Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Мюсо спадзяецца на вызваленьне ўсіх палітвязьняў


Амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо спадзяецца, што 2008 год стане пераломным у дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу.


Пра гэта яна заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай мясцоваму старшынёўству францускай амбасады сярод прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу ў Беларусі ў 2008 годзе.

Да амбасадаркі Францыі я зьвярнуўся з пытаньнем пра супольную палітыку Эўразьвязу датычна Беларусі. Падставай для гэтага стала публічная заява Аляксандра Лукашэнкі, які ў мінулы чацьвер, прымаючы амбасадара Нямеччыны спадара Вайса, даваў розныя ацэнкі кіраўнікам дыпляматычных місіяў з краінаў Эўразьвязу. Адказваючы на пытаньне “Свабоды”, амбасадарка Францыі заявіла:

“Думаю, што няма ніякага сумневу наконт таго, што існуе супольная эўрапейская палітыка. І яна заключаецца ў тым, каб дамагчыся такой сытуацыі, калі дэмакратычныя сілы Беларусі змогуць свабодна выказваць свае думкі.

Мы вітаем вызваленьне трох вязьняў. І спадзяемся, што за імі будуць і іншыя вызваленьні. Мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. З прычынаў, якія я не хацела б тут тлумачыць, амбасадар Нямеччыны адыграў у вызваленьні асаблівую ролю. І я думаю, што такім чынам ён зрабіў свой унёсак у вырашэньне згаданых мной пытаньняў. Бо ўсе мы, ня робячы розьніцы паміж краінамі, імкнемся да аднаго і таго ж. І таму я вельмі спадзяюся, што ўсе мы агульнымі намаганьнямі разам зь Беларусьсю будзем рухацца да агульнай мэты – ажыцьцяўленьня эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва”.

Амбасадарка таксама казала пра тое, што яна і яе калегі бачаць -- прэзыдэнт Лукашэнка хоча разьвіцьця беларускай дзяржавы і больш шчыльных дачыненьняў з Эўразьвязам:

“І мы лічым, што гэтыя намаганьні ў справе спрыяньня незалежнасьці і мадэрнізацыі кіраваньня вельмі абнадзейваюць. І мы вельмі спадзяемся, што 2008 год стане годам, які ўселіць надзею на разьвіцьцё дэмакратычнай Беларусі”.

Ці падзяляюць такі аптымізм у Беларусі? Палітоляг Сьвятлана Калінкіна кажа, што вельмі зайздросьціць аптымістам і людзям, якія бачаць сьвет у ружовых колерах:

“Але, на жаль, таго аптымізму, што беларуская ўлада мяняецца, я не падзяляю. Напэўна, у дыпляматаў гэта такое прафэсійнае захворваньне. Я памятаю, калі ад'яжджаў зь Менску папярэдні амбасадар Нямеччыны, ён вельмі аптымістычна казаў, што яшчэ да яго ад'езду выйдзе з турмы палітзьняволены Аляксандар Казулін. Але ж гэтага не адбылося. І ўжо даволі доўга працуе новы амбасадар Нямеччыны, а палітзьняволеныя як былі, так і ёсьць”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа, што быў вельмі моцна ўражаны выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з амбасадарам Вайсам:

“Наколькі я ведаю, чыноўнікі ў Брусэлі таксама былі ў шоку ад гэтай сустрэчы, бо яна не была ніякім чынам узгоднена. Тут ёсьць адно тлумачэньне – эўрапейскія чыноўнікі чакаюць канчатковага падпісаньня пагадненьня паміж урадам Беларусі і Эўразьвязам аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску. Таму яны настроеныя на такі аптымістычны лад, каб не перашкодзіць падпісаньню гэтага пагадненьня”.

Я таксама спытаў амбасадарку Францыі, калі можна чакаць навінаў наконт падпісаньня пагадненьня пра менскі офіс Эўракамісіі. Яна адказала, што, магчыма, празь некалькі тыдняў.
XS
SM
MD
LG