнікі Эўразійскага эканамічнага саюзу — Армэнія і Кіргізстан. Але яны ўсё пачаткоўцы ў гэтым саюзе, ды і іх лідэры не такія дасьведчаныя і спрактыкаваныя палітыкі, як Назарбаеў і Лукашэнка, якія дзесяцігодьдзямі кіруюць сваімі краінамі. У гэтым сэнсе Лукашэнку значна прасьцей знайсьці агульную мову з Назарбаевым.

гаворка не ідзе пра нейкі беларускі-казахстанскі фронт супраць Пуціна — гэта было б занадта сьмела і нават рызыкоўна

Але пры гэтым гаворка не ідзе пра нейкі беларускі-казахстанскі фронт супраць Пуціна — гэта было б занадта сьмела і нават рызыкоўна. Тым больш, што інтарэсы Астаны і Менска наўрад ці супадаюць па ўсіх пытаньнях. Але сытуацыйныя хаўрусы непазьбежныя. Прычым, гэта было і раней — да «Крымнаша» і вайны ў Данбасе. Гэта ў прынцыпе не дзіўна, калі два больш слабых удзельнікі саюзу імкнуцца ўраўнаважыць сваім хаўрусам больш моцнага ўдзельніка саюза, абараніць свае інтарэсы.

У прынцыпе сама канструкцыя Эўразійскага саюза мае гэта на ўвазе. Але надта разьлічваць адзін на аднаго Лукашэнку і Назарбаеву таксама не выпадае, бо іх сяброўства вымушанае і імгненна скончыцца ў той момант, калі іх інтарэсы — эканамічныя ці палітычныя — хаця б трохі разыдуцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG