Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз колькі гадоў інваліды Чарнобылю будуць толькі ў выканкамах»


Сёньня ў Гомелі прадстаўнікі рэгіянальнай арганізацыі руху «За свабоду», аб’яднаньня «Цэнтар падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў» ды іншых грамадзкіх арганізацый зладзілі канфэрэнцыю, прысьвечаную 25-годзьдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На яе прыехалі таксама чарнобыльскія ліквідатары з Нароўлі, Калінкавічаў, Рэчыцы.

Першапачаткова канфэрэнцыя плянавалася ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека. Аднак за чатыры дні да канфэрэнцыі адміністрацыя цэнтра адмовілася прымаць ліквідатараў і грамадзкіх актывістаў, спаслаўшыся на камандзіроўкі спэцыялістаў у раёны ў зьвязку з «чарнобыльскімі мерапрыемствамі».

Вітаючы ўдзельнікаў канфэрэнцыі, якую перанесьлі у канфэрэнц-залю гатэлю «Турыст», ліквідатар Васіль Сіліверст з Калінкавічаў сказаў:

«У Гомельскай вобласьці цяпер жыве каля 25 тысячаў ліквідатараў, зь іх каля 3 тысячаў — інваліды. Па першым часе Вярхоўны Савет Беларусі прыняў добры закон пра сацыяльную абарону грамадзянаў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але празь дзесяцігодзьдзі мы бачым, што ад закону па сутнасьці нічога не засталося. Чарнобыльскія ліквідатары й насельніцтва Беларусі засталіся сацыяльна неабароненымі».

Выступае Васіль Сіліверст

Iван Віткоўскі
Інвалід Чарнобылю Іван Віткоўскі з Нароўлі апавёў, што цяпер ліквідатарам складана нават падлячыцца, а ня тое што атрымаць групу інваліднасьці:

«Я баюся, што праз колькі гадоў рэальна інваліды Чарнобылю будуць толькі ў выканкамах. Нам усім — пайшоў адсюль, а застануцца толькі тыя, хто мае ўладу й сувязі. Цяпер тэндэнцыя такая: 2-ю групу даюць, калі ты ляжачы і не ўстаеш, 1-ю — пасьмяротна. Чалавек памірае, а яму прыходзіць група. Трэцюю наагул не прысвойваюць: „Ты ж яшчэ ходзіш!“ Група цяпер не па захворваньні, а паводле бюджэту дзяржавы».

Удзельнікам канфэрэнцыі быў прэзэнтаваны фільм сябра БАЖ Ларысы Шчыраковай «Ліквідацыя ліквідатараў», зьняты пры падтрымцы руху «За свабоду». У ім героямі сталі ліквідатары, памерлыя і жывыя — зь іх праблемамі, пакутамі, на якія дзяржава зьвяртае ўсё менш увагі.

Прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму.

Валянціна Смольнікава
Шакуючую статыстыку назапашваньня школьнікамі вёскі Патапаўка радыенуклідаў прывяла ўрач з Буда-Кашалёва, кіраўнік грамадзкай суполкі «Дапаможам дзецям Чарнобылю» Валянціна Смольнікава.

Яна катэгарычна супраць будаўніцтва ў Беларусі сваёй атамнай электрастанцыі:

«Я лічу, што атамная станцыя нам не патрэбная ні ў якім выглядзе. Насельніцтва будзе зьмяншацца, нам электраэнэргіі столькі не патрэбна будзе. Нам трэба эканоміць і ўкараняць альтэрнатыўныя крыніцы вытворчасьці электраэнэргіі. Вось што трэба рабіць!»

Чарнобыльскі ліквідатар з Рэчыцы Міхась Галко лічыць, што трэба займацца найперш умацаваньнем здароўя людзей, што пацярпелі ад Чарнобылю, а пасьля ўжо дбаць пра ядзерную энэргэтыку:

«Ну, што яна дала, калі мы ніяк не акрыяем ад гэтай атамнай станцыі? Жыць няма за што, лекі купіць. Лепей бы пэнсію падвысіў, а ня атамную станцыю будаваць. Трэба здароўе ў першую чаргу, а пасьля энэргія».

Такой жа думкі прытрымліваецца й чарнобыльскі перасяленец Адам Варанец з Добрускага раёну:

«Лічу, што станцыю будаваць ня трэба. Яна, па-першае, каштуе вельмі дорага. Ня ўлічваецца, куды падзенуць шкодныя ядзерныя адкіды. Захаваньне іх каштуе вельмі дорага. Гэтыя сродкі, што плянуюць на пабудову атамнай станцыі, нам патрэбна выдаткаваць на энэргазьберажэньне, каб наша прадукцыя была не такая энэргаёмістая. Калі мы даможамся такога выкарыстаньня энэргіі, як на Захадзе, то станцыя нам будзе не патрэбная, энэргіі будзе й так дастаткова для нашай краіны».

Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой патрабуюць «забясьпечыць належныя сацыяльныя гарантыі ліквідатарам і насельніцтву, што пацярпела ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», а таксама «спыніць авантурны праект будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Беларусі, якая парушае Охрускую канвэнцыю і не адпавядае рэальнай бясьпекцы беларускіх грамадзянаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG