Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне настолькі надакучыла гэтая ўлада, што ня хочацца і жыць”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Аляксандар Лукашэнка наведаў факультэт журналістыкі БДУ, дзе выступіў з лекцыяй на тэму “Беларусь у сучасным сьвеце”. Камэнтар слухача:

Сталы слухач: “Учора па тэлебачаньні паказалі выступ Лукашэнкі перад студэнтамі. Добра было б, каб гэтую перадачу пабачыў увесь сьвет. Гэты трагіфарс, гэтую камэдыю. Асабліва сьмешна было, калі задавалі пытаньні наконт адпачынку, заняткаў спортам. А ён казаў: “Цяпер перад намі стаяць дзьве вялікія мэты. Першая — гэта заваяваць космас”. Тут і без заваёваў проста жыць немагчыма. Людзі з бульбы на хлеб перабіваюцца. Надрукаваныя дадзеныя, колькі беларусы ядуць хлеба: больш, чым у Расеі і ва Ўкраіне. Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што іншых прадуктаў не ўжываюць”.
Студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку, адлічанага з Гомельскага ўнівэрсытэту за грамадзка-палітычную дзейнасьць, працягваюць утрымліваць у войску, не зважаючы на рашэньне суду аб прыпыненьні службы. Выказваньне слухача:
Уладзімер: “Я слухаю, што ўвесь час гавораць пра Зьмітра Жалезьнічэнку, студэнта. Канечне, я таксама за тое, каб у войска ішоў кожны мужчына, калі ён здаровы. Але калі чалавек малады вучыўся, а яго выгналі адтуль і скалечылі жыцьцё маладое… Гэта ж наша моладзь, наша будучая Беларусь”.

Баранавіцкія прадпрымальнікі правялі мітынг супраць палітыкі ўладаў адносна дробнага бізнэсу. Агульнабеларускі страйк прызначаны на 18 лютага. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Пётар Сьцяпанавіч: “Я ня буду ўсіх прадпрымальнікаў стрыгчы пад адзін грэбень. Скажу пра аднаго прадпрымальніка, якога добра ведаю. Былі ў яго два шапікі і дзьве найманыя работніцы. Пасьля выхаду ўказа прэзыдэнта № 760 усё гэта прапала, а сам прадпрымальнік перанёс інфаркт. Я ўспамінаю люты-сакавік 2006 году. Гэта ён бегаў па кватэрах і агітаваў галасаваць за Лукашэнку. Я яму казаў, што ёсьць і іншыя кандыдаты на прэзыдэнта. Ён мне адказваў: “Ты — БНФ, у жыцьці нічога не разумееш. Хіба ня бачыш, якое ў нас добрае жыцьцё пры Лукашэнку?!” Цяпер жонка яго выводзіць у двор падыхаць сьвежым паветрам. Ён сядзіць на лаўцы і з усіх сіл кляне цяперашнюю ўладу. Праходзячы паўзь яго, я кажу: “Міша, за што змагаўся, тое і атрымаў”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар, Койданава: “Мне настолькі надакучыла гэтая ўлада, што ня хочацца і жыць. Скажыце, калі ласка, што вы можаце зрабіць, каб улада ў нас, у Беларусі, была легітымная, каб не кіравалі гэтыя нягоднікі? Што вы можаце зрабіць? Дапамажыце нам”.

Адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч:

“Мы робім усё магчымае і найперш — актывізуем грамадзянаў. Бо якая б сыстэма ні была, усё роўна ўсё залежыць ад людзей. І толькі самі людзі, грамадзяне могуць зьмяніць сваю ўладу. Мы робім усё магчымае, каб грамадзяне былі актыўнымі”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на тэму выбараў і расейскага крэдыту для Беларусі:

Андрэй, Пінск: “Добры дзень. Хачу дадаць да свайго ранейшага меркаваньня пра так званыя выбары. Справа ў тым, што выбары, як я раней казаў, гэта цалкам фальшывая і бескарысная кампанія, якая будзе нам каштаваць дзясяткі мільёнаў рублёў. І другое. Хто ж будзе абраны? Тыя, што і цяпер. Яны баяцца выказаць сваю думку, яны нават не змаглі адстаяць правы вэтэранаў вайны, якія выратавалі сьвет ад карычневай чумы. Так што нам наўрад ці патрэбныя такія дэпутаты. Карысьці ад іх няшмат. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Хачу адказаць таварышу Мядзьведзеву, які сказаў, што за ягоны газ трэба плаціць. Згодны, трэба. Але за імпарт беларускай інтэлектуальнай маёмасьці, а дакладней — беларускіх выбараў у Расею, таксама трэба заплаціць. Прыкладна каля 10 мільярдаў даляраў. Дзякуй”.

Ларыса, Менск: “Набралі крэдытаў і яшчэ возьмем. Багданкевіч нават казаў, што добрыя, выгадныя. Якія б грошы ні браў, іх трэба вяртаць. Таму ўрад павінен адказаць, куды яны пойдуць, на разьвіцьцё чаго будуць накіраваныя. Калі яны будуць укладзеныя ў пад’ём фэрмэрскіх гаспадарак, то добра, але калі ў калгасы, дык гэта як вада ў пясок. Калі яшчэ ня ўсе катэджы пабудаваныя, кепска. Калі ў жыльлёвае будаўніцтва, добра. Але мы ў любым разе павінны ведаць, бо нам, нашым дзецям і ўнукам прыйдзецца аддаваць гэтыя крэдыты. Мы ўжо адчуваем, як падвысіліся кошты на ўсё — дзе толькі магчыма падвысіць”.
XS
SM
MD
LG