Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі былы дэпутат Андрэй Клімаў даслаў свайму сябру Генадзю Кап’ёву ліст, у якім адгукнуўся на шэраг апошніх падзей ў Беларусі.


Андрэй Клімаў вітае выхад на волю ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які пацярпеў з-за сваёй барацьбы з карупцыя сярод мясцовых чыноўнікаў.

Паводле Генадзя Кап’ёва, палітвязень вельмі рады за Зьмітра Дашкевіча, які таксама выйшаў з калёніі. “Зьміцер сваю волю шмат разоў заслужыў”, – напісаў Клімаў. З прычыны асуджэньня намесьніка рэдактара “Згоды” Аляксандра Зьдзьвіжкова на 3 гады калёніі за перадрук карыкатур на прарока Мухамэда Андрэй Клімаў моцна абурыўся. “Ён назваў гэты прысуд зьняважлівай дробнай помстай”, – кажа спадар Кап’ёў і цытуе ліст Клімава:

“Ці эўфарыя прайшла пасьля пераднавагодняга расейскага “залатога дажджу” ў выглядзе 1,5 мільярдаў даляраў крэдыту, ці спрабуюць гуляць з Захадам. Але навошта сябе гэтак дыскрэдытаваць працэсам над журналістам, які перадрукаваў гэтыя карыкатуры?”

Паводле Генадзя Кап’ёва, да былога дэпутата дайшлі зьвесткі і пра мітынгі прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў Менску і ў іншых гарадох краіны. Аказваецца, найбольш апазыцыянэру спадабаўся лёзунг “Далоў цара!”, ужыты на адным зь мітынгаў.

Пра здароўе і бытавыя клопаты Андрэй Клімаў не напісаў нічога, але агульны тон ліста ягоны сябар вызначыў “як больш аптымістычны”. “Піша, што захапіўся філязофіяй, чытае Шапэнгаўэра”, – кажа Генадзь Кап’ёў.

Нагадаю, Андрэя Клімава суд пакараў трэці раз – цяпер 2 гадамі калёніі строгага рэжыму. Асудзілі палітыка за артыкул у інтэрнэце. Клімаў адбывае пакараньне ў Мазырскай калёніі, якая лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі.

“Казулін за ўрад народнага даверу”

Сваякі Аляксандра Казуліна на будучым тыдні зьбіраюцца да яго ў Віцебскую калёнію на кароткатэрміновае спатканьне. Папярэдне спатканьне прызначана на 13-га лютага. Як заўсёды, у сваякоў шмат пытаньняў пра здароўе палітыка, які, паводле зьвестак, па-сапраўднаму гэтак і не ачуняў пасьля працяглай галадоўкі ў 2006 годзе.

Дарэчы, крыху болей як праз месяц споўніцца два гады, як Аляксандр Казулін знаходзіцца ў вязьніцы. Людзі адзначаюць баявы настрой, палітычную ўпартасьць былога прафэсара. Днямі прэсавая служба Аляксандра Казуліна распаўсюдзіла ягоны заклік стварыць урад народнага даверу. Чаму гэтая ідэя прапанаваная, я запытаў у былога адваката Казуліна спадара Ігара Рынкевіча:

“Трэба прадэманстраваць, што ёсьць людзі, якія захоўваць дэмакратычныя ідэалы, стаяць на пазыцыях Канстытуцыі 1994 году, гатовыя кіраваць беларускай дзяржавай цывілізавана, будаваць рынкавую эканоміку і сацыяльную прававую дзяржаву”.

Нагадаю, кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня. Паводле суду, ён вінаваты ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнаў.

Як трымаецца ў сьледчым ізалятары былы журналіст “Згоды” Аляксандр Зьдзьвіжкоў? За мінулы тыдзень адвакат яго не наведваў, таму зьвестак няма. Дзень разгляду касацыйнай скаргі Зьдзьвіжкова яшчэ не прызначаны, паведамілі ў Менскім гарадзкім судзе.
XS
SM
MD
LG