Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Арцёма Бародзіча ёсьць памежны і расейскі сьляды


Арцём Бародзіч у залі суду

Арцём Бародзіч у залі суду

5 дзіўных фактаў у справе актора, якога судзяць за распаўсюд марыхуаны, але не знайшлі наркатычнай залежнасьці.

1. Чаму актора затрымлівалі байцы спэцчасткі памежных войскаў?

Працэс над Арцёмам Бародзічам, які пачаўся 23 лютага ў Кастрычніцкім судзе Менску, ўжо да канца першага судовага дня меў шанцы падысьці да стадыі судовых спрэчках, але гэтаму сцэнару зашкодзіла адвакатка актора. Абаронца заявіла хадайніцтва адносна паўнамоцтваў афіцэраў Давідовіча і Сушы, якія завялі крымінальную справу на актора Арцёма Бародзіча паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе наркотыкаў. Аказваецца, гэтыя афіцэры служаць у вайсковай частцы № 1250, якая належыць памежным войскам. Паводле адваката, гэта нейкая спэцчастка, магчыма, сакрэтная, бо ў адкрытым доступе пра яе няма ніякіх зьвестак, між тым заводзіць крымінальныя справы ў Беларусі могуць толькі пэўныя органы дазнаньня ды іншыя структуры, пералічаныя ў законе. Ці падпадае вайсковая частка 1250 у гэты пералік, ці служаць у ёй афіцэры Давідовіч і Суша, якія датычныя да затрыманьня Арцёма Бародзіча і завядзеньня на яго крымінальнай справы ў кастрычніку мінулага году? І якія паўнамоцтвы ў гэтых афіцэраў? Паводле адваката, афіцэры гэтай вайсковай часткі могуць весьці дазнаньні толькі па справах, датычных сваёй службы. Пры чым тут «распаўсюд» марыхуаны акторам?

Цікава, што судзьдзя Аляксандар Рудэнка гэтае хадайніцтва адхіліў, адказаўшы, што ў выраку суд дасьць ацэнку ўсім абставінам. Праўда, суд задаволіў хадайніцтва прадстаўніка пракуратуры пра запыт у васковую частку 1250 наконт таго, ці быў там Арцём Бародзіч пастаўлены на апэратыўны ўлік.

Будзе цікава даведацца, ці «вялі» памежныя апэратыўнікі актора Бародзіча, як доўга. Можа, зьявяцца яшчэ якія зьвесткі пра іх сакрэтную працу далёка ад дзяржаўных межаў.

2. Ці ёсьць ў справе Бародзіча расейскі сьлед?

Вобшук і затрыманьне Арцёма Бародзіча адбыліся ўвечары 22 кастрычніка 2015 году. На працэсе ўжо прагучалі зьвесткі, што ў яго кватэру ўвайшлі людзі ў цывільным, яны ж зрабілі вобшук, а потым даставілі затрыманага актора, які, дарэчы, сам паказаў, дзе трымае наркотык, у ізалятар часовага ўтрыманьня. Як сказаў на працэсе Арцём Бародзіч, толькі там ён даведаўся, што яго затрымалі не міліцыянты, а вайскоўцы, чаму вельмі зьдзівіўся.

Мяркуючы па ўсім, адказ на пытаньне, якое дачыненьне да ягонай справы мелі вайскоўцы-памежнікі, турбуе актора дагэтуль.

Ён далучыся да хадайніцтва адваката адносна паўнамоцтваў афіцэраў-памежнікаў і выглядаў расчараваным, калі хадайніцтва было адхіленае.

Між тым «памежны» сьлед у справе Бародзіча выводзіць і на расейскі. Адкуль у актора зьявілася звычка да ўжываньня марыхуаны, знойдзенай у ягонай кватэры? У інтэрнэце можна знайсьці допісы, паводле якіх да гэтага наркотыку беларускі актор прызвычаіўся падчас здымкаў у расейскіх сэрыялах. «Там на здымках у акторскіх вагончыках усе паляць марыхуану, гэта звычайная рэч», — даводзяць крыніцы, якіх цяпер называюць інсайдэрамі. Але атрымліваецца, што беларускія памежнікі, якія апэрытыўным чынам выйшлі на актора-наркамана, атрымалі наводку ад сваіх расейскіх калег і нават не паведамілі пра гэта менскім міліцыянтам. Даволі нязвыклым выглядае і той факт, што ўжо пасьля пары гадзін пасьля затрыманьня Арцёма Бародзіча вызвалілі пад падпіску. Адбылося гэта ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Тады навошта туды прывозілі? Яўная нестыкоўка ў працы розных сілавых ведамстваў.

3. Хто такі Сяргей, які прадаваў актору марыхуану?

Паводле матэрыялаў, якія прагучалі ў судзе, Арцём Бародзіч каля двух гадоў таму на здымках фільму пазнаёміўся зь неназванай дзяўчынай, якая пазнаёміла яго зь нейкім Сяргеем. Вось ён і прадаваў актору марыхуану, прычым рабіў гэта рэгулярна, тут, у Беларусі. Сам выходзіў на сувязь з акторам праз тэлефон, але ягоны нумар Арцём не запомніў і не занатаваў. У ягоным мабільніку нумар Сяргея таксама не захаваўся. Выглядае, што сьледзтва гэткая мізансцэна задаволіла. Гэтак жа і адносна дзяўчыны зьвестак суду не было пададзена ніякіх — хто такая, чаму яе няма ў сьведках?

Можна выказаць вэрсію, што Сяргей і загадкавая дзяўчына — тайныя агенты апэратыўных службаў, таго ж наркакантролю, якіх не «засьвечваюць» невыпадкова.

Але тады навошта актора «вялі» амаль два гады і толькі потым па нейкім незразумелым загадзе затрымалі?

4. Вынікі мэдычнай экспэртызы: залежнасьці ад наркотыкаў ня выяўлена

Падчас вывучэньня судом матэрыялаў крымінальнай справы Арцёма Бародзіча хіба што самай цікавай была экспэртыза, паводле якой актор не прызнаны залежным ад наркотыкаў. Сам ён казаў, што яму для спакою пасьля акторскай працы і лепшага самаадчуваньня (ён гіпэртонік) патрэбна прыкладна адна доза ў дзень, гэта 0,75 міліграма. І гэтак ён ужывае марыхуану ўжо некалькі гадоў.

У крымінальнай справе шмат разоў марыхуана названая «небясьпечным наркатычным рэчывам». Між тым шмат дзе ў сьвеце гэта аспрэчваецца. У Галяндыі і некаторых штатах ЗША ўжываньне марыхуаны, якую там лічаць слабым наркотыкам, не забароненае.

Магчыма, калі-небудзь стаўленьне закона менавіта да марыхуаны ў Беларусі таксама зьменіцца, але пакуль яна застаецца менавіта «небясьпечным наркатычным сродкам», і змаганьне зь яе распаўсюдам вядзецца ня меней жорсткае, чым з распаўсюдам спайсаў ці сынтэтычных наркотыкаў. Вось гэта тое, што, відаць, не ўлічыў Арцём Бародзіч.

5. Арцём Бародзіч распаўсюджваў наркотыкі ці захоўваў толькі для ўласнага ўжываньня?

Гэта асноўнае пытаньне, над якім «ламаюць дзіды» абвінавачаньне і абарона. Дзіўным выглядае тое, што абвінавачаньне дагэтуль не прадставіла ніводнага сьведкі, які б засьведчыў суду, што так, вось гэты чалавек, Арцём Бародзіч, прадаў мне «дозу». Ведаючы мэтады беларускіх опэраў з управы наркакантролю, можна сьмела прадказаць, што пры жаданьні забясьпечыць такога сьведку — не праблема. Але ўжо выступілі сьведкі-панятыя (адна зь іх блытала падзеі і ня памятала імёнаў, а другая ў суд увогуле не прыйшла, спаслалася на цяжарнасьць, таму абмежаваліся яе паказаньнямі на сьледзтве). Потым выступілі сьведкі абароны, вывучылі ўсе матэрыялы справы, а сьведак-наркаманаў — няма. Дык, можа, іх і ня будзе?

Тады чым абвінавачаньне зьбіраецца даказваць, што актор ня проста ўжываў і захоўваў марыхуану, чаго ён не адмаўляе, але і распаўсюджваў наркотык для іншых спажыўцоў?

Мяркуючы па тым, што ў судовую залю быў унесены дадатковы стол, нас чакае дэманстрацыя рэчавых доказаў: шкляных і зробленых са срэбнай фальгі трубачак, маленькіх электрычных шаляў, набытых акторам у Расеі, шклянкі з-пад кавы зь «цёмна-зялёнай масай» і яшчэ адной шклянкі меншага аб’ему, таксама з наркотыкам, якую знайшлі на стале ў кухні. Яшчэ будуць маленькія поліэтыленавыя пакунчыкі, аднак пустыя. Арцём Бародзіч патлумачыў, што трымаў іх на ўсялякі выпадак, бо марыхуана ў адкрытым выглядзе высыхае, траціць якасьць, але ніводнага разу не выкарыстоўваў па прызначэньні. Можна ўявіць, прыкладам, што зьбіраўся браць малыя дозы ў паездкі. Але сьледзтва, відаць, мяркуе інакш — што расфасоўваў наркотык па пакунчаках і раздаваў. Ці прадаваў. Інакш навошта гэтыя пакункі ўвогуле набываць і трымаць? Аднак калі распаўсюд нічым, акрамя пакуначкаў, ня будзе пацьверджаны, суд можа яго і не прызнаць.

Тым часам Арцём Бародзіч працягвае запэўніваць, што «нікога не частаваў, нікому не дарыў і не прадаваў наркотыкі». Актор сказаў суду і прысутным, што раскайваецца ў тым, што ўвогуле зьвязаўся з наркотыкамі, і адчувае ў сабе сілы перагарнуць гэтую старонку жыцьця. «Магу даць гэтаму рады. Тое, што са мной было, гэта прычына, каб задумацца і шукаць спосабы дапамагчы сабе празь іншыя добрыя сродкі. Для мяне галоўным цяпер будзе падтрымліваць сваю будучую жонку, гадаваць сваё будучае дзіця і займацца сваёй працай, у якой можна бясконца вучыцца», — сказаў Арцём Бародзіч з жалезнай клеткі, у якой ён сядзіць на працэсе. Гэта было не апошняе слова, але мяркую, апошняе будзе падобным.

Як выглядаў актор цягам першага судовага дня? Калі скажуць, што ня мае значэньня, як ён выглядаў, бо гэта маска, паколькі актор ня можа бяз маскі, дык зазначу: тады гэта была маска чалавека, які вельмі перажывае за ролю, якая яму дасталася, прычым трымае гэты боль унутры сябе. Толькі аднойчы ўбачыў на твары Арцёма цень усьмешкі — калі у характарыстыцы, дадзенай яму з Коласаўскага віцебскага тэатру, дзе ён раней працаваў, у пераліку пэрсанажаў актора Бародзіча быў названы Руслан з казкі «Руслан і Людміла». Магчыма, актор усьміхнуўся таму, што казка скончылася, ідзе суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG