Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускім мульціку павінен адчувацца смак мовы», — рэжысэр Міхаіл Тумеля


На «Анімаёўку» калёнамі

На «Анімаёўку» калёнамі

У Магілёве на міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў «Анімаёўка 2015», які пачаўся 9 верасьня, сёньняшні дзень прысьвяцілі беларускай анімацыі.

Стваральнікі беларускіх фільмаў праводзілі творчыя сустрэчы з магілёўскімі гледачамі, паказвалі, як робяцца мультфільмы, апавядалі пра гісторыю беларускай мультыплікацыі і праграм для дзяцей. Паводле арганізатараў фэстывалю, у яго праграме нямала мультфільмаў, зробленых на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод ёсьць і беларускамоўныя, якія ня часта паказваюць па тэлебачаньні.

Сустрэўся зь юнымі магілёўцамі і рэжысэр, аніматар ды сцэнарыст Міхаіл Тумеля. Ён аўтар шэрагу мультфільмаў на беларускай мове, сярод іх стужкі пра гербы беларускіх гарадоў «Аповесьць мінулых гадоў», «Беларускія прымаўкі», «Выцінанка-выразанка».

«Апошняе, што я рабіў па-беларуску, была застаўка для сэрыялу пра гербы „Аповесьць мінулых гадоў“. Традыцыйна ў гэтых мультфільмах усё па-беларуску. Гэта такі патрыятычны праект. Добра, што ён робіцца, і дай бог, каб у кіраўніцтва „Беларусьфільма“ захавалася жаданьне, каб ён працягваўся», — гэтак адказаў майстар анімацыі на пытаньне пра навінкі мультфільмаў на беларускай мове.

«Цяпер я працую са студэнтамі нашай Акадэміі мастацтваў. З сваімі вучнямі я спрабаваў зрабіць курсавыя працы на тэму беларускіх прымавак, — дадае Міхаіл Тумеля. — Гэта мая тэма. Прымавак у нас шмат. Калі я пачынаў гэты праект, найперш намагаўся, каб падбіраць прымаўкі арыгінальна, каб у мультфільме пра іх адчуваўся смак мовы».

Міхаіл Тумеля з сваёй вучаніцай Яўгеніяй Жырковай тлумачаць дзятве, як робяцца мультфільмы

Міхаіл Тумеля з сваёй вучаніцай Яўгеніяй Жырковай тлумачаць дзятве, як робяцца мультфільмы

Паводле рэжысэра-аніматара, мультфільмы па-беларуску могуць быць запатрабаванымі толькі ў Беларусі. У суразмоўцы ёсьць досьвед працы са стужкамі на расейскай мове:

«Калі я пачаў рабіць мультфільмы на беларускай мове, маіх міжнародных узнагародаў стала ня так шмат, як хацелася б. Чым бліжэй мы да каранёў, тым больш гаварыць можам з тымі, хто кранае гэтыя карані, — заўважае Міхаіл Тумеля. — Анімацыйная мова міжнародная, калі на ёй ніхто ў стужцы не гаворыць. Пантаміму зразумеюць нават і ў беларускім мультфільме. Калі зьяўляецца мова, то трэба, каб ёю валодалі і яе разумелі».

Сустрэліся з гледачамі ў праграме «Чароўны куфэрак» і героі беларускамоўнай «Калыханкі». Сёлета яна адзначыць 35-годзьдзе.

Уладзімер Варанкоў у камандзе «Калыханкі» ў Магілёве. У сярэдзіне — фэя сноў Алена Бікрэнева

Уладзімер Варанкоў у камандзе «Калыханкі» ў Магілёве. У сярэдзіне — фэя сноў Алена Бікрэнева

«Праграма трымаецца толькі дзякуючы дзецям. Іх лістам, малюнкам. Не адно пакаленьне вырасла з „Калыханкай“, таму яна — з катэгорыі несьмяротных праграмаў», — адзначае Ўладзімер Варанкоў. У «Калыханцы» ён мядзьведзік Топа.

Тое, што «Калыханка» выходзіць на беларускай мове, не перашкаджае ейнай папулярнасьці, цьвердзіць Уладзімер Варанкоў.

«Гэта, відаць, адна з прычынаў таго, што яна такая даўгавечная, бо практычна дзіцячых праграм на беларускай мове амаль няма. Цяпер жа раніцай мы будзім дзяцей «Дабраранкам», а ўвечары кладзем спаць «Калыханкай».

«Цяпер мы ў «Калыханцы» стараемся паказваць беларускія мульцікі, — адказвае суразмоўца на пытаньне, ці існуе беларускамоўная анімацыя. — Мультфільмы — таксама тавар, які трэба прадаваць, і таму больш робяць мультфільмаў на расейскай мове. Але і на беларускай мове ўжо ёсьць. Выйшаў «Несьцерка», і ён дзецям падабаецца. Яго разумеюць, і пытаньняў да беларускай мовы няма.

Застаўка мультсэрыялу «Беларускія прымаўкі», а таксама «Калыханка» ў Магілёве

Застаўка мультсэрыялу «Беларускія прымаўкі», а таксама «Калыханка» ў Магілёве

У аргкамітэце «Анімаёўкі» не змаглі дакладна назваць колькасьць стужак беларускай вытворчасьці, якія пакажуць на фэстывалі. Адзначылі, што ў сёлетняй праграме іх шмат. Ёсьць і беларускамоўныя.

«У нас дзьве праграмы. Адна называецца «Чароўны куфэрак», у яе ўваходзяць ад 12 да 15 мультфільмаў. Будзе праграма Валянціны Кудзяковай «Казкі-няказкі пра любоў». У калекцыю гэтай праграмы ўваходзяць блізу 12 мультфільмаў. У Тацяны Кубліцкай будзе свая праграма — «Сустрэча зь беларускай казкай», паведамілі ў аргкамітэце.

Мінакоў на магілёўскіх вуліцаў пытаньне пра беларускамоўныя мульцікі бянтэжыла. Многія прызнаваліся, што такіх не глядзелі. Некаторыя бацькі адзначалі, што іхныя дзеці наўрад ці зразумеюць беларускую мову.

«Мы глядзім беларускія мультфільмы дужа рэдка. У асноўным толькі „Калыханку“, — адзначае маці дваіх дзяцей. — Часта дачка просіць перакласьці некаторыя словы. Не разумее іх. Хоць у другую клясу ходзіць, ужо і мелася б».

Асноўнае месца правядзеньня «Анімаёўкі» — кінатэатар «Радзіма» і пляцоўка перад ім

Асноўнае месца правядзеньня «Анімаёўкі» — кінатэатар «Радзіма» і пляцоўка перад ім

Наступная суразмоўніца кажа, што беларускамоўныя мульцікі, відаць, ёсьць, аднак ейныя дзеці ніводнай такой стужкі не глядзелі. «На жаль, даступныя цяпер такія каналы, якія не паказваюць беларускамоўных мульцікаў, а я б хацела, каб яны іх глядзелі, — кажа жанчына. — Мульцікі, якія цяпер глядзяць дзеці, мне падаецца, далёкія ад дзяцінства».

Яшчэ адна суразмоўніца прыгадала, што беларускамоўны мульцік ейнае дзіця глядзела. Назву ж не запомніла. «Пра мядзьведзя нейкага. „Калыханку“ глядзім». На думку жанчыны, беларускамоўных мульцікаў паказваюць няшмат, бо «беларуская мова не распаўсюджаная».

Наступная суразмоўніца назвала сябе гадаванкай дыснэеўскіх мультфільмаў. Прыгадала, што неяк глядзела беларускамоўную стужку. Назвы ня памятае, але ёй не спадабалася. «У дзяцінстве я беларускіх мульцікаў не глядзела, бо яны не папулярныя. Не крэатыўныя, не раскручаныя».

Сьцягі краін — удзельніц «Анімаёўкі»

Сьцягі краін — удзельніц «Анімаёўкі»

Як і ў папярэднія гады, абвесткі пра фэстываль — на расейскай мове. Адна з расьцяжак на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» — англамоўная. Беларускай мовы няма зусім.

Сёлета на «Анімаёўцы» пакажуць больш за дзьвесьце анімацыйных стужак з 43 краін. У конкурснай праграме больш за 70 мультфільмаў. Заснавальнікі фэстывалю — Міністэрства культуры і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Акрамя абласнога цэнтру, мультфільмы з «Анімаёўкі» пакажуць і ў райцэнтрах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG