Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША адклалі выкананьне сямі сьмяротных пакараньняў з-за пратэстаў мэдычнай кампаніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падчас падпісаньня дамовы з уладамі Арканзасу ў фармацэўтычнай кампаніі McKesson меркавалі, што інʼекцыі будуць выкарыстоўвацца толькі ў мэдычных мэтах.

Суды ў амэрыканскім штаце Арканзас ў пятніцу адклалі выкананьне сямі сьмяротных пакараньняў з-за пратэстаў з боку кампаніі McKesson – вытворцы аднаго з атрутных рэчываў, з дапамогай якога плянавалася пазбавіць жыцьця прысуджаных да сьмерці. Аб гэтым паведамляецца ў пастановах, якія паступілі ў судовы архіў.

Усе сем пакараньняў сьмерцю мужчын, асуджаных за забойствы, былі заплянаваны на красавік. Прысуджаным да сьмерці павінны былі зрабіць інʼекцыю абязбольвальнага і яшчэ двух рэчываў. Першае – для спыненьня сэрца, другое – для спыненьня працы лёгкіх. Адзін з гэтых прэпаратаў улады штата закупілі ў фармацэўтычнай кампаніі McKesson, пры гэтым яны, як сьцьвярджаюць у фірме, не растлумачылі, як плянуюць ужываць гэты сродак.

Прадстаўнікі McKesson меркавалі, што рэчыва будзе выкарыстоўвацца толькі ў мэдычных мэтах. Кампанія запатрабавала ад уладаў Арканзасу адмяніць зьдзелку і вярнуць прэпарат, аднак гэтага пакуль не адбылося. Вышэйшы і акруговыя суды штата пастанавілі адкласьці пакараньні сьмерцю сямі зьняволеным да завяршэньня разбору.

У апошнія гады ўлады некаторых іншых амэрыканскіх штатаў таксама сутыкнуліся з ростам дэфіцыту атрутных рэчываў, якія ўжываюцца для «сьмяротнага ўколу». Гэта было выклікана, у прыватнасьці, тым, што эўрапейскія вытворцы такіх рэчываў спынілі іх пастаўкі ў ЗША, паколькі выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня.

Амэрыканская асацыяцыя фармаколягаў раней рэкамэндавала сваім членам не прадстаўляць уладам краіны рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для сьмяротнай інʼекцыі.

Праблему недахопу рэчываў для «сьмяротнага ўколу» вырашаюць у розных штатах па-свойму. Так, у штаце Юта ў 2015 годзе быў прыняты закон, які дазваляе расстрэльваць прысуджаных да пакараньня сьмерцю злачынцаў у выпадку недахопу неабходных для інʼекцыі рэчываў.

Сьмяротнае пакараньне дазволена ў 31 амэрыканскім штаце. Па стане на кастрычнік 2016 года, сьмяротных прысудаў чакалі ў ЗША 2902 чалавекі. У пэрыяд з 1976 года, калі сьмяротнае пакараньне ў краіне зноў пачало ажыцьцяўляцца, па красавік 2017 года ў ЗША былі пакараныя сьмерцю 1448 чалавек. Найбольш часта асуджаным робяцца сьмяротныя інʼекцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG