Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пра справу актора Арцёма Бародзіча: Арыштаваны, справа ўжо ў судзе


Арцём Бародзіч

Арцём Бародзіч

У прэсавай службе Вярхоўнага суду пацьвердзілі арышт актора Купалаўскага тэатру Арцёма Бародзіча за распаўсюд наркотыкаў.

«Ён арыштаваны, і справа ўжо перададзена ў суд Кастрычніцкага раёну Менску, але працэс яшчэ не прызначаны. Хутчэй за ўсё, суд будзе адкрыты. Арцём Бародзіч абвінавачваецца паводле 2 часткі 328 артыкула — пра незаконны абарот наркатычных сродкаў. Гэта сур’ёзны артыкул, які прадугледжвае пакараньне да 8 гадоў зьняволеньня», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Вярхоўным судзе.

Паводле зьвестак ад актора тэатру, які прасіў не называць ягонага імя, пра арышт Арцёма Бародзіча ў тэатры стала вядома ў канцы студзеня, але інфармацыя дагэтуль перадаецца на ўзроўні чутак, афіцыйна ў тэатры пра гэта не абвяшчалі. «Ён вельмі таленавіты як актор і прыемны чалавек, яму ўсе вельмі спачуваюць», — сказаў пра Арцёма Бародзіча актор Купалаўскага тэатру.

Яшчэ 24 студзеня Арцём Бародзіч быў задзейнічаны ў спэктаклі. Паводле сьледзтва, ужо тады ён быў пад падпіскай, але потым абвінавачаньне актору зьмянілі на больш сур’ёзнае і арыштавалі.

Арцёму Бародзічу 34 гады, у Беларускім нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ён служыць з 2009 году. Грае ў спэктаклях «Пінская шляхта», «Паўлінка», «Людзі на балоце» ды іншых. Да пераезду ў Менск зь Віцебску служыў акторам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

XS
SM
MD
LG